МІЖНАРОДНАЯ МІСІЯ ПА НАЗІРАННІ ЗА ВЫБАРАМІ
Рэспубліка Беларусь — Прэзідэнцкія выбары, 19 снежня 2010 года
ПАПЯРЭДНІЯ ВЫСНОВЫ І ЗАКЛЮЧЭННІ
Мінск, 20 снежня 2010 года – Дадзеныя папярэднія высновы і заключэнні з’яўляюцца вынікам агульных намаганняў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ (БДІПЧ/АБСЕ) і Парламенцкай асамблеі АБСЕ (ПА АБСЕ).
Ацэнка была зробленая для вызначення таго, ці адпавядалі выбары абавязацельствам краінаў-удзельніцаў АБСЕ, а таксама дзейнаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Папярэднія высновы і заключэнні абвяшчаюцца да заканчэння выбарчага працэсу. Падрабязная выніковая ацэнка будзе знаходзіцца ў частковай залежнасці ад правядзення пазасталых этапаў выбарчага працэсу, у тым ліку занясення ў пратаколы і абвяшчэння вынікаў, а таксама ад працэсу разгляду магчымых скаргаў і апеляцыяў. Усебаковая канчатковая справаздача БДІПЧ/АБСЕ, у якую ўвойдуць рэкамендацыі па ўнясенні магчымых ўдасканаленняў, будзе прапанаваная прыкладна праз восем тыдняў пасля завяршэння выбарчага працэсу. ПА АБСЕ прадставіць сваю справаздачу на сваёй зімовай сустрэчы ў Вене 24-25 лютага 2011 года.
ПАПЯРЭДНІЯ ВЫСНОВЫ
Прэзідэнцкія выбары паказалі, што ў Беларусі наперадзе значны шлях да адпаведнасці сваім абавязацельствам у рамках АБСЕ, нягледзячы на тое, што некаторыя маленькія крокі былі зробленыя. Ноч пасля выбараў была азмрочаная затрыманнямі большасці кандыдатаў, соцень актывістаў, журналістаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.
Нягледзячы на тое, што сам працэс галасавання быў ацэнены на “добра”, працэдуры значна пагоршыліся падчас падліку галасоў, нівелюючы крокі, зробленыя для паляпшэння выбарчага працэсу. Працэдуры падліку галасоў былі ацэненыя як “кепскія” і “вельмі кепскія” амаль на палове ўчасткаў для галасавання, на якіх праводзілася назіранне. Падлік пераважна праводзіўся ў цішыні і непразрыста, што падрывае давер да яго вынікаў. У многіх выпадках назіральнікаў абмяжоўвалі, і ў іх не было сапраўднай магчымасці назіраць за падлікам. У некаторых выпадках лічбы, занесеныя ў пратаколы галасавання на ўчастках для галасавання, мяняліся па прыбыцці ў ТВК.
У выбарах прынялі ўдзел шэраг кандыдатаў. Бясплатны эфір быў прадастаўлены ў непадцэнзурным фармаце, але ён быў абмежаваны па часе і маштабе. Упершыню дэбаты ў жывым эфіры далі кандыдатам магчымасць звярнуцца да выбаршчыкаў наўпрост; дзейны кіраўнік дзяржавы вырашыў не прымаць удзел. Аднак бальшыня кандытатаў, што супрацьстаялі дзейнаму кіраўніку дзяржавы, не верылі ў справядлівасць выбарчых органаў і выбарчага працэсу.
Праграмы навінаў, якія выйшлі ў эфір і маніторынг якіх праводзіла МНВ БДІПЧ/АБСЕ, надзялілі больш як 89 адсоткаў часу палітычных і выбарчых навінаў дзейнаму кіраўніку дзяржавы; нават з улікам перавагаў статусу дзейнага кіраўніка дзяржавы гэта шмат. Танальнасць асвятлення дзейнасці прэзідэнта Лукашэнкі была выключна станоўчай ці нейтральнай, а танальнасць асвятлення дзейнасці іншых кандыдатаў была пераважна адмоўнай. Адсутнасць плюралізму ў СМІ зменшыла магчымасці выбаршчыкаў рабіць падчас выбарчай кампаніі інфармаваны выбар. У дзень выбараў шэраг буйных інтэрнэт-сайтаў, а таксама некаторыя сацыяльныя сеткі і апазіцыйныя вэб-сайты, былі заблакаваныя.
