Семінар Сацыяльнае прадпрымальніцтва ў Беларусі прайшоў у Мінску

Пляцоўкай для семінара стаў Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ё. Раў. Тут сустрэліся як тэарэтыкі сацыяльнага прадпрымальніцтва, так і практыкі са сваімі гатовымі і ўжо запушчанымі праектамі, арыентаванымі на людзей у патрэбе.

Што ж такое сацыяльнае прадпрымальніцтва? Тлумачыць прасцей за ўсё на канкрэтным прыкладзе.

 

IT-сфера – выйсце для людзей з абмежаванымі магчымасцямі

 

"Гіпермаркет паслугаў 124", які займаецца навучаннем і працаўладкаваннем інвалідаў 1-2 групы прэзентаваў Ігар Стрыга, сам інвалід-вазочнік. Гіпермаркет найперш дае магчымасці навучання ў камп’ютарнай сферы: 20-30 чалавек праходзяць працоўную адаптацыю штогод.

Геаграфія праекта ахоплівае ўсю Беларусь: Горадня, Гомель, Мёры і г.д. Як прызнаўся сам Іван Пятровіч, адзін з падапечных у яго працуе нават з хутара – абы камп’ютар быў ды інтэрнэт. Працаўладкаванне пасля навучання адбываецца максімум праз паўгода, кіраўніцтва гэта адсочвае. Ды і сам гіпермаркет прадстаўляе дастаткова паслугаў у IT-сферы, прыкладам, цэлы аддзел там працуе адно над распрацоўкай і прасоўваннем сайтаў.

Такім чынам, прынцыпы працы сучаснага IT-бізнесу перанесеныя на людзей з абмежаванымі магчымасцямі, ставячы іх у адзін шэраг з рэштай праграмістаў ды адмыслоўцаў. У гэтым, мабыць, і ёсць квінтэсенцыя сучаснага сацыяльнага прадпрымальніцтва.

 

Бум сацыяльных прадпрыемстваў у Нідэрландах

 

З вялікай лекцыяй на семінары выступіў прафесар Герд Юнэ, кіраўнік праўлення The Network University у Нідэрландах. Ягоная структура – гэта не класічны ўніверсітэт, яна зарэгістраваная як фонд, але працуе па факце як сацыяльнае прадпрыемства. Сп. Юнэ зрабіў акцэнт на тым, як менавіта сацыяльнае прадпрымальніцтва працуе ў ягонай краіне.

Апошнія пяць гадоў назіраецца своеасаблівы бум сацыяльнага прадпрымальніцтва ў Нідэрландах. За гэты час было створана 25 000 працоўных месцаў. У тым жа Амстэрдаме цэлы дзень можна правесці ў рэальнасці сацыяльных прадпрыемстваў, задавальняючы ўсе свае патрэбы.

 

Прыкладам, нідэрландзец устае ранкам і ўключае святло, электрычнасць для якога дае фермер, які вырабляе яго зялёным спосабам з дапамогай ветрака. Далей умоўны нідэрландзец заварвае каву, зробленую кампаніяй "Пах кавы" на прынцыпах "справядлівага гандлю". Акцыі належаць непасрэдна фермерам з Калумбіі, якія каву вырошчваюць, а не буйным манапалістам.

Далей нідэрландзец выклікае таксі, бо спазняецца на працу, і набірае нумар "Электра-таксі": экалагічна чысты транспарт, з умовамі наёму кіроўцаў старэйшых за 50, якім цяжка было б знайсці працу ў іншых фірмах.

На ланч той жа нідэрландзец можа пайсці ў сетку закусачных Colour Kitchen, дзе працуе моладзь, якой цяжка ўладкавацца на працу праз судзімасць альбо інваліднасць. Дарэчы, у Нідэрландах ёсць некалькі знакамітых шэф-кухараў, якія выйшлі з менавіта з гэтай сеткі. І гэтак далей…

 

Што робіць прадпрыемства сацыяльным?

 

Прысутнасць моманту сацыяльнай адказнасці ва ўсім ланцугу вытворчасці альбо, прынамсі, канкрэтнае звяно ланцуга арыентаванае на гэты момант. Калі зыходзіць з умоўнага ланцуга "Прадукт – працэс – персанал – кліенты – распарадак", то атрымаем наступную карціну з прыкладамі.

Прадукт. Fairphone – гэта незвычайны айфон. Распрацоўшчык спецыяльна займаецца дзецьмі ў Конга, якія здабываюць мінералы, уключаныя ў працэс вытворчасці тэлефона. Зазвычай мінералы паходзяць з краінаў трэцяга свету, дзе ідуць канфлікты. А тут – сыравіна з рэгіёнаў, дзе годныя ўмовы працы, за якімі сочыць кіраўніцтва фірмы.

Працэс. Yumeko – экалагічна чыстая бавоўна, з якой робіцца пасцельная бялізна. Вытворчасць не наносіць шкоды навакольнаму асяроддзю, а выніковы прадукт не шкодзіць спажыўцу.

 

 

Персанал. Закусачная Colour Kitchen альбо Social Bite. У апошняй ежу гатуюць прадстаўнікі маламаёмасных слаёў насельніцтва альбо бяздомныя.

