Нью-Йорк, 21 верасня 2006 г.
Сёння кіраўнік Офіса АБСЕ бельгійскі міністр замежных спраў Карл дэ Гухт выказаў засмучэнне тым, што беларускія ўлады адхілілі апеляцыю апазіцыйнага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах у сакавіку 2006 г. Аляксандра Казуліна і пакінулі жорсткі прысуд без зменаў.
“Я моцна расчараваны тым, як катэгарычна суд успрыняў справу прафесара Казуліна, як быццам бы абвінавачванні супраць яго ні ў якім разе не маглі быць знятыя, і тым, што апеляцыю адхілілі”, – зазначыў Карл дэ Гухт. “Тыя суровыя меры, што ўлады ўжылі супраць мірных дэманстрантаў, якія выражалі сваю пазіцыю, не дапушчальныя, і ўлады мусілі стрымлівацца”.
У ліпені Маскоўскі суд горада Мінска прызнаў прафесара Казуліна вінаватым ва ўчыненні “хуліганцкіх дзеянняў” і “арганізацыі і ўдзеле ў мерапрыемстве, што груба парушае грамадскі парадак” і прысудзіў яго да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі. 19 верасня Мінскі гарадскі суд, дзе разглядалася апеляцыя, пакінуў прысуд ў сіле.
“Нягледзячы на тое, што ў Аляксандра Казуліна яшчэ застаецца магчымасць падаць апеляцыю ў вышэйшую судовую інстанцыю, прысуд дачынна яго ўжо набыў законную моц, што засмучае яшчэ больш”, – адзначыў Карл дэ Гухт.
Адразу пасля вынясення прысуду ў ліпені кіраўнік Офіса АБСЕ выказаў спадзяванне, што нават на такой стадыі беларускія ўлады маглі б зняць абвінавачванні ў адказ на апеляцыю з боку адвакатаў Казуліна.
“Мне вельмі шкада, што ўлады ні разу не адрэагавалі на гэтыя заклікі і не зрабілі нічога для перагляду справы”, – сказаў міністр дэ Гухт. “Нягледзячы на тое, што прадстаўнікоў мінскага офіса АБСЕ дапусцілі ў судовую залю, робіцца ўсё больш і больш відавочным, што беларускія ўлады хочуць выкарыстаць жорсткі прысуд у дачыненні Казуліна як сродак запалохвання іншых апазіцыйных палітыкаў”.
Кіраўнік АБСЕ заўважыў, што вынясенне прысуду на палітычных падставах недапушчальнае і парушае правы чалавека. “Я ізноў заклікаю да вызвалення ўсіх палітычных вязняў у Беларусі”, – дадаў ён.