2 сакавіка ў Бруселі адбылося адкрыццё выставы “19 снежня вачыма журналістаў”. Мерапрыемства было арганізавана “Офісам за дэмакратычную Беларусь” (ОДБ) і Беларускай асацыяцыяй журналістаў (БАЖ) у супрацоўніцтве з Пастаянным прадстаўніцтвам Каралеўства Швецыі ў Еўрапейскім Саюзе, у чыім будынку і была выстаўлена экспазіцыя.
Пасол Швецыі ў ЕС Даг Хартэліус у сваім прывітальным слове падкрэсліў важнасць данясення інфармацыі пра падзеі 19 снежня ў Мінску да больш шырокай аўдыторыі, каб утрымаць увагу да сітуацыі ў Беларусі.
46 фотаздымкаў сямі беларускіх фатографаў зафіксавалі некалькі важных момантаў паслявыбарнай беларускай рэчаіснасці: тысячы мірных пратэстоўцаў на вуліцах Мінска, цяжка ўзброены АМАП, здушэнне дэманстрацыі, жорстка збітыя ўдзельнікі акцыі і журналісты, але таксама і сведчанні салідарнасці – акцыі ля муроў вязніц, сустрэчы вызваленных з-за кратаў. Ксенія Авімава, Сяргей Балай, Дзміртый Брушко, Вадзім Заміроўскі, Аляксандр Зянкоў, Уладзь Грыдзін і Аляксей Мацюшкоў здымалі на плошчы Незалежнасці ў Мінску падчас разгортвання самых драматычных падзей.
Адкрыццё выставы суправаджалася дыскусіяй па сітуацыі са свабодай СМІ ў Беларусі, падчас якой кіраўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літваіна, Андрэй Аляксандраў і Андрэй Бастунец распавялі пра пагаршэнне сітуацыі са свабодай медый пасля прэзідэнцкіх выбараў. Яны паведамілі пра ператрусы, што адбываліся ў рэдакцыях незалежных выданняў, канфіскацыю прафесійнага абсталявання, выклікі журналістаў на допыты ў КДБ і нават арышты калег.
У якасці пазітыўнага моманту ў гэтай шокавай сітуацыі старшыня БАЖа Жанна Літвіна адзначыла рост салідарнасці ў журналісцкім цэху і разуменне важнасці ўзаемадапамогі ў грамадстве ў цэлым.
Дырэктар ОДБ Вольга Стужынская падзякавала шведскай амбасадзе за магчымасць правядзення выставы і доўгатэрміновую падтрымку грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ ў Беларусі.
“Офіс за дэмакратычную Беларусь” і Беларуская асацыяцыя журналістаў таксама выражаюць падзяку International Media Support (Міжнародная дапамога СМІ) і Міжнароднай федырацыі журналістаў за падтрымку.
Выставу "19 снежня вачыма беларускіх журналістаў" можна ўбачыць па гэтай спасылцы. Ніжэй глядзіце фота з прэзентацыі.










Andrei Aliaksandrau



























