3065 Сустрэча Камітэта замежных спраў
Брусель, 31 студзеня 2011 г.
Рада ЕС прыняла наступнае рашэнне:
"1. Прыгадваючы свае папярэднія рашэнні па Беларусі , у тым ліку – ад кастрычніка 2010, а таксама заяву Высокага прадстаўніка Еўрапейскага Саюза па знешняй палітыцы і пытаннях бяспекі Кэтрын Эштан ад 20 снежня ды іншыя заявы інтстытутаў Еўрасаюзу з нагоды прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 і гвалту, што паследаваў за імі, Рада выказвае шкадаванне, што, згодна стандартам БДIПЧ/АБСЕ гэтыя выбары прадэманстравалі, што Беларусь мусіць прайсці яшчэ доўгі шлях да выканання сваіх абавязальніцтваў перад АБСЕ. Асаблівае пагаршэнне сітуацыі назіралася падчас падліку галасоў, што знівелявала папярэднія крокі, зробленыя краінай для паляпшэння выбарчага працэсу.
2. Рада ЕС вельмі моцна шкадуе праз тое, што ноч пасля выбараў была адзначана ўжываннем гвалту з боку беларускіх улад. Рада строга асуджае арышты кандыдатаў у прэзідэнты, соцень актывістаў, журналістаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці , а таксама далейшыя затрыманні і пераслед апазіцыі, прадстаўнікоў незалежных СМІ і грамадскіх арганізацый з палітычных матываў.
3. Рада паўтарае свае патрабаванні тэрмінова вызваліць затрыманых па палітычных матывах пасля выбараў 19 снежня і рэабілітаваць іх. Рада ЕС заклікае таксама паважаць правы затрыманых і іх сем’яў, асабліва іх дзяцей, а таксама гарантаваць права на юрыдычную дапамогу. Больш за тое, Рада падкрэслівае неабходнасць дазволу кантактаў паміж арыштаванымі і іх роднымі. Рада ЕС заклікае беларускія ўлады спыніць пераслед дэмакратычных сіл, незалежных медый і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і перастаць дыскрымінаваць людзей, якія спрабуюць рэалізаваць сваё права на свабоду слова і сходаў, уключна з лідэрамі палітычных партый.
4.Рада ЕС выказвае шкадаванне праз тое, што беларускія ўлады не працягнулі мандат офісу АБСЕ ў Мінску. Еўрасаюз упэўнены, што місія АБСЕ ў Беларусі не была завершана, і заклікае да найхутчэйшага перагляду гэтага рашэння.
5. У святле апошніх падзей, Рада ЕС вырашала ўвесці абмежаванні на падарожжа і замарозіць рахункі асоб, адказных за фальшаванне выбараў 19 снежня і выбух гвалту супраць дэмакратычнай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і незалежных медый, што паследаваў за гэтым. Рада міністраў вырашыла таксама аднавіць дзеянне санкцый супраць некаторых беларускіх дзяржаўных службоўцаў, уведзеных яшчэ ў 2004 і 2006 г. у звязку з тагачаснымі падзеямі (выбарамі і гвалтам супраць дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці), дзеянне якіх было прыпынена рашэннем ад 13 кастрычніка 2008 г. з мэтай заахвоціць прагрэс дэмакратызацыі. Гэтыя санкцыі і спіс асоб, якія туды патрапілі, будзе знаходзіцца ў адкрытым рэжыме з магчымасцямі перагляду. Рада ЕС падкрэслівае, што вызваленне і рэабілітацыя ўсіх людзей, затрыманых па палітычных прычынах, будзе галоўнай умовай перагляду спісу. Гэта, а таксама далейшы прагрэс у рэфармаванні выбарчага кодэксу, забеспячэнне права на свабоду выражэння і сродкаў масавай інфармацыі, свабоду сходаў і асацыяцый, пракладзе шлях да зняцця санкцый.
6. Еўрапейскі Саюз застаецца цалкам адданым сваёй мэце ўзмацнення супрацоўніцтва з народам Беларусі і грамадзянскай супольнасцю краіны. З гэтай прычыны ідзе распрацоўка захадаў па аказанні тэрміновай дапамогі рэпрэсаваным, арыштаваным па палітычных матывах і іх сем’ям, а таксама падтрымкі грамадзянскай супольнасці. ЕС перагледзіць сваю дапамогу Беларусі, што накіравана на патрэбы насельніцтва, каб яшчэ больш узмацніць падтрымку грамадзянскай супольнасці, звяртаючы асаблівую ўвагу на НДА і студэнтаў, у тым ліку і праз міжнародную донарскую канферэнцыю ў Варшаве 2 лютага.
7. Рада ЕС нагадвае пра важнасць спрыяння кантактам паміж людзьмі дзеля дабрабыту ўсяго беларускага народа і чакае пачатку перамоваў па падпісанні Пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму і ўзаемным вяртанні нелегальных эмігрантаў, паколькі дырэктывы на гэтыя перамовы ўжо былі ўхвалены. У чаканні падпісання адпаведнага пагаднення Рада ЕС будзе заахвочваць выкарыстанне ўжо інснуючых ў рамках візавага Кодэксу магчымасцей для палягчэння візавага рэжыму, асабліва магчымасці анулявання ці зніжэння консульскага збору для пэўных катэгорый грамадзян.
8. Еўрасаюз застаецца адданым сваёй палітыцы шчыльнага супрацоўніцтва з Беларуссю, уключаючы дыялог у рамках “Усходняга партнёрства”, і нагадвае, што ЕС пастаянна прапаноўваў паглыбіць адносіны з Беларуссю, заяўляючы, што больш шчыльнае супрацоўніцтва з’яўляецца абавязковым для дасягнення прагрэсу на шляху да дэмакратыі, вяршэнства закону і павагі правоў чалавека. Еўрапейская супольнасць застаецца адкрытай да двухбаковых адносін з Беларуссю, калі беларускія ўлады пагодзяцца паважаць узгаданыя вышэй прынцыпы. Рада ЕС будзе рэгулярна звяртацца да сітуацыі ў Беларусі і застаецца гатовай да ўжывання далейшых кропкавых санкцый ва ўсіх галінах супрацоўніцтва ў выпадку неабходнасці.