Мінск, 20 сакавіка 2006 г.
“Прэзідэнцкія выбары 19 сакавіка на Беларусі не адпавядалі патрабаванням АБСЕ дачынна дэмакратычных выбараў, нягледзячы на тое, што фармальна выбаршчыкі атрымалі магчымасць абіраць аднаго з 4 кандыдатаў.
Злоўжыванні ўладай і шматлікія затрыманні з’яўляюцца доказамі ігнаравання ўладамі асноўных правоў і свабод, а менавіта: свабоды сходаў і выражэння, што спарадзіла сумневы наконт жадання беларускіх улад паважаць палітычную канкурэнцыю”, – адзначае місія АБСЕ па назіранні за выбарамі ў распаўсюджанай сёння заяве.
За працэсам галасавання і падлікам бюлетэней сачыла больш за 500 міжнародных назіральнікаў з 38 краін свету, якія ўвайшлі ў склад місіі БДІПЧ АБСЕ і Парламенцкай Асамблеі АБСЕ.
“Беларускі народ заслугоўвае лепшай долі. Смелыя спробы апазіцыйных кандыдатаў прапанаваць насельніцтву рэальны выбар блакаваліся дзеяннямі афіцыйных улад”, – зазначыў прэзідэнт Парламенцкай Асамблеі АБСЕ Элсі Хастынгс, прызначаны каардынатарам па кароткатэрміновым назіранні.
“Сам факт наяўнасці выбараў не азначае дэмакратыі, выбары з’яўляюцца стрыжнем дэмакратычнага працэсу. Дэмакратыя – гэта бесперапынны эвалюцыйны працэс і падпісаўшыся пад Заключным актам у Хельсінкі, мы нясем адказнасць за яе дасягненне і ўдасканаленне ў кожнай з 55 краін-удзельніц дагавора.
Старшыня доўгатэрміновай місіі АБСЕ пры БДІПЧ/АБСЕ амбасадар Герт Арэнс дадаў: “Больш за ўсё мне хацелася б даць станоўчую ацэнку выбарам, за якімі мы назіралі, але, на жаль, у часе выбараў было зафіксавана вельмі шмат сур’ёзных парушэнняў міжнародных дэмакратычных стандартаў.
Было вельмі сумна назіраць за пагаршэннем сітуацыі напрыканцы выбарчай кампаніі, і таму пазітыўная ацэнкам выбараў цалкам немагчыма. Мне шкада, але мы павінны кіравацца правіламі, ухваленымі ўсімі краінамі-ўдзельніцамі АБСЕ”.
“Заявы спецслужб пра намер апазіцыі і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці захапіць уладу сілай і прыраўнанне іх да тэрарыстаў дадало напружаннасці ў агуьную атмасферу страху і небяспекі. Сітуацыя стала яшчэ больш вострай пасля таго, як услед за заявамі пачаліся пераследы і арышты палітычных і грамадскіх актывістаў.
Апазіцыйныя кандыдаты мелі цяжкасці ў данясенні свайго паслання да выбаршчыкаў, у той час калі пазіцыю дзеючага прэзідэнта асвятлялі паўсюль і толькі ў станоўчым ракурсе. На супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў, а таксама студэнтаў аказвалі ціск з тым, каб яны не бралі ўдзел у кампаніях апазіцыйных кандыдатаў і галасавалі за Лукашэнку.
Пазітыўным з’яўляецца тое, што кандыдатам было дадзена па 2 гадзіны бясплатнага тэле-і радыё-эфіра, праўда, часткова цэнзураванага. Дзень галасавання прайшоў спакойна, але шмат ў якіх выпадках члены ўчастковых выбарчых камісій адмаўляліся даваць назіральнікам інфармацыю пра ход галасавання.
Падлік галасоў выклікаў найбольшаую колькасць заўваг, у многіх выпадках назіральнікі далі яму негатыўную ацэнку. Былі выпадкі, калі вынікі ўпісваліся алоўкам і большасці назіральнікаў не давалі падысці на дастаткова блізкую адлегласць да месцаў падліку галасоў, каб былі бачныя адзнакі ў бюлетэнях.
Больш за 30 % выбаршчыкаў прагаласавалі датэрмінова. Недастатковы ўзровень бяспекі для захоўвання урн для галасавання павялічыў магчымасць фальсіфікацый. Місія атрымала таксама шэраг паведамленняў, у якіх сцвярджаецца, што кіраўнікі прадпрыемстваў аказвалі ціск на сваіх супрацоўнікаў, каб тыя прагаласавалі датэрмінова.
На вялікі жаль, васьмі назіральнікам БДІПЧ і дзевятнаццаці парламентарыям АБСЕ было адмоўлена ў візах на ўезд, што перашкодзіла ім удзельнічаць у працы Місіі”.