Заява старшыні дэлегацыі па адносінах з Беларуссю ў Еўрапарламенце з нагоды выбараў

Мінск, 29 верасня 2009 З вялікім шкадаваннем адзначаю, што парламенцкія выбары, якія адбыліся ўчора ў Беларусі, не адпавядалі агульнапрынятым міжнародным стандартам, што пацвердзілі назіральнікі АБСЕ. 

Нягледзячы на некаторыя пазітыўныя моманты і невялікія паляпшэнні ў параўнанні з папярэднімі выбарамі, беларускія ўлады, на вялікі жаль, не стрымалі сваіх абяцанняў і не забяспечылі празрыстасці працэсу. Той факт, што назіральнікі АБСЕ не атрымалі магчымасці сачыць за падлікам галасоў у 35 адсотках выпадкаў з’яўляецца паказчыкам вялікага недахопу ў правядзенні выбараў.

Учарашняе галасаванне ў Беларусі было яшчэ больш скампраментавана тым, што ніводны прадстаўнік дэмакратычнай апазіцыі не быў абраны ў парламент. Такое проста немагчыма ні ў воднай дэмакратычнай краіне свету.

Больш за тое, абмежаванні, уведзеныя ўладамі супраць дэмакратычных кандыдатаў на доступ да сродкаў масавай інфармацыі, сустрэчы з выбаршчыкамі і распаўсюд матэрыялаў па перадвыбарчай кампаніі, падарвалі іх шансы быць абранымі і пазбавілі Беларусь сапраўднай жывой палітычнай кампаніі.

Перад выбарамі Еўрасаюз зрабіў Беларусі вельмі важную прапанову, выразіўшы гатоўнасць распачаць перагляд санкцый, што дзейнічаюць супраць некаторых высокіх прадстаўнікоў беларускага чынавенства, і зрабіць шэраг канкрэтных пазітыўных крокаў, што прывялі б да паступовага ўзнаўлення адносін з Беларуссю, у тым выпадку, калі выбары будуць адпавядаць дэмакратычным стандартам. Цяпер перад Еўрасаюзам стаіць пытанне: у якой ступені магчыма рэалізацыя гэтай прапановы?

ЕС, як утварэнне, заснаванае на каштоўнасцях, павінен перш за ўсё клапаціцца пра дэмакратычныя каштоўнасці, правы чалавека і вяршэнства закону, і таму мусіць узмацніць  падтрымку грамадзянскай супольнасці, незалежных сродкаў масавай інфармацыі і моладзі Беларусі. ЕС павінен працягнуць сваю руку беларускім грамадзянам і знайсці рашэнне праблемы падарожжаў у ЕС, і праз больш эфектыўную камунікацыю паказаць перавагі жыцця ў дэмакратычным грамадстве і паўнавартаснага партнёрства з ЕС.

Прэсавы рэліз Еўрапарламента