Сумесная дэкларацыя Саміту Усходняга партнёрства Прага, 7 траўня 2009

Кіраўнікі дзяржаў ці ўрадаў і прадстаўнікі Рэспублікі Арменія, Рэспублікі Азербайджан, Рэспублікі Беларусь, Грузіі, Рэспублікі Малдова і Украіны, прадстаўнікі Еўрапейскага саюзу і кіраўнікі дзяржаў ці ўрадаў і прадстаўнікі Дзяржаваў-чальцоў сустрэліся ў Празе, каб падняць стасункі на новы ўзровень праз заснаванне Усходняга партнёрства і прыняццё наступнай Сумеснай дэкларацыі:

Больш амбіцыйнае партнёрства паміж Еўрапейскім саюзам і краінамі-партнёрамі
1. Усходняе Партнёрства распачынаецца як сумеснае імкненне Краінаў-чальцоў Еўрапейскаага саюзу і іх Усходнееўрапейскіх партнёраў (далей – краіны-партнёры), заснаванае на супольных інтарэсах і абавязацельствах, а таксама на сумеснай уласнасці і адказнасці. Яно будзе развівацца супольна, цалкам празрыстым чынам. Удзельнікі Саміту ў Празе пагаджаюцца, што Усходняе партнёрства будзе заснаванае на адданасці да прынцыпаў міжнароднага права і фундаментальных каштоўнасцяў, улучна з дэмакратыяй, вяршынствам права і павагай да правоў чалавека і асноўных свабодаў, а таксама рынкавай эканомікай, устойлівым развіццём і належным дзяржаўным кіраваннем. Усходняе партнёрства грунтуецца і дапаўняе існуючыя двухбаковыя дамоўныя стасункі. Яно будзе развівацца без перадузятасці да імкнення асобных краінаў- партнёраў у стасунках з Еўрапейскім саюзам. Яно будзе кіравацца прынцыпамі
дыферэнцыяцыі і абумоўленасці. Усходняе партнёрства будзе развівацца паралельна з двухбаковым супрацоўніцтвам паміж ЕС і трэцімі краінамі.

2. Асноўная мэта Усходняга партнёрства палягае ў стварэнні неабходных умоваў для паскарэння палітычнай сувязі і далейшай эканамічнай інтэграцыі паміж Еўрапейскім саюзам і зацікаўленымі краінамі-партнёрамі. Значнае ўзмацненне палітыкі ЕС у дачыненні краінаў-партнёраў будзе ажыццяўляцца праз развіццё асобнага Усходняга вымярэння Еўрапейскай палітыкі суседства. З гэтай мэтай Усходняе партнёрства будзе імкнуцца да падтрымкі палітычных і сацыяльна-эканамічных рэформаў у краінах- партнёрах, якія палегчаць збліжэнне з Еўрапейскім саюзам. Гэта паслужыць супольнаму імкненню да стабільнасці, бяспекі і дабрабыту Еўрапейскага саюзу, краінаў-партнёраў і сапраўды ўсяго Еўрапейскага кантыненту. Усходняе партнёрства будзе надалей спрыяць стабільнасці і пабудове шматбаковага даверу. Канфлікты перашкаджаюць супрацоўніцтву. Такім чынам, Удзельнікі Саміту ў Празе падкрэсліваюць неабходнасць іх своечасовага вырашэння на аснове прынцыпаў і нормаў міжнароднага права і рашэнняў і дакументаў, прынятых у гэтых рамках. Больш за тое, Усходняе партнёрства можа дапамагчы развіць больш блізкія сувязі паміж самімі краінамі-партнёрамі.

3. Усходняе партнёрства нясе ясны палітычны сыгнал пра неабходнасць падтрымліваць і ўмацоўваць курс на рэформы. Усходняе партнёрства забяспечыць дадатковы імпульс эканамічнаму і сацыяльнаму развіццю рэгіёнаў краінаў-партнёраў. Яно палегчыць належнае дзяржаўнае кіраванне, улучна з фінансавым сектарам, будзе спрыяць рэгіянальнаму развіццю і сацыяльным сувязям і дапамагаць змяншаць зьявы сацыяльна-эканамічнай няроўнасці ў краінах-партнёрах. Гэтым шляхам, Усходняе партнёрства будзе дапаўняць макраэканамічную дапамогу, ажыццяўляемую праз адпаведныя міжнародныя інструменты. Больш глыбокае двухбаковае ўзаемадзеянне

