“Радзе Еўропы неабходна пачаць сур’ёзна думаць пра тое, што рабіць для папулярызацыі дэмакратычных каштоўнасцей у Беларусі. Я супраць таго, каб спыняць усе кантакты з беларускімі ўладамі, як мы бачылі, гэта ніякім чынам не ўплывае на сітуацыю ў краіне, і толькі ўскладняе доступ да простых грамадзян”, – адзначыў Андрэа Рыгані, заклікаючы пачаць пакрокавы дыялог, заснаваны на палітыцы добрасуседства.
У часе абмену думкамі наконт сітуацыі ў Беларусі адмысловы дакладчык сп. Рыгані дакладна акрэсліў сваю пазіцыю: Парламенцкая Асамблея і Рада Еўропы павінны ўзнавіць палітычны дыялог з Беларуссю – адзінай еўрапейскай краінай, якая знаходзіцца па-за Радай і чый статус назіральніка быў прыпынены ў 1997 г. у сувязі з рэферэндумам, што абмежаваў правы парламенту краіны.
“Беларусь знаходзіцца ў Еўропе і адкрытая для дыялогу. Мы хочам стабільнасці і дэмакратыі ў нашай краіне і жадаем наблізіцца да стандартаў Рады Еўропы, пра што сведчыць намер увесці мараторый на смяротнае пакаранне”, – адзначыла Наталля Андрэйчык, старшыня пастаяннай камісіі Савету Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, якая брала ўдзел у абмеркаванні. Яна таксама сказала, што Беларусь магла б зрабіць пэўны ўнёсак у працу ПАРЕ па барацьбе з карупцыяй, гандлем людзьмі, арганізацыі міжканфесійнага дыялогу і міграцыі.
Аднак старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка паведаміў, што сітуацыя з правамі чалавека і вяршэнствам закону ў краіне значна пагоршылася з пачатку года, што ўлады працягваюць ствараць перашкоды для дзейнасці апазіцыі, грамадскіх арганізацый і незалежных сродкаў масавай інфармацыі, а таксама змяшчаюць людзей за краты па палітычных матывах.