7 кастрычніка ў Варшаўскай галерэі ZOYA, якая месціцца па адрасе: ul. Kopernika 32 m. 8 00-336 Warszawa, адкрылася выстава пад назвай “Візуальны код часу: постсавецкае мастацтва плаката Беларусі”.
Польская сталіца – першы горад, які прывітаў ў сябе вандроўную выставу, падрыхтаваную “Офісам за дэмакратычную Беларусь” пры падтрымцы нямецкай фундацыі Роберта Боша і Амерыканскага фонда Маршала (Братыслава).
У рамках нашага праекта творы выдатных беларускіх мастакоў-плакатыстаў пабачаць аўдыторыі розных гарадоў Заходняй Еўропы і будуць надалей вандраваць па сталіцах кантынента, а таксама, спадзяемся, і па краінах Паўночнай Амерыкі.
Выстава аб’ядноўвае ў сабе творы 15 выдатных прадстаўнікоў жанру, якія не раз атрымоўвалі ўзнагароды на прэстыжных міжнародных конкурсах. Сярод іх плакаты работы Уладзіміра Цэслера і Сяргея Войчанкі, Таццяны Гардашнікавай і Зміцера Сурскага, Уладзіміра Крукоўскага, Алены Кітаевай і многіх іншых.
Пры падборы выставы мы мэтанакіравана ўключылі ў яе склад творы перыяду 1980-1990-х гадоў дзеля таго, каб пазнаёміць гледача з тым, як важныя сацыяльна-палітычныя трансфармацыі, што праходзілі ў Беларусі ў гэты час, адбіліся на мастацтве плаката, прывёўшы да стварэння новых творчых прыёмаў і форм.
Экспазіцыя выклікала ў наведвальнікаў жывую цікавасць. Знаёмыя вобразы з агульнага камуністычнага мінулага краін будзілі ўспаміны, правакавалі дыскусіі. Найбольшую ўвагу гледачоў выклікалі плакаты экалагічнай тэматыкі, прысвечаныя Чарнобылю.
У чацвер, 9 кастрычніка, адбылася таксама прэзентацыя невялікага каталогу, падрыхтаванага для выставы, у якім змешчаны 44 рэпрадукцыі плакатаў з суправаджальнымі надпісамі і кароткім уступным тэкстам.
Выстава будзе знаходзіцца ў Варшаве да 21 кастрычніка, а затым павандруе далей. Наступнымі гарадамі, які прымуць яе ў сябе, будуць Берлін і Дрэздэн, пазней Брусель, Антверпен, Парыж і Трыест.
“Офіс за дэмакратычную Беларусь” выказвае падзяку ўсім арганізатарам праекта, а таксама Саюзу беларускіх дызайнераў і галерэі ZOYA, якая пагадзілася размясціць у сябе выставу бясплатна.