Дзейны старшыня АБСЕ заклікаў неадкладна вызваліць Бяляцкага

OSCE Chairperson-in-Office, Lithuanian Foreign Minister Audronius Ažubalis at the opening session of the OSCE permanent council in Vienna, 13 January 2011. (OSCE/Sarah Crozier)

Мінск, 24 лістапада. Літоўскі міністр замежных спраў, дзейны старшыня АБСЕ Аўдронюс Ажубаліс выказаў глыбокую занепакоенасць прысудам праваабаронцу Алесю Бяляцкаму і заклікаў неадкладна яго вызваліць.

"Гэты выпадак з'яўляецца часткай шырокага пераследу і ўціску на праваабаронцаў у Беларусі", — заявіў Ажубаліс у сваёй заяве, распаўсюджанай 24 лістапада.

Ён падкрэсліў, што неапраўданыя абмежаванні на свабоду асацыяцый строга абмяжоўваюць дзейнасць грамадскіх арганізацый у Беларусі і ставяць іх актывістаў пад небяспеку пераследу з боку ўлад.

"Дзеянні, за якія Алесь Бяляцкі прызнаны вінаватым, з'яўляюцца прамым вынікам гэтых неапраўданых абмежаванняў на свабоду асацыяцый у краіне", — сказаў Ажубаліс.

Нагадаем, Алесь Бяляцкі — віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" — прыгавораны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Такое рашэнне абвясціў 24 лістапада суддзя Першамайскага раёна Мінска Сяргей Бандарэнка.

Бяляцкі прызнаны вінаватым па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса  (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры). Суд палічыў віну праваабаронца даказанай. Довады падсуднага аб тым, што сродкі, якія пералічваліся на банкаўскія рахункі Бяляцкага ў Літве і Польшчы, не з'яўляліся яго асабістым даходам, суд палічыў неабгрунтаванымі. У рашэнні суда сказана, што Бяляцкі наўмысна, з мэтай ухілення ад выплаты падаткаў, не ўказваў сродкі, якія паступалі на яго рахункі.

Бяляцкі быў арыштаваны 4 жніўня. Падставай для крымінальнага пераследу праваабаронца стала інфармацыя аб яго рахунках у замежных банках, перададзеная беларускім уладам Мінюстам Літвы і Генпракуратурай Польшчы ў рамках дагавораў аб прававой дапамозе.

Пасля арышту праваабаронца ўлады Літвы і Польшчы публічна прынеслі прабачэнні Бяляцкаму і яго сям'і, а таксама прыпынілі кантакты з Беларуссю ў рамках дагавораў аб прававой дапамозе, заявіўшы, што беларускія ўлады выкарыстоўваюць прававое супрацоўніцтва для расправы са сваімі апанентамі.

У ходзе суда Бяляцкі патлумачыў, што адкрыў банкаўскія рахункі за мяжой, бо зрабіць гэта ў Беларусі не ўяўлялася магчымым. Праваабарончы цэнтр "Вясна", які ён узначальваў, быў закрыты ўладамі ў 2003 годзе, а на шматлікія спробы праваабаронцаў легалізаваць сваю арганізацыю Мінюст адказваў адмовай. Грошы, што пералічваліся на рахункі Бяляцкага, выкарыстоўваліся для аказання дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій у Беларусі.

"З 1996 года мы дапамаглі тысячам людзей", — заявіў праваабаронца, выступаючы з апошнім словам у судзе.

Міжнародная дэмакратычная грамадскасць лічыць крымінальны пераслед Бяляцкага палітычна матываваным і патрабуе ад улад Беларусі яго безумоўнага вызвалення.

Напярэдадні вынясення прыгавору, 23 лістапада, вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і пытаннях палітыкі бяспекі Кэтрын Эштан і камісар ЕС па пытаннях пашырэння і еўрапейскай палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле выступілі з сумеснай заявай, у якой заклікалі беларускія ўлады неадкладна і безагаворачна вызваліць Бяляцкага.

"Па сутнасці судовы працэс, які ідзе цяпер, — гэта самае прыкметнае і сімвалічнае праяўленне ўдушэння грамадзянскай супольнасці ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года", — гаворыцца ў заяве кіраўнікоў ЕС.

osce.org