Сітуацыю ў Беларусі абмяркуе сесія Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы

http://spring96.org/files/images/thumbs/pase.jpgБеларускае пытанне ўваходзіць у парадак дня зімовай сесіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ), якая акрываецца сёння ў Страсбургу.

Чакаецца, што перад дэпутатамі ПАСЕ выступяць прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран, прэзідэнт Фінляндыі Тар’і Халанен, намеснік генсакратара ААН Мішэль Бачалет, генеральны дырэктар ЮНЕСКА Ірына Бокава, брытанскі міністр па справах Еўропы Дэвід Лідынгтан, міністр замежных спраў Грузіі Грыгол Вашадзэ. На сесіі адбудзецца абранне новага прэзідэнта ПАРЕ і камісара Рады Еўропы па правах чалавека.

Перад парламентарыямі Рады Еўропы выступіць са справаздачай дакладчыка ПАРЕ па сітуацыі ў Беларусі Андрэс Херкель. Будзе таксама заслуханы даклад прадстаўніка камітэта ПАРЕ па юрыдычных пытаннях і правах чалавека, нямецкага дэпутата Марылуізе Бек.

Як раней паведамлялася даклад Херкеля і праект рэзалюцыі, якія будуць вынесены на галасаванне, абмяркоўваліся 15 снежня на пасяджэнні палітычнага камітэта ПАРЕ.

Камітэт выказаў глыбокую занепакоенасць пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека, а таксама грамадзянскімі і палітычнымі правамі ў Беларусі. Паводле меркавання камітэта, санкцыі Еўрасаюза ў дачыненні да афіцыйнага Мінска павінны захоўвацца і нават узмацняцца датуль, пакуль не будуць вызвалены палітзняволеныя, не спыніцца націск і пераслед палітычнай апазіцыі, незалежных СМІ і праваабаронцаў.

Прапаноўваецца не аднаўляць кантакты ПАРЕ з беларускімі ўладамі на высокім узроўні да ўвядзення ў Беларусі мараторыя на смяротную кару Да гэтага ж моманту павінна заставацца замарожанай і заяўка Беларусі на вяртанне Нацыянальнаму сходу статусу спецыяльнага запрошанага ў ПАРЕ.

Пры гэтым палітычны камітэт ПАРЕ лічыць неабходным узмацніць падтрымку грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і дэмакратычных сіл Беларусі.

Варта адзначыць, што Беларусь — адзіная еўрапейская краіна, якая не ўваходзіць у Раду Еўропы. Статус спецыяльнага запрошанага ў ПАРЕ беларускі парламент страціў 13 студзеня 1997 года ў сувязі з грубымі парушэннямі правоў чалавека ў краіне.

Наша Ніва