Учора ўвечары ў нямецкім горадзе Дрэздэн адбылося адкрыццё выставы “Візуальны код часу: постсавецкае мастацтва плаката Беларусі”, падрыхтаванай "Офісам за дэмакратычную Беларусь" і Беларускім саюзам дызайнераў пры падтрымцы нямецкай фундацыі Роберта Боша і Амерыканскага фонда Маршала (Браціслава).
Чарговы раз выстава выклікае рэфлексію самых розных гледачоў, чым падкрэслівае універсальны характар вынайдзенай беларускімі плакатыстамі семіотыкі, варыяцыі ўспрымання якой, могуць мець розныя адценні, цікавыя і нечаканыя. Аналітычны ракурс таго, што спачатку вынайшлі мастакі, а затым убачылі спажыўцы культурнага прадукту, пры чым у розных краінах, пашыраецца.
Вельмі каштоўнай была адзнака, дадзеная выставе адным наведвальнікам з Іспаніі, які адзначыў, што працы экспазіцыі карэнным чынам разбураюць сфарміраваны ў Еўропе стэрэатып пра савецкі плакат выключна як узор камуністычнай прапаганды. Беларускія плакаты, створаныя на хвалі перабудовы, менавіта і сталіся рэакцыяй на аднабокую ва ўсіх сэнсах прапаганду папярэдніх гадоў і заклікалі гледача да іншага асэнсавання рэчаіснасці, для чаго вынайшлі своеасаблівую выяўленчую мову.
У адным фармаце з выставай праходзіць шэраг культурных мерапрыемстваў, звязаных з Беларуссю, якія арганізаваны дрэздэнскай арганізацыяй Kultur Aktiv у рамах фестывалю Rock4Peace. Экспазіцыі плаката ў студэнцкім клубе Aquarium (St. Petersburger Str.21 D - 01069 Dresden), якая прабудзе там да канца лістапада, спадарожнічаюць паказ дакументальнай кінастужкі “За свабоду 1...2...3”, чытанні кнігі Артура Клінава “Менск – горад СОНца”, выступ музычнага гурта “Джамбімбум”. Такі творчы “мікс” дае магчымасць супастаўлення культурных прадуктаў рознага кшталту. Асабліва яскрава гэта можна было бачыць падчас чытання кнігі Артура Клінава, калі паталагічны горад “Краіны шчасця”, створаны як мадэль сацыяльнага і палітычнага ладу савецкага грамадства, супастаўляецца з прыкладам неангажаванага мыслення ў мастацтве плаката часоў перабудовы.



