Сумесная заява Дзяржаўнага сакратара Хілары Клінтан і Высокага прадстаўніка Еўрапейскага Саюза Кэтрын Эштан

23 снежня 2010. Злучаныя Штаты Амерыкі і Еўрапейскі Саюз  яшчэ раз заклікаюць да неадкладнага вызвалення кандыдатаў у прэзідэнты і больш за 600 дэманстрантаў, затрыманых пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Мы рашуча асуджаем усякае прымяненне гвалту, і асабліва непрапарцыйнае ўжыванне  сілы супраць кандыдатаў у прэзідэнты, палітычных актывістаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і журналістаў. І выбары, і іх наступствы з'яўляюцца крокам назад у развіцці дэмакратычнага праўлення і павагі да правоў чалавека ў Беларусі, што выклікае шкадаванне. Беларускі народ заслугоўвае лепшага.

Еўрапейскі Саюз і Злучаныя Штаты адзначаюць сур'ёзныя праблемы ў выбарчым працэсе і ў падліку галасоў, што было адлюстравана ў справаздачы місіі назіральнікаў АБСЕ, і настойліва заклікаюць урад Беларусі  да выканання абавязацельстваў перад АБСЕ па значным рэфармаванні выбарчага працэсу. Ураду Беларусі таксама неабходна зрабіць крокі па забеспячэнні прасторы для дзейнасці палітычных актывістаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і незалежных журналістаў.

Павага да дэмакратыі і правоў чалавека па-ранейшаму займае цэнтральнае месца  ў пытанні паляпшэння стасункаў Беларусі са Злучанымі Штатамі і Еўрапейскім саюзам. Без значнага прагрэсу ў гэтых галінах не адбудзецца паляпшэнне адносінаў. Менавіта ў такім кантэксце мы будзем ацэньваць дзеянні беларускага ўрада па вырашэнні бягучай сітуацыі і звяртаць увагу на развіццё падзей падчас разгляду нашых стасункаў з Беларуссю. Еўрапейскі Саюз і Злучаныя Штаты Амерыкі маюць намер працягваць падтрымку і ўзаемадзеянне з народам і грамадзянскай супольнасцю  Беларусі.

ec.europa.eu