Папярэднія заключэнні і высновы
Ангельская версія з’яўляецца адзіным афіцыйным дакументам.
Нягледзячы на некаторыя станоўчыя крокі па ўнясенні зменаў у Выбарчы кодэкс, прававыя рамкі ўсё яшчэ не даюць належнай гарантыі правядзення выбараў у адпаведнасці з абавязацельствамі АБСЕ. У наяўных прававых рамках важныя аспекты выбарчага працэсу застаюцца ня поўнасцю прапісанымі. У прыватнасці, адсутнічаюць неабходныя абарончыя механізмы, якія дазволілі б гарантаваць чэснасць датэрміновага галасавання і падліку галасоў.
Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК) добра ажыццяўляла тэхнічныя аспекты выбарчага працэсу. Паседжанні праводзіліся адкрыта; іх наведвалі назіральнікі і СМІ. Аднак ЦВК не была аб’ектыўнай. Васьмёра кандыдатаў накіравалі сваіх прадстаўнікоў у ЦВК, але яны не мелі права голаса пры прыняцці рашэнняў. ЦВК прымала рэзалюцыі, спрабуючы патлумачыць дзейныя палажэнні заканадаўства, што тычацца правоў назіральнікаў і датэрміновага галасавання, але яна не здолела прадаставіць дастатковых раз’ясненняў.
Уключэнне ў склад тэрытарыяльных выбарчых камісій (ТВК) і ўчастковых выбарчых камісій (УВК) не менш як траціны сябраў палітычных партый і грамадскіх аб’яднянняў магло стаць станоўчым крокам. Аднак адсутнасць афіцыйных крытэраў, паводле якіх вызначалі сябраў камісій і адсутнасць дэталёва прапісаных працэдур зменшыла эфектыўнасць гэтага палажэння. Кандыдатам адмаўлялі без належнага тлумачэння і абгрунтавання. У сапраўднасці толькі 0,26 адсотка ўсіх сябраў УВК і 0,7 адсотка сябраў ТВК былі накіраваныя палітычнымі партыямі, што лічацца апазіцыйнымі.
Усе кандыдаты ў прэзідэнты прызнавалі, што рэгістрацыя ініцыятыўных груп і ўбор подпісаў прайшлі пры палепшаных умовах. У выніку адкрытай для ўдзелу працэдуры ЦВК зарэгістравала дзесяць кандыдатаў у прэзідэнты.
Кандыдаты былі здольныя без перашкодаў даносіць свае пасланні да выбаршчыкаў. Станоўчая змена ў юрыдычных рамках дазволіла кандыдатам праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі ўжо без папярэдняга атрымання дазволу. Аднак кампанію характарызавала адсутнасць аднолькавых правілаў гульні. БДІПЧ/АБСЕ адзначыла выпадкі неналежнага выкарыстання адміністратыўнага рэсурсу для агітацыі за дзейнага кіраўніка дзяржавы. У выніку, дзейны прэзідэнт і астатнія дзевяць кандыдатаў спаборнічалі ў няроўных умовах.
Нягледзячы на папраўкі, унесеныя ў 2010 годзе, прававыя рамкі, што зараз існуюць, не забяспечваюць эфектыўнага механізму разгляду скаргаў і апеляцыяў. Яны даюць ЦВК магчымасць разглядаць выбарчыя спрэчкі непаслядоўна і непразрыста. Ва ўмовах адсутнасці выразна прапісаных правілаў УВК і ТВК імправізавалі пры ўсталяванні працэдураў, выконваючы іх непаслядоўна. У дадатак, прававыя рамкі не ўтрымліваюць палажэнняў, якія дазвалялі б аспрэчыць вынікі выбараў.