У Бруселі адбыўся паказ дакументальнай стужкі “89 міліметраў”

8 верасня “Офіс за дэмакратычную Беларусь” сумесна з нямецкай фундацыяй Hanse Office арганізавалі паказ дакументальнага фільма маладога рэжысёра з Германіі Себастыяна Хайнцэля  (Sebastian Heinzel ) “89 міліметраў”.

Некалькі год таму ён здзейсніў падарожжа па Беларусі, каб пазнаёміцца з тым, як жывуць і ўспрымаюць свабоду маладыя людзі ў краіне так званай “апошняй дыктатуры Еўропы”.

Назва стужкі, падказаная розніцай ў шырыні чыгуначнай каляіны паміж Беларуссю (дзе яна, як і ва ўсіх краінах былога СССР, на  89 мм. шырэйшая), і заходне-еўрапейскімі краінамі, сімвалізуе адасобленасць двух гэтых светаў.

Рэжысёр паказвае ў фільме розных герояў: палітычнага ўцекача, сябра моладзевага супраціву, танцорку, журналістку, муляра, які толькі што вызваліўся з вязніцы, і салдата-патрыёта.

Спачатку сп. Хайнцэль хацеў паказаць уплыў аўтарытарнага грамадства на паўсядзённае жыццё беларускай моладзі, але потым убачыў, наколькі падобныя маладыя людзі па адзін і другі бок ад мяжы, і што “абмежаванні можна пераадолець, калі стае мужнасці шукаць і знайсці сваё ўласнае месца ў гэтым свеце”. Фільм быў добра сустрэты крытыкамі, атрымаў шэраг узнагарод на міжнародных конкурсах, а таксама на радзіме аўтара.

У часе дыскусіі, што адбылася пасля прагляду, Себастыян Хайнцэль адказаў на пытанні брусельскай аўдыторыі. Гледачы адзначылі выдатнае майстэрства аператара і манеру апавядання. Рэжысёр распавёў пра сваю першапачатковую задуму і пра тое, як здымалася стужка. “У мяне не было мэты зняць палітычны фільм, з яго дапамогай я хацеў перадаць маё асабістае ўражанне ад беларускай моладзі”, – адзначыў сп. Хайнцэль. Ён таксама сказаў, што калі б на яго месцы быў беларус, дык фільм атрымаўся б зусім іншы і прызнаўся, што цяпер і сам здымаў бы зусім інакш, бо значна больш даведаўся пра “гэту цудоўную краіну”.

 

“Офіс за дэмакратычную Беларусь” выказвае падзяку ўсім, хто ўдзельнічаў у арганізацыі паказу. Правы на карціну належаць кампаніі Kloos & Co.