4. Удзельнікі Саміту ў Празе падзяляюць жаданне паглыбіць і інтэнсіфікаваць двухбаковыя стасункі паміж Еўрапейскім саюзам і краінамі-партнёрамі, беручы пад увагу асаблівасці сітуацыі і амбіцыяў кожнай краіны-партнёра і шануючы існуючыя двухбаковыя стасункі паміж ЕС і адпаведнай краінай-партнёрам. Яны пагадзіліся, што двухбаковыя стасункі ў рамках Усходняга партнёрства забяспечаць аснову для Пагадненняў аб асацыяцыі паміж ЕС і тымі краінамі-партнёрамі, якія жадаюць і здолеюць адпавядаць вынікаючым з гэтага абавязацельствам.

5. Новыя Пагадненні аб асацыяцыі, апрача існуючых магчымасцяў для гандлю і інвестыцыяў, забяспечаць усталяванне ці мэту ўсталявання глыбокіх і комплексных зонаў свабоднага гандлю, дзе пазітыўныя эфекты лібералізацыі гандлю і інвестыцыяў будуць узмоцненыя збліжэннем нарматыўна-прававой базы, што будзе весці да гарманізацыі з законамі і стандартамі ЕС. Адкрытыя рынкі і эканамічная інтэграцыя важныя для устойлівага эканамічнага развіцця краінаў-партнёраў і для падтрымкі палітычнай стабілізацыі. Усталяванне двухбаковых глыбокіх і комплексных зонаў свабоднага гандлю паміж ЕС і краінамі-партнёрамі можа ў доўгатэрміновай перпектыве вырасці ў сетку глыбокіх і комплексных зонаў свабоднага гандлю.

6. Еўрапейскі саюз будзе развіваць Усебаковыя праграмы інстытуцыянальнага развіцця індывідуальна для кожнай краіны-партнёра для паляпшэння іх адміністратыўнага патэнцыялу, улучна з трэнінгам, тэхнічнай дапамогай і іншымі адпаведнымі інавацыйнымі мерамі.

7. Падтрымка мабільнасці грамадзянаў і лібералізацыя візаў у бяспечным асяроддзі ёсць іншым важным аспектам Усходняга партнёрства. Гэта будзе спрыяць мабільнасці грамадзянаў краінаў-партнёраў праз палягчэнне візавага рэжыму і падпісанне пагадненняў аб рэадмісіі; ЕС, згодна з Глабальным падыходам да міграцыі, таксама будзе рабіць паступовыя захады ў напрамку поўнай лібералізацыі візавага рэжыму як доўгатэрміновую мэту для асобных краінаў-партнёраў у індывідуальным парадку у тым выпадку, калі будуць забяспечаныя ўмовы для кантраляванай і бяспечнай мабільнасці.

8. Усходняе партнёрства імкнецца ўзмацніць энэргетычную бяспеку праз супрацоўніцтва ў галіне доўгатэрміновых, стабільных і бяспечных паставак і транзіту энэрганосьбітаў, улучна з лепшым рэгуляваннем, энэргаэфектыўнасцю і больш
шырокім выкарыстаннем невычарпальных крыніцаў энэргіі. Палажэнні пра энэргетычную незалежнасць могуць быць уключаныя ў Пагадненні аб асацыяцыі ці іншыя двухбаковыя дамоўленасці паміж ЕС і краінамі-партнёрамі. Супрацоўніцтва ў галіне энэргетыкі мусіць улічваць Другі стратэгічны агляд сферы энэргетыкі ЕС і энэргетычную палітыку кожнай краіны-партнёра. Больш увагі шматбаковаму супрацоўніцтву