Кліенты. Cloud Cuddle – бізнес-праект, які робіць мэблю і іншыя прадметы штодзённага ўжытку, адаптаваныя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Распарадак. Усе вышэйпералічаныя фірмы і праекты. Для сацыяльнага прадпрымальніцтва характэрны выключна дэмакратычны стыль кіраўніцтва і лаяльнае стаўленне да працоўных.

 

Ці мусяць бізнес-праекты ў гэтай сферы прыносіць прыбытак?

 

Паводле сп. Юнэ, прадпрыемствы як мінімум не павінныя несці стратаў, каб магчы працаваць далей. У фінансавым жа плане прафесар раіць задумвацца аб доўгатэрміновай перспектыве: не як атрымаць максімальны прыбытак, а як яго выкарыстаць.

Асноўная мэта сацыяльнага прадпрымальніцтва – сацыяльны эфект, а не асабістае ўзбагачэнне. Але каб яго ствараць, абавязкова трэба быць прыбытковым. У сувязі з гэтым такім праектам, безумоўна, складаней існаваць, чым традыцыйнаму бізнесу.

 

 

Цікава, што нават у Нідэрландах агульны аб’ём удзелу сацыяльнага прадпрымальніцтва ў эканоміцы краіны невялікі. Паводле прафесара Юнэ, каля 2 адсоткаў. Але за апошнія 5 гадоў колькасць такіх прадпрыемстваў падвоілася, такую ж дынаміку можна прагназаваць і надалей. Зразумела, што ў нашым рэгіёне размова будзе ісці пакуль у лепшым выпадку пра долі адсотка…

 

Падводныя камяні: прыклад бясплатнага абутку для Аргенціны

 

Як ні дзіўна, нават у гэтай сферы бываюць свае падводныя камяні, прычым не толькі з разраду бізнес-небяспекаў для аўтара праекта. Хрэстаматыйны прыклад: амерыканская кампанія, якая прадавала пару ботаў за 80 даляраў, хоць рэальны кошт быў 40. Пакупнік свядома даплачваў, каб яшчэ адна такая ж пара абутку паехала ў Аргенціну і цалкам бясплатна апынулася ў руках тых, хто мае ў гэтым патрэбу.

На першы погляд, цудоўны прыклад свядомай дабрачыннасці і дапамогі тым, хто ў патрэбе, але… Праз гэта без працы засталіся дробныя шаўцы ў самой Аргенціне, якія не змаглі канкураваць з "цэнтралізаванай дабрачыннасцю". Гэта іншы бок сацыяльнага бізнесу.

"Згодны, так часам бывае з праектамі, заснаванымі на цалкам добрых намерах, – каментуе прафесар, – бо вынік не заўжды можна прадказаць. Да такіх рэчаў варта ставіцца вельмі ўважліва. Збор вопраткі ў Еўропе і перадача яго ў краіны, якія развіваюцца, таксама ў пэўным сэнсе знішчае мясцовых вытворцаў. Таму варта быць уважлівымі і старацца пралічваць такія моманты".

 

 

У Беларусі ідэя сацыяльнага бізнесу толькі набірае абароты

 

На семінары таксама былі прадстаўленыя стэнды праектаў, тым ці іншым чынам завязаных на сацыяльнае прадпрымальніцтва.

 

 

Унітарнае прадпрыемства "Арт-ідэя" з 2010 года спецыялізуецца на працы з людзьмі з парушэннямі развіцця. Як патлумачыла каардынатарка праекта Наталля Андрэева, прадпрыемства дае магчымасці для навучання людзям, якія не ў стане працаўладкавацца самастойна. За шэсць гадоў на рынак працы выведзены 21 чалавек.

 

 

Кацярына Каўрова распавяла аб праекце "Нашы майстры", які ўяўляе сабой некалькі майстэрняў у Смалявічах і Мінску. Там працуюць людзі, якія перамаглі пэўную залежнасць. Кожны іх працоўны дзень – гэта новы дзень без наркотыкаў альбо алкаголю. Як і ў папярэднім праекце, вытворчы профіль – сувенірная прадукцыя.
 

 

Свой стэнд прадставіла і кампанія "Будзьма беларусамі". Марыя Шарый распавяла пра культурніцкі профіль кампаніі і яе канкрэтныя праекты: беларускі насценны каляндар на кожны год, фестываль рэкламы ADNAK, шматлікія выдавецкія ініцыятывы і інш.

Характэрна, што на семінары прысутнічалі людзі, якія толькі рыхтуюцца ўвайсці ў сферы сацыяльнага прадпрымальніцтва і шукаюць выхады да патэнцыйных калегаў альбо цікавяцца чужым досведам. Кожны пры гэтым зыходзіць з асабістага вопыту і канкрэтных жыццёвых сітуацыяў.

Прыкладам, рамеснік, які правёў некалькі гадоў у месцах пазбаўлення волі, шукае магчымасці для адкрыцця майстэрні па працы са скурай, куды хацеў бы залучыць моладзь, што прайшла праз турму і мае патрэбу ў сацыялізацыі.

Відавочна, што на наступным такім семінары з беларускага боку можа з’явіцца нашмат больш унікальных праектаў, ды і сам тэрмін "сацыяльнае прадпрымальніцтва" з часам перастане быць для беларусаў таямніцай альбо экзотыкай.

 

Аўтар: Алесь Кіркевіч. Фота: Яўген Ерчак.

Budzma.by