У дакладзе пра практыку рэгістрацыі друкаванай прадукцыі прадстаўнік АБСЕ па свабодзе слова і друку Міклаш Харашці раскрытыкаваў новы беларускі закон па сродках масавай інфармацыі.
Асабліва моцна дасталося ад эксперта Артыкулу 11 закона, што “патрабуе ад друкаванага выдання перарэгістрацыі ў выпадку любых змен у складзе заснавальнікаў ці назве альбо ў выпадку, калі ўлады двойчы за адзін год прымаюць рашэнне прыпыніць дзейнасць выдання”. “Ад друкаваных выданняў патрабуюць не толькі падаваць звесткі пра змяненні, але паўтараць усю працэдуру рэгістрацыі, што можа зацягнуцца на некалькі месяцаў, у часе якіх выданне не мае права выпускаць сваю прадукцыю”, – пішацца ў дакладзе.
Спадар Харашці нагадаў пра загад Лукашэнкі ад 2005 г., які забараніў прыватным выданням ужываць у сваіх назвах слова “беларускі”, што вымусіла многія з іх прайсці працэдуру перарэгістрацыі.
Незалежны эксперт АБСЕ па СМІ папярэджвае, што “наяўнасць дыскрымінацыйнай працэдуры рэгістрацыі і перарэгістрацыі ставіць пад пастаянную пагрозу выданні, што асвячаюць падзеі ў краіне крытычна”, патлумачыўшы, што “гэта пагроза яшчэ больш узмацняецца напярэдадні такіх важных падзей як, напрыклад, выбары”.
Сп-р Харашці рэкамендуе адмовіцца ад “дыскрымінацыйнай сістэмы рэгістрацыі” для друкаваных выданняў. “Трэба пазбавіцца ад магчымасці адмовіць газеце ў рэгістрацыі на падставе прадмета і зместу яе артыкулаў і складу чытацкай аўдыторыі”, – сцвярджаецца ў дакладзе. “Абмежаванні, звязаныя са зместам артыкулаў павінны грунтавацца на агульных нормах заканадаўства і не могуць быць падставай для адмовы ад рэгістрацыі”.