18 кастрычніка 2005 г. СЕМІНАР ПА БЕЛАРУСІ, ВІЛЬНЯ (ЛІТВА) 23-24 верасня 2005 г.

На выходных 23-24 верасня ў Вільні прайшоў семінар па сітуацыі ў Беларусі, які аб’яднаў разам прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці Беларусі, сяброў ПА НАТА , а таксама супрацоўнікаў міжнародных арганізацый.  Мэтай семінара было знайсці з дапамогай саміх беларусаў адказ на пытанне, што далей можа зрабіць міжнародная супольнасць, каб дапамагчы краіне вярнуцца да дэмакратыі.

Беларусь не ўдзельнічае ў рабоце ПА НАТА з 1997 г., калі статус асацыятыўнага сяброўства, нададзены краіне ў 1991, быў прыпынены праз узмацненне недэмакратычнай палітыкі рэжыму Лукашэнкі.

Згодна выступоўцам, сітуацыя на Беларусі працягвае пагаршацца. Усе аспекты жыцця грамадства строга кантралююцца рэжымам, а прыватны сектар хутка знікае. Адбываецца метадычны ціск на ўсіх узроўнях існавання грамадзянскай супольнасці: у дачыненні да медыяў, акадэмічнай супольнасці, НДА і нават мясцовых органаў кіравання. Гэты ціск усеахопны і бесперапынны і праяўляецца ў розных выглядах: ад неверагодных заканадаўчых норм, вымагальніцкіх спагнанняў, правакацый, нападаў, арыштаў да, самага страшнага – знікненняў апанентаў. З дапамогай такіх метадаў улады не толькі душаць любыя формы супраціву, але і трымаюць уласнае насельніцтва ў ізаляцыі ад усяго астатняга свету. Татальная недасведчанасць у спалучэнні з настальгіяй па савецкім мінулым наўмысна падтрымліваецца і эксплуатуецца Лукашэнкам і тлумачыць той факт, што палітыка ўрада знаходзіць падтрымку сярод вялікай колькасці насельніцтва. 

Беручы да ўвагі дзяржаўную манаполію на сродкі масавай інфармацыі, стварэнне альтэрнатыўных крыніц атрымання звестак з-за мяжы становіцца галоўным прыярытэтам. Трансляцыі могуць ажыццяўляцца з тэрыторыі суседніх краін, з прыцягненнем да працы незалежных беларускіх журналістаў. Трансляцыі павінны весціся на беларускай і рускай мовах.

Расійскі ўплыў застаецца вызначальным, аднак рэпрэсіўныя дзеянні рэжыму часта сустракаюць маўклівае ўхваленне Крамля. Пуцін, як кажуць, не любіць Лукашэнку, але рэвалюцыі баіцца яшчэ больш. У часе дыскусіі прыводзіліся натхняльныя прыклады развіцця падзей у Сербіі, Грузіі і Украіне, аднак прадстаўнікі Беларусі аспрэчылі мэтазгоднасць такога параўнання, звярнуўшы ўвагу на істотныя адрозненні ва ўмовах.

Пазітыўным момантам сталі сведчанні пра тое, што апазіцыйныя сілы спрабуюць аб’яднацца на маючым адбыцца Кангрэсе з мэтай вылучэння адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2006 г.

Беларускія апазіцыйныя лідэры сышліся ў меркаванні, што не павінна адбывацца ніякіх кантактаў  з прадстаўнікамі вышэйшага эшалону ўлады – Прэзідэнтам і яго міністрамі, уключаючы таксама парламентарыяў, бо яны з’яўляюцца ўсяго толькі марыянеткамі. Любыя кантакты на афіцыйным узроўні будуць скарыстаныя прапагандай дзеля паляпшэння іміджу Лукашэнкі ў вачах уласнага насельніцтва і надання яму значнасці на міжнароднай арэне. Паколькі намаганні заходніх краін і міжнародных арганізацый не прынеслі плёну ў справе дэмакратызацыі Беларусі, на семінары сярод іншых разглядаліся прапановы магчымага канструктыўнага супрацоўніцтва з асобнымі прадстаўнікамі беларускага чынавенства.   

Было прынятае рашэнне, што міжнародныя арганізацыі паставяць беларускае пытанне сярод прыярытэтных у сваёй працы, каб узмацніць такім чынам ціск на Лукашэнку. Падобная дамова была таксама дасягнута і з парламенцкімі арганізацыямі, што маюць меншы ўплыў, чым іх калегі ва ўрадах, але затое больш вольныя ў поглядах, якія могуць выказваць. Іх прынцыповым унёскам стане павышэнне ўсведамлення важнасці беларускага пытання ў грамадстве і сярод парламентарыяў. Міжпарламенцкія ініцыятывы павінным быць больш скаардынаванымі, і паколькі найбольшы ўплыў на сітуацыю маюць перад усім урады, неабходна каб падыходы заканадаўцаў  і выканаўцаў былі больш зладжанымі.

Што датычыць самой ПА НАТА, дык у ёй было прынята рашэнне актыўна падтрымліваць і заахвочваць дэмакратычныя сілы Беларусі. Аднак дагэтуль не відавочна, як павінна ажыццяўляцца гэта падтрымка. Пастаяны Камітэт павінен разгледзець гэтыя магчымасці на наступнай сустрэчы ў Капенгагіне.

nato-pa.int