Эвілін Леапольд
Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, 22 лістапада 2006 г.
У сераду галоўная група экспертаў ААН абвінаваціла Беларусь і М’янму (былую Бірму) у парушэнні правоў чалавека. Гэта адбылося на фоне дэбатаў пра тое, ці магчыма наогул папракаць у парушэнні правоў чалавека адну асобную краіну.
Прапанаваная Злучанымі Штатамі рэзалюцыя па Беларусі была прынятая ў Камітэце Генеральнай Асамблеі ААН па правах чалавека 70 галасамі супраць 31, пры гэтым 67 краін устрымалася. Прыняцце рэзалюцыі Камітэтам прыраўноўваецца да яе афіцыйнага прыняцця ў самой Асамблеі.
Рэзалюцыя асудзіла беларускія ўлады за фальсіфікацыю выбараў у сакавіку 2006 года, падаўленне іншадумства, арышты грамадскіх актывістаў і стварэнне перашкод у дзейнасці апазіцыйных кандыдатаў.
У адказ на гэтыя дзеянні Беларусь беспаспяхова паспрабавала правесці праз Камітэт рэзалюцыю па Злучаных Штатах, што выражала “абурэнне” з нагоды парушэнняў працэдуры галасавання, арыштаў на базе Гуантанама (Куба) і асуджала амерыканскія праваабарончыя групы за факт заканадаўча замацаванага скасавання асноўных свабод дзеля барацьбы з тэрарызмам .
Беларускую ініцыятыву падтрымалі 6 краін супраць 114, яшчэ 45 удзельнікаў галасавання ўстрымаліся. “За” галасавалі Куба, Іран, М’янма, Паўночная Карэя і сама Беларусь.
Некаторыя краіны, як напрыклад Алжыр і Егіпет, галасавалі “супраць” з тае прычыны, што не прымаюць якіхсьці рэзалюцый па асобнай краіне, за выключэннем Ізраіля, што з’яўляецца, на іх думку, краінай-акупантам. На мінулым тыдні Беларусь сумесна з Узбекістанам здолела правесці рашэнне, якое перашкаджае праваабарончым структурам ААН прымаць рэзалюцыі, якія асуджаюць парушэнні правоў чалавека ў адной асобнай краіне.
Пастаянны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь у ААН Андрэй Дапкюнас адзначыў, што рэзалюцыя была прапанавана прынцыпова, каб падкрэсліць наяўнасць двайных стандартаў. Ён адзначыў, што магутныя дзяржавы спрабавалі падвергнуць абстракізму асобныя краіны, асабліва актыўна ў гэтым накірунку працавалі ЗША, якія “самі нясуць адказнасць за шматлікія парушэнні правоў чалавека на ваеннай базе Гуантанама і ў іракскай вязніцы Абу-Грейб.
“Пастаяннае пагаршэнне”
Дыпламатычны прадстаўнік ЗША Тэрэл Мілер зазначыў, што рэзалюцыя па Беларусі была неабходна праз “пастаяннае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне”, фальсіфікацыяй выбараў і ўжываннем сілы супраць апазіцыйных кандыдатаў.
Спадар Мілер выказаўся ў абарону Злучаных Штатаў, звярнуўшы ўвагу на тое, што асобныя факты, узгаданыя ў рэзалюцыі, былі ўжо вядомыя дэлегатам дзякуючы ўважліваму расследаванню і шырокаму агучванню ў амерыканскай прэсе.
“Менавіта свабода друку і незалежнасць юрыдычнай сістэмы і адрозніваюць ЗША ад аўтара рэзалюцыі”, – адзначыў Міллер.
У аўторак Камітэт прыняў рэзалюцыю па парушэнні правоў чалавека ў Іране, раней аналагічны дакумент быў прыняты па Паўночнай Карэі. У панядзелак Узбекістану аднак удалося перашкодзіць прыняццю рэзалюцыі, якая была павінна асудзіць палітычныя арышты ў краіне і змяшэнне палітычных апанентаў у псіхіятрычныя клінікі.
У сераду Камітэт таксама раскрытыкаваў М’янму, былую Бірму, рэзалюцыяй, ухваленай 70 галасамі супраць 28 з 63 устрымаўшыміся. У дакуменце сцвярджаецца, што ўлады М’янмы адмаўляюцца весці расследаванні фактаў шматлікіх парушэнняў правоў чалавека, такіх як масавыя пакаранні смерцю, катаванні, прымусовая праца, сэксуальны гвалт і рэкрутаванне дзяцеў у жаўнеры.
Рэзалюцыя звяртае асабліва пільную ўвагу на дзеянні вайскоўцаў у вёсках штата Кайін і іншых этнічных правінцыях, пераследаванні і арышты студэнцкіх лідэраў і працяглы хатні арышт Аунг Сан Су Джы і яе намесніка Цін О – лідэраў апазіцыйнай Нацыянальнай дэмакратычнай лігі.
Праваабарончыя арганізацыі ААН неаднаразова крытыкавалі ваеннае кіраўніцтва М’янмы за непрызнанне відавочнай перамогі Сан Су Джы на выбарах 1990 года.
Злучаныя Штаты Амерыкі звярнуліся да Рады Бяспекі з просьбай прыняць рэзалюцыю для аказання ціску на ўлады М’янмы, каб тыя кінулі змяшчаць у турмы палітычных апанентаў і напаўняць рэгіён усё новымі ўцекачамі.