17 кастрычніка 2006 – у дачыненні Беларусі неабходна стратэгія больш актыўных дзеянняў

З 11 па 13 кастрычніка члены Парламенцкай Асамблеі НАТА сабраліся ў Вільні на другі семінар па Беларусі, арганізаваны агульнымі намаганнямі Асамблеі і літоўскага парламента. Мэтай семінара стала абмеркаванне сітуацыі з правамі чалавека і палітычных і эканамічных перспектыў краіны, а таксама дзеянняў міжнароднай супольнасці па набліжэнні дэмакратычных змен у Беларусі. Сярод 70 удзельнікаў семінара былі заканадаўцы, прадстаўнікі беларускай апазіцыі, службоўцы з НАТА і Еўразвязу, дыпламаты, сябры няўрадавых арганізацый і міжнародныя эксперты, якія займаюцца Беларуссю.

З прамоў спецыялістаў і прадстаўнікоў апазіцыі стала зразумела, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 г. працягвае пагаршацца і рэпрэсіі супраць дэмакратычнай апазіцыі ўсё больш узмацняюцца. Незалежныя СМІ знаходзяцца на мяжы знікнення, як і  незалежныя НДА.  Апазіцыю па-ранейшаму заціскаюць сістэмай кароткатэрміновых кантрактаў, што дзейнічае на дзяржаўных прадпрыемствах, якія да гэтага часу складаюць галоўны сектар эканомікі краіны. Гэта стрымлівае многіх беларускіх грамадзян ад актыўнага супраціву рэжыму.

На жаль, дэмакратычная апазіцыя застаецца расколатай і слабай. Прадстаўнікі Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і Аб’яднанай Грамадзянская Партыі адмаўляюцца прызнаваць Мілінкевіча лідэрам апазіцыйнага руху. Відавочная адсутнасць згоды ў шэрагах апазіцыі прымусіла некаторых удзельнікаў семінара выказаць расчараванне ў БДС праз іх няздольнасць выпрацаваць агульную ўсебаковую дактрыну і бачанне будучыні краіны, што стварыла б прывабную альтэрнатыву “лукашызму”.  З іншага боку яны прызналі, што ўмовы, у якіх дзейнічае апазіцыя, варожыя і жорсткія, і трэба аддаць належнае тым, хто вырашыў супрацьстаяць рэжыму, рызыкуючы страціць працу, свабоду і нават жыццё.

Удзельнікі семінара пагадзіліся з тым, што Расія мае найбольшы эканамічны і палітычны ўплыў на Беларусь сярод іншых суседніх краін. Расійскія субсідыі ў выглядзе танных нафты, газу і электрычнасці складаюць 13 адсоткаў ад валавага ўнутранага прадукту краіны і маюць вельмі важнае значэнне для эканомікі. Аднак прагматычная філасофія Пуцінскай адміністрацыі хутчэй за ўсё выльецца ў адчувальнае падвышэнне коштаў на газ і нафту і, як вынік, адаб’ецца на эканамічнай апоры рэжыму.

Па тым, якую пазіцыю павінны заняць Еўразвяз і заходнія дэмакратыі дачынна вельмі верагоднага абвастрэння адносін паміж дзвюма краінамі, згоды дасягнута не было. Прыхільнікі падыходу “ўзаемадзеяння” казалі, што ізаляцыя Лукашэнкі толькі схіліць яго да інтэграцыі з Расіяй, у той час як іншыя выступоўцы сцвярджалі, што беларускі дыктатар разумее толькі жосткую мову. Некаторыя нават выказалі меркаванне, што ў якасці альтэрнатывы Расіі і Захаду спадар Лукашэнка аддасць перавагу клубу радыкальных антыглабалістаў, такіх як Фідэль Кастра і Уга Чавес.

 
Падчас дыскусій было зроблена і некалькі практычных прапаноў наконт таго, што можа быць зроблена Заходней супольнасцю для Беларусі, а менавіта:

- Узмацненне падтрымкі незалежных СМІ. Тая падтрымка, якую ЕЗ прапануе сёння, вельмі важная, але неабходна падумаць як зрабіць інфармацыйныя праекты больш эфектыўнымі, таму што на сённяшні дзень большая частка беларускага насельніцтва пазбаўлена магчымасці атрымліваць альтэрнатыўную інфармацыю.
 
- Спрашчэнне візавага рэжыму для простых грамадзян Беларусі. Санкцыі павінны дакладна размяжоўваць беларускія ўлады і беларускі народ, а кошты віз недапушчальна высокія для звычайных людзей.
- Пашырэнне студэнцкага абмену і моладзевых праграм.

- Падтрымка сем’яў палітычных вязняў.  
- Запуск культурных праграм, што накіраваны на ўмацаванне беларускай мовы і нацыянальнай самасвядомасці.
- Некаторыя з удзельнікаў прапанавалі міжпарламенцкім асамблеям дасылаць сумесныя дэлегацыі на Беларусь, аднак была выказана думка, што такія візіты могуць інтэрпрэтавацца скажона і выкарыстоўвацца як доказ легітымнасці рэжыму.

- Украінскі спецыяліст Алег Соскін выказаўся за рэгіянальны падыход у вырашэнні беларускага пытання і прапанаваў лідэрам суседніх з Беларуссю дэмакратый стварыць эканамічную альтэрнатыву Расіі для спадара Лукашэнкі.

У выніку дзяржаўнай прапаганды, большасць беларусаў успрымаюць НАТА як агрэсіўную, варожую і чыста ваенную арганізацыю. Аднак эксперты падкрэслілі, што такі імідж НАТА  створаны толькі для “ўнутранага карыстання” з мэтай кансалідацыі рэжыму, у той час як на практыцы супрацоўніцтва ў рамках праграмы “Партнёрства дзеля міру” хоць і на чыста тэхнічным узроўні развіваецца даволі роўна.

Беларусь не ўдзельнічае ў сесіях Парламенцкай Асамблеі НАТА з 1997 г., калі статус асацыятыўнага сяброщства, нададзены краіне ў 1991 г., быў прыпынены ў сувязі з узмацненнем антыдэмакратычнай палітыкі рэжыму. 25 сакавіка 2006 г. Пастаянны Камітэт Асамблеі прыняў рэзалюцыю, якая строга асудзіла парушэнні правоў чалавека і ўжыванне гвалту ў дачыненні да апазіцыйных кандыдатаў і заклікала краіны-ўдзельніцы “актыўна падтрымліваць дэмакратычныя сілы і спрыяць развіццю грамадзянскай супольнасці ў Беларусі”.

nato-pa.int