Сёння падчас прамовы на міжнароднай Донарскай канферэнцыі па Беларусі ў Варшаве, Еўракамісар Штэфан Фюле абвясціў, што Еўрапейская камісія мае намер павялічыць фонды на падтрымку грамадзянскай супольнасці краіны ў чатыры разы, што складзе 15,6 мільёнаў еўра.
Камісар па ўзбуйненні і Еўрапейскай палітыцы добрасуседства Штэфан Фюле пракаментаваў гэта рашэнне наступным чынам: “Каб прадэманстраваць нашу абсалютную падтрымку грамадзянскай супольнасці Беларусі ў гэты складаны час мы павялічым фінансаванне з 4 мільёнаў, што маюцца цяпер, да 15,6 мільёнаў еўра. Гэтымі захадамі мы спрабуем недапусціь ізаляцыі беларускага народа. Я веру, што ў гэтым сэнсе на нас ускладзена вялікая адказнасць”.
Высокая прадстаўніца Еўрасаюзу і віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Кэтрын Эштан і Камісар па ўзбуйненні і Еўрапейскай палітыцы добрасуседства Штэфан Фюле асудзілі гвалт, што распачаўся ў Беларусі пасля выбараў 19 снежня 2010, запатрабаваўшы неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх арыштаваных і спынення пераследу грамадзянскай супольнасці. Паколькі сітуацыя не змянілася, у Еўрасаюза не заставалася іншага выбару, акрамя як ужыць санкцыі.
Тым не менш, Еўракамісія вырашала таксама ўзмацніць і зрабіць больш дзейснай падтрымку насельніцтва Беларусі. Як адзначыў Еўракамісар Штэфан Фюле, на міжнароднай донарскай сустрэчы ў Варшаве, ЕК павялічыць сваё фінансаванне для Беларусі ад 4 да 15,6 мільёнаў еўра, якое найперш пойдзе на падтрымку грамадскіх арганізацый, незалежных СМІ і студэнтаў, якія сталіся цэльнікамі рэпрэсій. Дапамога прыйдзе ўжо напрыканцы лютага – пачатку сакавіка.
Першы крок – гэта падрыхтоўка захадаў па аказанні тэрміновай дапамогі ахвярам рэпрэсій і прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці. Прыблізны бюджэт на гэтыя мэты ў рамках “Інструмента за стабільнасць” складзе 1,7 мільёна еўра. Фінансавая дапамога стане даступнай для беларускіх НДА і незалежных медый, якія праводзяць асветніцкія кампаніі і займаюцца праграмамі па прадстаўніцтве інтарэсаў.
Што датычыць сярэднетэрміновай дапамогі (на перыяд 2011 – 2013 год), у святле апошніх падзей, Камісія мае намер павялічыць фінансаванне грамадзянскай супольнасці ў чатыры разы (15,6 мільёнаў еўра).
Базавая інфармацыя:
Еўрапейская камісія павялічыць даступнае на дадзены момант фінансаванне з 4 да 15,6 мільёнаў еўра. Гэтыя сродкі будуць скіраваны на падтрымку беларускіх НДА, незалежных СМІ і студэнтаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій. Дапамога будзе ажыццяўляцца па трох асноўных накірунках:
Па-першае, Еўрапейская камісія забяспечыць павялічаннае фінансавання ў рамках Інструменту за дэмакратыю і Правы чалавека і Праграмы недзяржаўных актараў.
Па-другое, ЕК працягне штогадовы мільённы грант для Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта на выгнанні ў Вільні, каб надалей развіваць бясплатную адукацыю высокага ўзроўню для маладога пакалення беларусаў.
Па-трэцяе, Еўракамісія прапануе дадатковыя стыпендыі, каб паспрыяць студэнцкай мабільнасці і абменам паміж адукацыйнымі ўстановамі з Беларусі і ЕС у больш шырокім сэнсе.