У Бруселі пачаліся імпрэзы, прысвечаныя гадавіне сакавіцкіх падзеяў у цэнтры Менску. У рамках мерапрыемстваў – выстава менскіх фатографаў, якія здымалі леташнія падзеі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, прагляд фільму рэжысёра Юрыя Хашчавацкага “Плошча”. Учора ўвечары ў кавярні Grand Prix Bar адбыўся паказ спектакляў “Свабоднага тэатру” пад кіраўніцтвам Мікалая Халезіна. Grand Prix Bar, што ў цэнтры бельгійскай сталіцы, мае рэпутацыю добрай і да таго ж вельмі дэмакратычнай рэстарацыі. Таксама ён вабіць брусельцаў сваімі імпрэзамі. Тут праводзяцца канцэрты, выставы. Учорашнія наведнікі Grand Prix Bar прыйшлі ў кавярню, каб паглядзець спектаклі менскага Свабоднага тэатру “Быць Гаральдам Пінтэрам” і “Пакаленне джынс”, паведамляе “Радыё Свабода”. Словы “Я свабодны!” -- лейтматыў “Пакалення джынс”. Аўтар п’есы Мікалай Халезін прысвяціў яе тым, хто, незалежна ад узросту, апранаецца ў джынсы, аддае перавагу рок-музыцы і закаханы ў свабоду. Спектакль “Гаральд Пінтэр” – таксама пра свабоду, а яшчэ і пра выбар творцы, пра праўду ў жыцці і мастацтве. У спектакль увайшлі ўрыўкі з твораў вядомага брытанскага драматурга Пінтэра, ягоная нобелеўская прамова, а таксама лісты вязняў беларускіх турмаў на волю”. У часе спектакляў усё маналогі і рэплікі актораў перакладаліся на ангельскую мову. Ля сцэны быў усталяваны вялікі экран, па якім ішлі субцітры. Паводле Вольгі Стужынскай, кіраўніцы брусельскага “Офісу за дэмакратычную Беларусь” і арганізатаркі імпрэзы, гледачоў хапала. Гэта была самая шырокая публіка, у тым ліку і бельгійскія беларусы. “Былі самыя розныя людзі. Усе яны цікавяцца беларускай сітуацыяй. Мы, са свайго боку, хочам пазнаёміць брусельцаў з нашымі таленавітымі акцёрамі, мастакамі, фатографамі, расказаць праз культурніцкія сродкі пра тое, што адбылося ў мінулую вясну ў Менску”, – сказала Вольга Стужынская. Учорашні выступ менскіх артыстаў паклаў пачатак цэлай серыі імпрэзаў, прысвечаных гадавіне сакавіцкіх падзеяў у Менску. У гэтыя выходныя брусельцы змогуць паглядзець фільм рэжысёра Юрыя Хашчавацкага “Плошча”, а таксама наведаць выставу менскіх фатографаў.
