Мы папулярызуем агульна-еўрапейскія каштоўнасці
Праз узаемнае навучанне і перайманне лепшых практык мы спрыяем папулярызацыі агульна еўрапейскіх каштоўнасцей ў нашай краіне. Гэтыя каштоўнасці ўключаюць асабістыя свабоды, актыўную грамадзянскую пазіцыю, павагу да іншых культур, мірнае жыццё і эканамічны росквіт, якія разглядаюцца беларусамі як найбольш істотныя. Мы наладзілі рэгулярны абмен досведам паміж экспертамі з Беларусі, Еўрасаюзу і краін “Усходняга партнёрства” праз арганізацыю навучальных візітаў, круглых сталоў, семінараў у Беларусі і па-за яе межамі. Мы збіраем разам экспертаў з дзяржаўных арганізацый і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці для адкрытага абмену меркаваннямі ў розных сферах.
Мы ствараем дадатковыя каналы камунікацый
Мы лічым Беларусь часткай Еўрапейскай сям’і , дзе наяўнасць межаў не павінна стаць перашкодай для эфектыўнай камунікацыі паміж беларусамі ды іншымі еўрапейскімі народамі. Мы хочам, каб нашыя суайчыннікі мелі доступ да адукацыйных і даследчых праграм, што прапануе Еўрасаюз, маглі карыстацца ўсімі выгодамі ды інавацыямі ў тым ліку і для развіцця грамадзянскай супольнасці. Мы запрашаем лепшых беларускіх і міжнародных экспертаў у Брусель, каб тыя прапаноўвалі свае рэкамендацыі па фармаванні палітыкі ў дачыненні Беларусі інстытутам ЕС.
Мы пашыраем экспертызу
У 2008 годзе мы распачалі праграму “Беларусь-ЕС: дзелімся досведам” пры падтрымцы Шведскай і Дацкай міжнародных агенцый па развіцці супрацоўніцтва. За чатыры гады яе існавання некалькі дзесяткаў экспертных візітаў, канферэнцый і семінараў адбылося ў Мінску, Бруселі і краінах “Усходняга партнёрства”. Беларускія эксперты ў пытаннях альтэрнатыўнай энергетыкі правялі даследаванне і падрыхтавалі рэкамендацыі па павелічэнні эфектыўнасці міжнародных праграм тэхнічнай дапамогі. У галіне транспарту было падпісана некалькі міжнародных пагадненняў аб супрацоўніцтве, падтрыхтаваная канцэпцыя па гарманізацыі заканадаўства ў галіне аўтобусных пасажырскіх перавозак з нормамі ды стандартамі ЕС, праведзены аналіз Кодэкса аб вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Мы развіваем культурную дыпламатыю
Мы карыстаемся інструментамі культурнай дыпламатыі каб адкрываць Беларусь для заходняй публікі і бліжэй знаёміць саміх беларусаў з набыткамі культуры краін-сяброў ЕС і “Усходняга партёнрства” і іх гісторыяй. Мы робім гэта праз арганізацыю выстаў беларускіх майстроў, паказ стужак нашых рэжысёраў, літаратурныя чытанні і канцэрты ў розных еўрапейскіх гарадах. У траўні 2013 мы разам з шэрагам беларускіх і міжнародных партнёраў распачалі традыцыю Еўрапейскага міжкультурнага фестывалю ў Мінску і некаторых іншых беларускіх гарадах.
Мы любім тое, што робім