9. Шматбаковы блок Усходняга партнёрства забяспечыць аснову для супрацоўніцтва, а таксама для адкрытага і свабоднага дыялогу, падпарадкавага мэтам партнёрства. Шматбаковая супраца ў межах гэтага блока будзе заснаваная на сумесных рашэннях Еўрапейскага саюзу і краінаў-партнёраў. У яго межах будзе таксама існаваць форум для абмену інфармацыяй і вопытам адносна крокаў краінаў-партнёраў у накірунку пераўтварэнняў і мадэрнізацыі, што дазволіць ЕС атрымаць дадатковы інструмент для суправаджэння гэтых працэсаў. Ён дазволіць выпрацоўку агульных пазіцыяў і сумесных мерапрыемстваў. Шматбаковы блок скіраваны таксама на развіццё сувязяў паміж самімі краінамі-партнёрамі; ён стане форумам для абмеркавання далейшага развіцця Усходняга партнёрства. Для краінаў, якія жадаюць наблізіцца да ЕС, вялікую важнасць мае заканадаўчае і нарматыўна-прававое збліжэнне. Шматбаковы блок дазволіць стварэнне ўмоваў для сістэматычнай працы ў гэтым напрамку, улучна і праз спецыяльныя паседжанні, прысвечаныя прадстаўленню і тлумачэнню з боку Еўрапейскага саюзу заканадаўства і стандартаў ЕС, а таксама параўнанню гэтага заканадаўства і стандартаў з палітыкай і заканадаўствам краінаў-партнераў.

10. Сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў і урадаў Усходняга партнёрства будуць праводзіцца па прынцыпе адзін раз на два гады – як у краінах ЕС, так і ў краінах-партнёрах. Міністры замежных спраў будуць сустракацца кожны год. На гэтых сустрэчах высокага ўзроўню будуць прымацца рашэнні дзеля вызначэння зместу Усходняга партнёрства і прасоўваць яго ажыццяўленне.

11. Мэтанакіраваныя, адкрытыя і свабодныя абмеркаванні ахопяць чатыры тэматычныя платформы, вызначаныя на цяперашні момант Еўрапейскай Камісіяй, і будуць скіраваныя на асноўныя сферы супрацоўніцтва: дэмакратыя, належнае дзяржаўнае кіраванне і стабільнасць; эканамічная інтэграцыя і канвергенцыя з сектаральнай палітыкай ЕС; энергетычная бяспека; і кантакты паміж людзьмі.

12. Першыя сустрэчы па чатырох тэматычных платформах будуць праходзіць у чэрвені 2009 года. У межах кожнае платформы будзе прыняты шэраг рэалістычных, фундаментальных мэтаў, якія мусяць перыядычна абнаўляцца, з адпаведнай працоўнай праграмай, і аглядам дасягнутага прагрэсу. Сустрэчы мусяць праводзіцца прынамсі двойчы на год на ўзроўні вышэйшых службоўцаў, уцягнутых у рэфарматарскую працу ў адпаведных галінах палітыкі. Платформы будуць дасылаць справаздачы на штогадовыя Сустрэчы Міністраў замежных спраў. Працы платформаў могуць пры неабходнасці спрыяць сустрэчы міністраў адмысловых сектараў. Будуць таксама працаваць дыскусійныя панэлі для падтрымкі тэматычных платформаў у асобных галінах. Трэція краіны будуць мець магчымасць удзельнічаць у індывідуальным парадку ў канкрэтных праектах, напрамках дзейнасці і сустрэчах тэматычных платформаў, калі гэта будзе спрыяць мэтам асобных напрамкаў дзейнасці і агульным мэтам Усходняга партнёрства. Дзейнасць у шматбаковых форумах Усходняга партнёрства павінная быць добраахвотнай і грунтавацца на прынцыпах супольнага падыходу.

13. Удзельнікі Саміту ў Празе падтрымліваюць пачатак Флагманскіх ініцыятываў, што нададуць дадатковы імпульс, канкрэтную сутнасць і бачнасць Усходняму партнёрству і чакаюць хутчэйшых дыскусіяў платформаў на гэтыя тэмы.

14. Будзе забяспечаная камплементарнасць паміж Еўрапейскім саюзам і адпаведнымі краінамі-партнёрамі, у прыватнасці Супрацоўніцтвам ў рэгіёне Балтыйскага мора. Пытанні ўзаемадзеяння з іншымі рэгіянальнымі ініцыятывамі будуць вырашацца ў індывідуальным парадку.

