У снежні 2006 года Еўразвяз папярэдзіў, што можа пазбавіць Беларусь гандлёвых прэферэнцый, у выпадку, калі тая не выканае сваіх абавязальніцтваў перад Міжнароднай арганізацыяй працы (МАП) па забеспячэнні правоў свабодных прафсаюзаў. Сёння МАП прыйшла да высновы, што Беларусь не зрабіла неабходнага, каб забяспечыць выкананне аднаго з галоўных правоў працоўных – права на свабоду асацыяцый, таму краіна будзе выключана з Агульнай сістэмы прэферэнцый (GSP) 21 чэрвеня 2007 г.
Еўрапейская камісія спадзяецца, што Беларусь як сябра МАП будзе выконваць свае абавязальніцтвы і паважаць базавыя правы прафсаюзаў, як сказана ў падпісаных паміж Беларуссю і МАП дамоўленасцях.
Еўракамісія вельмі шкадуе, што нягледзячы на пастаянныя заклікі, беларускія ўлады не зрабілі канкрэтных крокаў да паляпшэння сітуацыі з правамі прафсаюзаў. Як толькі краіна выканае свае абавязальніцтвы перад МАП, Камісія прапануе аднавіць для яе дзеянне сістэмы агульных прэферэнцый.
Зараз усё залежыць толькі ад беларускага кіраўніцтва, і Еўракамісія заклікае да хутчэйшых дзеянняў па забеспячэнні павагі правоў беларускіх працоўных.
Еўракамісія заўсёды настойвала на тым, каб павага да правоў працоўных была сярод мэтаў палітыкі Звязу ў дачыненні да прафсаюзаў.
Якія наступствы мае адмена прэферэнцый?
Адмена гэтых тарыфаў не спыніць беларускага экспарту ў краіны Еўразвязу, але адновіць у дзеянні стандартныя тарыфы на імпарт у ЕЗ, што розняцца з “ільготнымі” на 3 %. Адмена прэферэнцый адаб’ецца на 10% беларускага экспарту.
Падставы для скасавання:
У 2003 г. Еўракамісія вырашыла распачаць вывучэнне сітуацыі са свабодай асацыяцый у Беларусі. Аналіз выявіў, што ў краіне адбываюцца сур’ёзныя рэгулярныя парушэнні гэтага вызначальнага права працоўных.
У жніўні 2005 г. Камісія прыйшла да высновы, што неабходна наладзіць маніторынг і ацэньваць сітуацыю на працягу 6 месяцаў, даўшы Беларусі час выканаць свае абавязальніцтвы і зрабіць неабходныя захады ў адпаведнасці з “Базавым працоўным прынцыпам і правамі”, што адлюстраваны ў 12 рэкамендацыях справаздачы за ліпень 2004 г., падрыхтаванай даследчай камісіяй МАП.
У снежні 2006 г. Рада пагадзілася выключыць Беларусь з Агульнай сістэмы прэферэнцый з умовай, што краіне дадуць яшчэ 6 месяцаў на тое, каб выканаць абавязальніцтвы перад МАП.
Меры, прынятыя Беларуссю, МАП палічыла “яўна недастатковымі”. Улады пайшлі на працэдурныя змяненні, якія на практыцы не паляпшаюць сітуацыю з правамі працоўных.
Каб атрымаць больш інфармацыі тэлефануйце Хрысціне Хофман +32 229 91196 ці Стэфану Адамсу +32 498963166