Сёння прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды слова Дунья Міятовіч паўтрона заклікала беларускае кіраўніцтва спыніць пераслед незалежных журналістаў і выданняў. Яна таксама выказала шкадаванне ў сувязі з тым, што ўлады не адгукнуліся на яе прапанову зладзіць візіт у Беларусь у студзені.
Спадарыня Міятовіч прапанавала сустрэчу з прадстаўнікамі беларускага афіцыёзу з мэтай абмеркаваць пагаршэнне сітуацыі ў галіне свабоды медый, а таксама лёс журналістак Наталлі Радзінай і Ірыны Халіп, арыштаваных і абвінавачаных пасля выбараў 19 снежня.
Абедзве журанлісткі былі вызвалены напрыканцы мінулага тыдня, аднак Халіп застаецца пад хатнім арыштам, а Радзінай нельга выязжаць за межы горада, дзе яна зарэгістраваная.
“Рашэння беларускіх улад вызваліць Радзіну і Халіп з-за кратаў не дастаткова, каб цалкам выканаць абавязальніцтвы па свабодзе СМІ, узятыя Беларуссю на сябе ў рамках АБСЕ. Абвінавачванні, высунутыя супраць журналістак, павінны быць цалкам знятыя.
Акрамя таго, мусяць быць спыненыя арышты, ператрусы і іншыя формы пераследу медыяў”, – адзначыла Міятовіч.
За апошнія шэсць тыдняў у дзесяткаў журналістаў праводзіліся ператрусы, іх арыштоўвалі або дапытвалі. Супрацоўнікі КДБ учынялі напады на рэдакцыі шэрагу недзяржаўных выданняў, сканфіскоўваючы кампутары, відэакамеры, DVD-дыскі ды іншае абсталяванне. Да таго ж, была анулявана ліцэнзія на вяшчанне радыёстанцыі “Аўтарадыё”.
“У студзені я двойчы пісала беларускаму міністру замежных спраў Сяргею Мартынаву, просячы дапамогі ў ажыццяўленні майго візіту да канца месяца. Вельмі шкада, што ён так і не адбыўся, нягледзячы на папярэднія заявы беларускіх улад пра сваё жаданне працягваць супрацоўніцтва з інстытутамі АБСЕ. Мой офіс застаецца заўсёды гатовым дапамагчы Беларусі выконваць свае абавязальнітвы ў рамках АБСЕ”, – запэўніла Міятовіч.