Вена, 22 сакавіка 2006 г.
Прэзідэнт Парламенцкай Асамблеі АБСЕ Элсі Хастінгс на адмысловай сустрэчы Пастаяннай Рады АБСЕ зрабіў заяву ў прысутнасці 55 краін-удзельніц пра тое, што Парламенцкая Асамблея жадае “працягваць дыялог з беларускім парламентам, а таксама іншымі прадстаўнікамі ўлады ў краіне”.
Распавядаючы пра ролю спецыяльнага каардынатара місіі АБСЕ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка, а таксама папярэднім дакладзе місіі, што выявіў іх неадпаведнасць дэмакратычным стандартам АБСЕ, спадар Хастынгс адзначыў:
“Права галасаваць і права на тое, каб твой голас быў улічаны, права мець свой офіс і весці выбарчую кампанію ў вольнай ад ціску і запалохвання атмасферы з’яўляюцца асноўнымі патрабаваннямі дэмакратыі”.
“Беларускі народ заслугоўвае лепшага”, – зазначыў ён.
“Улічваючы сказанае вышэй, я хачу заклікаць урад Беларусі і ўсіх нас працягваць працаваць на падтрымку і развіццё дэмакратыі ў гэтай краіне. Крытыка, агучаная ўчора, была канструктыўнай”, – дадаў прадстаўнік АБСЕ.
У сваёй прамове Элсі Хастынгс падкрэсліў таксама агульную ролю Асамблеі ў дзейнасці місіі АБСЕ па назіранні.
“У той час, калі палітыкі занятыя барацьбой за вынікі выбараў, парламентарыі займаюцца інспекцыяй перадвыбарных кампаній і самога выбарчага працэсу, тым самым павялічваючы ступень даверу да высноваў маніторынгавых місій АБСЕ”.
Старшыня офіса АБСЕ і міністр замежных спраў Бельгіі Карэл дэ Гухт прызначыў амерыканскага кангрэсмена Элсі Хастынгса таксама і спецыяльным каардынатарам місіі АБСЕ на парламенцкіх выбарах 26 сакавіка ва Украіне.