ОДБ Брусель правёў трэнінг па праектным менеджменце ў Брэсце

22 сакавіка 2016 года ў межах праграмы ОДБ "Дом узаемаразумення" ў Брэсце прайшоў трэнінг "Ад ідэі да праекту". Удзельнікі трэнінгу пазнаёміліся з інструментамі праектнага менеджменту і фандрайзінгу і абмеркавалі асаблівасці выканання праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі ў рэгіёне дзеля вырашэння лакальных праблем адпаведна з патрэбамі мясцовых супольнасцей. Суарганізатарам мерапрыемства выступіў Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта. Прадстаўнікі НДА і сацыяльных устаноў ацанілі перспектывы, умовы і накірункі міжсектарнага супрацоўніцтва.

Максім Падбярозкін, каардынатар праграмы "Дом узаемаразумення"

 

Каардынатар праграмы "Дом узаемаразумення" ў Беларусі Максім Падбярозкін распавёў пра формы міжнароднага фінансавання праектаў і магчымасці іх рэалізацыі ў нашай краіне. Удзельнікі мерапрыемства даведаліся пра дзейныя міжнародныя праграмы фінансавання і конкурсныя ўмовы аказання тэхнічнай і грашовай падтрымкі.

Прадстаўнікі брэсцкага рэгіёну пазнаёміліся з методыкай ацэнкі патрэбаў мясцовых супольнасцей. У прыватнасці, удзельнікі трэнінгу сканцэнтраваліся над вызначэннем прыярытэтных праблем, якія могуць быць пакладзенымі у аснову карыснага для грамадства праекта.

Досвед праграмы ОДБ  "Дом узаемаразумення" сведчыць, што менавіта вызначэнне праблемы і аналіз матывацыі зацікаўленых у яе вырашэнні бакоў з'яўляюцца найбольш складаным момантам у часе падрыхтоўкі заявак новых праектаў, асабліва калі такія прапановы рыхтуюцца з удзелам дзяржаўных устаноў. Аўтарам новых праектаў у такой сітуацыі вельмі складана адарвацца ад тэрміновых планаў і праграм і знайсці дадатковы час, каб выявіць і адштурхнуцца ад канкрэтных патрэбаў супольнасці. 

Уладзімер Красько, кансультант праграмы "Дом узаемаразумення"

Вядоўца трэнінгу кансультант праграмы "Дом узаемаразумення" Уладзімер Красько распавёў пра асаблівасці планавання бюджэту, ацэнкі і выкарыстання лакальных рэсурсаў падчас рэалізацыі рэгіянальнага праекту. Таксама кансультант засяродзіў увагу на асаблівасцях падрыхтоўкі заяўкі праекту да міжнароднага конкурсу, планавання мерапрыемстваў і дзеянняў для паспяховага дасягнення вынікаў.

Падчас практычных заданняў удзельнікі змаглі патрэніравацца ў распрацоўцы аптымальных рашэнняў мясцовых праблем.

Варта адзначыць, што прадстаўнікі дзяржаўных устаноў сацыяльнага абслугоўвання Брэсцкай вобласці выказалі жаданне больш супрацоўнічаць з НДА у межах дзяржаўнай сацыяльнай замовы, аднак мясцовыя недзяржаўныя арганізацыі пакуль яшчэ пасіўныя ў гэтым кірунку.

Прадстаўнікі інфармацыйна-асветніцкай установы "За ВелаБрэст", якія таксама ўдзельнічалі ў семінарах, адзначылі, што часта, рыхтуючы праектныя прапановы і планы дзеянняў для праектаў, узнікае жаданне зрабіць вельмі шмат чаго, але абмежаванні ў рэсурсах і тэрмінах выканання прымушаюць сканцантравацца толькі на самым істотным - тым, што спрыяе дасягненню доўгатэрміновых устойлівых вынікаў.

ОДБ