Мінск, 19 красавіка 2006 г.
Генеральны сакратар АБСЕ Марк Перэн дэ Брышамбо заклікаў узмацніць працу па забеспячэнні належнага развіцця рэгіёнаў, што пацярпелі ад Чарнобыльскай трагедыі.
Выступаючы на канферэнцыі, прысвечанай 20-й гадавіне катастрофы, ён зазначыў: “Яскрава памятаючы, што адбылося ў Чарнобылі ў 1986 годзе, і як моцна гэта адбілася на суседніх тэрыторыях, мы павінны глядзець у будучыню і інтэнсіфікаваць свае высілкі для забеспячэння адпаведнага развіцця пацярпелых рэгіёнаў, каб даць ім шанец на нармальнае жыццё.
Трагічныя падзеі 20-гадовай даўніны змянілі экалагічнае мысленне ва ўсім свеце. Пытанні ядзернай бяспекі і ўзаемазалежнасці выйшлі на першы план, зрабіўшыся тэмай міжнародных перамоў і супрацоўніцтва”, – сказаў спадар Брышамбо.
З 1986 г. Міжнародная супольнасць шмат чым дапамагала заклапочаным сітуацыяй урадам. У міністэрскай дэкларацыі АБСЕ, абнародаванай у сувязі з 20 гадавінай Чарнобыльскай катастрофы, краіны-ўдзельніцы падкрэслілі неабходнасць змяншаць наступствы аварыі, што з цягам часу не робіцца менш актуальным.
”Памятаючы пра Чарнобыльскую трагедыю, мы павінны адзначыць і дасягненні па забеспячэнні большай бяспекі на кантыненце” – дадаў Генеральны сакратар АБСЕ.
Ён таксама выразіў спадзяванне, што ўрад Беларусі і АБСЕ працягнуць цеснае супрацоўніцтва па ўвасабленні ў жыццё рэкамендацый гэтай арганізацыі.
У часе свайго візіту ў Мінск, Генеральны сакратар сустрэўся з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.