15. Высокія прадстаўнікі Еўрапейскага Парламенту, Камітэту рэгіёнаў, Еўрапейскага эканамічнага і сацыяльнага камітэта, Еўрапейскага інвестыцыйнага банку і Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця ўзялі ўдзел у Праскім Саміце. Усходняе партнёрства будзе прыцягваць шырокае кола суб'ектаў, улучна з урадавымі міністэрствамі і агенцтвамі, парламентамі, грамадзянскай супольнасцю, міжнароднымі арганізацыямі (такімі, як АБСЕ, Рада Еўропы і АЭСР), міжнароднымі фінансавымі інстытуцыямі, прыватным сектарам, эканамічнымі і сацыяльнымі партнёрамі для ўдзелу ў шматбаковых платформах. Такім чынам, Удзельнікі Саміту ў Празе заклікаюць парламентароў з Еўрапейскага
саюза і краінаў-партнёраў прапаноўваць ідэі наконт ініцыятывы Еўрапейскага парламенту усталяваць Парламенцкую асамблею 'ЕС – Усходнія суседзі' (EURO-NEST PA), а таксама заклікаюць Еўрапейскую камісію распрацоўваць і прапаноўваць мадэлі для ўсталявання Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. Удзельнікі таксама заклікаюць Еўрапейскі інвестыцыйны банк працаваць над інвестыцыйнай падтрымкай у межах свайго мандату ва Усходнім суседзтве на карысць малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Яны запрашаюць Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця і іншыя міжнародныя фінансавыя інстытуцыі да ўсталявання інструментаў падтрымкі малых і сярэдніх прадпрыемстваў.

Фінансаванне

16. У адпаведнасці з Дэкларацыяй аб Усходнім партнёрстве, прынятай Еўрапейскай Радай, будзе забяспечаная дадатковая фінансавая падтрымка дзеля мэтаў Усходняга партнёрства і улічваючы прагрэс кожнай асобнай краіны-партнёра. Удзельнікі Саміту ў Празе пагаджаюцца, што апроч грантавай падтрымкі Супольнасці і нацыянальнага суфінансавання, імплементацыя Усходнгяа партнёрства запатрабуе дадатковых фінансавых рэсурсаў і з гэтае прычыны яны звяртаюцца да іншых донараў, міжнародных фінансавых інстытуцыяў і прыватнага сектару па забеспячэнне дадатковага фінансавання ў падтрымку рэформаў, флагманскіх ініцыятываў і праектаў.

17. Усходняе партнёрства мусіць змяшчаць інавацыйны падыход да спрыяння супольнай уласнасці і больш глыбокага супрацоўніцтва паміж дзяржаўным і прыватным сектарамі. Актыўная палітычная падтрымка і стымулы і гарантыі ЕС
прыватнаму сектару павінныя стварыць умовы для матывацыі прыватнага сектару да інвеставання ў канкрэтныя праекты ў краінах-партнёрах, і такім чынам робячы ўнёсак у дасягненне мэтаў Усходняга партнёрства.

18. Удзельнікі Саміту ў Празе заклікаюць ЕІБ, ЕБРР і іншыя міжнародныя фінансавыя інстытуцыі да пашырэння іх падтрымкі ўсім краінам-партнёрам у працэсе рэформаў і мадэрнізацыі і для вызначэння адпаведных інвестыцыйных праектаў.

Заключныя палажэнні

19. Удзельнікі Саміту ў Празе пагаджаюцца пра неабходнасць спрыяння ключавым прынцыпам і мэтам Усходняга партнёрства сярод грамадскасці, дзеля мабілізацыі падтрымкі і інфармавання. Большая бачнасць канкрэтных праектаў і дзейнасці наблізіць ініцыятыву да грамадзянаў.

20. Удзельнікі Саміту ў Празе заклікаюць цяперашняе і будучае Старшынства Рады Еўрапейскага саюзу, а таксама Еўрапейскай камісіі для узмацнення іх сумесных высілкаў з краінамі-партнёрамі дзеля вызначэння графіку сустрэчаў міністэрстваў і вышэйшых службовых асобаў у рамках шматбаковага вымярэння Усходняга партнёрства, вызначэння прыярытэтаў дзейнасці тэматычных платформаў на перыяд з 2009-2010 гадоў і падрыхтоўкі прапановаў па рэалізацыі Флагманскіх ініцыятываў у бліжэйшы час.

21. Удзельнікі Саміту ў Празе ўпэўненыя, што вынікі Саміту ў Празе і ўсталяванне Усходняга партнёрства будуць спрыяць справе дэмакратыі, узмоцняць стабільнасць і дабрабыт, несучы трывалыя і адчувальныя выгоды гамадзянам усіх краінаў- удзельніцаў. Удзельнікі Саміту ў Празе будуць блізка супрацоўнічаць дзеля дасягнення мэтаў, прадугледжаных гэтай Сумеснай дэкларацыяй.

Prague Declaration