Напярэдадні зімовых святаў некамерцыйная арганізацыя Pact традыцыйна адзначае заўважныя падзеі, якія адбыліся і паўплывалі на грамадзянскую супольнасць цягам года. Пяты год запар Pact прэзентуе сваю гарачую дзесятку: намінацыі не з'яўляюцца пастаяннымі, а штогод падкрэсліваюць найбольш выразныя, на думку каманды Pact Беларусь, змены, якія былі ініцыяваныя трэцім сектарам і паўплывалі на жыццё краіны і асобных супольнасцей.
Грамадскія Ініцыятывы Года: Press Club Belarus і Інтэлектуальны клуб Святланы Алексіевіч
У сакавіку 2016 года адбылося афіцыйнае адкрыццё Press Club Belarus у Мінску. Ад самага пачатку дзейнасці Press Club арганізуе на сваёй пляцоўцы шматлікія імпрэзы для абмену ідэямі і думкамі паміж журналістамі, палітыкамі і іншымі экспертамі. Pact таксама адзначае пачатак яшчэ адной новай грамадскай ініцыятывы – у снежні 2016 года нобелеўская лаўрэатка па літаратуры Святлана Алексіевіч зладзіла першае пасяджэнне Інтэлектуальнага клуба, каб “глядзець на рэчы значна глыбей”. Галерэя TUT.BY здолела прыняць толькі 200 слухачоў з 600 зарэгістраваных на сустрэчу.
Падзеі (і) Года: Мінскі Дыялог Track-II платформа
У 2016 годзе экспертная Track-II (няўрадавая) платформа “Мінскі Дыялог” арганізавала шэраг дыскусійных мерапрыемстваў па надзённых глабальных выкліках і наладжванні міжнароднага супрацоўніцтва, у т.л. абмеркаванне вынікаў Мінскіх пагадненняў па сітуацыі ва Ўкраіне, агульнаеўрапейскія інтэграцыйныя працэсы, замарожаныя канфлікты на постсавецкай прасторы, 25 год пасля развалу СССР і інш. Чыноўнікі, дыпламаты і эксперты найвышэйшага рангу, у тым ліку кіраўнік беларускага МЗС, міністр Еўразійскай эканамічнай камісіі, кіраўніца Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі, бралі ўдзел у “Мінскім Дыялогу”.
Лакальная Ініцыятыва Года: Шоў “Горад”
Праект “Горад” стаў першым рэаліці шоў у Беларусі, які зрабіў спробу прадставіць грамадскі актывізм у папулярным фармаце для ўцягнення насельніцтва ў жыццё сваіх супольнасцей. У часе праекта лакальныя лідары праходзілі інтэнсіўнае навучанне і ўвасаблялі свае ідэі ў супольнасцях – увесь працэс адлюстраваны ў 11 відэа эпізодах. Аўтар ідэі “Горада”, Цэнтр культурнага менеджмента распачынае другі сезон праекта ў наступным годзе.
Фандрайзінг Года: Часопіс “Имена”
Онлайн часопіс “Имена” распачаў сваю дзейнасць у красавіку 2016 года і стаў першым беларускім медыя, якое цалкам фінансуецца за кошт чытачоў. Гісторыі, які публікуе часопіс пра тых, хто мае патрэбу ў дапамозе, маюць шырокі рэзананс і знаходзяць падтрымку ў грамадстве. Збіраючы грошы праз платформу Talaka.by, “Имена” ўсталяваў як сама мала два краўдфандынгавыя рэкорды – болей за 20 тысяч даляраў на ўласную дзейнасць часопіса і 34,6 тысяч даляраў на закупку энтэральнага харчавання ў дзіцячы інтэрнат.
Чытайце агляд цалкам на афіцыйным сайце