Прэзідэнцтва Еўразвязу ад імя краін-сяброў Звязу выражае моцнае расчараванне арыштамі вялікай колькасці дэманстрантаў, асабліва моладзі, і асуджае ужыванне гвалту падчас разгону мірных удзельнікаў шэсця з нагоды Дня волі ў Мінску і іншых беларускіх гарадах 25 сакавіка. Еўрапейскі Звяз нагадвае, што галоўная дэманстрацыя ў Мінску была дазволена ўладамі горада і праходзіла ў мірным рэчышчы, таму мы заклікаем безадкладна вызваліць усіх арыштаваных і ўстрымацца ад іх далейшага пераследу.
Еўразвяз неаднаразова пацвярджаў сваё жаданне развіваць канструктыўныя адносіны з Беларуссю. Мы ўлічылі той пазітыўны момант, што ў апошні час былі вызвалены ўсе міжнародна прызнаныя палітычныя вязні, за выключэннем аднаго. Еўразвяз паўтарае, што чакае хуткага і безумоўнага вызвалення апошняга палітзняволенага сп. Аляксандра Казуліна, што зрабіла б магчымым прагрэс у дачыненнях паміж ЕЗ і Беларуссю.
Каб палепшыць свае дачыненні з Еўрапейскім Звязам беларускія ўлады мусяць устрымацца ад далейшых арыштаў і спыніць пераслед прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. У гэтым звязку падзеі 25 сакавіка і пераслед па ўсёй краіне журналістаў, звязаных з зарубежнымі медыямі, што распачаўся 27 сакавіка, выклікаюць вельмі сур’ёзную заклапочанасць. Таксама непакоіць абыходжанне з паслом Злучаных Штатаў і супрацоўнікамі амбасады, якія вымушаны былі пакінуць Мінск у кароткі тэрмін.
ЕЗ спадзяецца, што Беларусь усё ж зробіць канкрэтныя крокі для таго, каб зрабіць магчымым узнаўленне адносін з Еўразвязам.
Фота з сайта Рады Еўропы