Заява Еўракамісара Беніты Ферэра-Вальднэр з нагоды арыштаў у Мінску 25 сакавіка

“Учора, каля 100 беларускіх грамадзян былі арыштаваныя ў часе святкавання 25 сакавіка ў Мінску.

Арышты мірных дэманстрантаў і журналістаў, а таксама выпадкі жорсткага абыходжання з гэтымі людзьмі з’яўляюцца недапушчальнымі. Падобныя дзеянні цалкам супярэчаць фундаментальным каштоўнасцям свабоды выражэння і сходаў, таму ўсе мы павінны запатрабаваць тэрміновага і безумоўнага вызвалення ўсіх арыштаваных падчас мірнай акцыі грамадзян.  

Яшчэ больш засмучае мяне той факт, што гэтыя падзеі адбыліся пасля некаторых пазітыўных крокаў, зробленых беларускім кіраўніцтвам, такіх як вызваленне 5-ці з 6-ці сусветна прызнаных палітычных вязняў, прыпыненне крымінальнай справы ў дачыненні да Беларускага Хельсінскага Камітэту і падпісанне нарэшце пагаднення аб адкрыцці офісу Еўракамісіі ў Мінску.

Беларускія ўлады мусяць зразумець, што пазітыўнае ўражанне, створанае іх папярэднімі захадамі, павінна быць замацавана. Калі мы хочам развіваць паўнавартаснае супрацоўніцтва, канчатковае вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, улучаючы Аляксандра Казуліна, і адмова ад пераследу актывістаў грамадзянскай супольнасці ёсць тымі канкрэтнымі крокамі, што паспрыяюць нармалізацыі нашых адносін.

Еўразвяз прапаноўвае паўнавартаснае партнёрства з умовай, што Беларусь зробіць упэўненыя крокі ў бок дэмакратызацыі, павагі правоў чалавека і найвышэйшай ролі закону. Наша прапанова застаецца адкрытай.  

У той жа час Еўрапейская Камісія працягне шукаць любыя магчымасці для супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю ў Беларусі і падтрымкі яе народа”, – адзначае ў сваёй заяве Камісэр ЕЗ па знешняй палітыцы і Еўрапейскай палітыцы добрасуседства Беніта Ферэра-Вальднэр.

ec.europa.eu