Выстава беларускага плаката паўторна адкрылася ў Беруселі

Сонечным днём сустрэў зазвычай пахмуры Брусель выставу беларускага плаката. У адміністрацыі раёнаў Эвэр (d’Evere) ды Форэ (Forest) палічылі, што адной прэзентацыі плёну працы вядомых беларускіх плакатыстаў будзе замала. І сапраўды, у Заходняй Еўропе існуе вялікая цікавасць да савецкага і поставецкага мастацтва, а такі даступны жанр, як сацыяльны плакат, заўсёды знойдзе свайго гледача.

Выстава беларускага плаката – першая імпрэза, зладжаная ў адрэстаўраваным культурным цэнтры Форэ, – калісьці закінутым бровары, які намаганнямі мясцовай камуны ператварыўся ў сучасную галерэю і месца правядзення творчых мерапрыемстваў.

На такія выставы звычайна прыходзяць людзі, пэўным чынам абазнаныя ў беларускім пытанні, а таксама тыя, для каго слова “Беларусь” пачутае альбо прачытанае ўпершыню. Кажуць, першае ўражанне – самае моцнае. Мы спадзяёмся, што прадэманстраваўшы творы беларускіх дызайнераў, чые работы не адзін раз перамагалі на спецыялізаваных міжнародных конкурсах і захоўваюцца ў розных музеях свету, улучаючы знакаміты Луўр, мы дапамаглі зрабіць гэта ўражанне прыемным.

“Офіс за дэмакратычную Беларусь” выказвае асаблівую падзяку адміністрацыі муніцыпалітэта Forest  г. Бруселя, а таксама фундацыям Robert Bosch Stiftung і German Marshall Fund of the United States, Беларускаму саюзу дызайнераў, культурнай асацыяцыі Joseph Jacquemotte ды ўсім партнёрам, якія дапамаглі здзейсніць гэты праект.

Выстава была даступнай для гледача з 23 красавіка па 7 траўня.