4 траўня з ініцыятывы “Офіса за дэмакратычную Беларусь” адбылася інфармацыйная сустрэча са студэнтамі Адрыятычнага каледжу аб’яднанага свету (Трыест, Італія), прымеркаваная да гадавіны самай маштабнай тэхнагеннай катастрофы ў свеце – выбуху на Чарнобыльскай АЭС.
Каледж у Трыесце ўваходзіць у сістэму United World Colleges (Каледжы аб’яднанага свету). Гэта унікальная сетка навучальных ўстаноў пачала фарміравацца ў 1962 годзе ў Вялікабрытаніі з мэтай ўсталявання ідэалаў міру праз паразуменне паміж прадстаўнікамі моладзі розных краін свету. Беларусь рэпрэзентавана ў арганізацыі з 1994 году. Больш як 40 маладых пасланцоў з нашай краіны атрымалі магчымасць стаць стыпендыятамі каледжаў. На сённяшні дзень беларускія студэнты навучаюцца ў Нарвегіі, Італіі і Босне і Герцагавіне. Адрыятычны каледж аб’яднанага свету плануе зрабіць адмысловую навучальную стыпендыю для маладых беларусаў, якія пражываюць у пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС рэгіёнах. Гэта будзе спрыяць узмацненню навучальнага аспекту экалогіі, якой надаецца асаблівая ўвага ў навучальным працэсе. Таму інфармацыйная вечарына, прысвечаная Чарнобылю, выклікала асаблівую ўвагу і зацікаўленасць сярод моладзі.
Падчас прэзентацыі, зладжанай Офісам, размова ішла пра маштабы катастрофы, рэакцыю і дзеянні савецкага кіраўніцтва ў першыя дні пасля аварыі, пра яе наступствы для Беларусі і пагрозу стану здароўя насельніцтва забруджаных тэрыторый, сітуацыю вакол ліквідатараў катастрофы. Некалькі слоў было сказана пра ініцыятыву Еўрапейскага парламента па асвятленні праблемы Чарнобыля – адмысловым слуханням па Чарнобылі, якія адбыліся 17 красавіка ў Еўрапарламенце. (Больш падрабязна пра слуханні па Чарнобылі ў Еўрапарламенце можна прачытаць тут)
Паказ дакументальнай стужкі “Жылі-былі” Г.Адамовіч пад заканчэнне вечарыны дапамог зірнуць на катастрофу ў філасофскім і агульначалавечым вымярэнні.
Пытанні ўдзельнікаў вечарыны тычыліся высвятлення захадаў беларускага ўрада па ліквідацыі наступстваў, спецыялізаванай медычнай дапамогі і дагляду пацярпелых.
Прэзентацыя адбывалася ў рамах традыцыйнай дзейнасці студэнцкай ініцыятывы пад назвай Focus, калі студэнты рыхтуюць даклады на актуальныя тэмы і прэзентуюць іх у пазашкольным фармаце.
Даведка:
На сённяшні дзень United World Colleges ёсць у 12 краінах свету: Вялікабрытаніі, Канадзе, Сінгапуры, ЗША, Італіі, Свазілендзе, Індыі, Нарвегіі, Ганконгу, Венесуэлу, Коста-Рыка, Босніі і Герцагавіне). Арганізацыя з’яўляецца піянерам у галіне інтэрнацыяналізацыі адукацыі. Гісторыя ўстановы ўяўляе сабой даволі дакладны адбітак сусветных тэндэнцый у палітыцы, паляпшэння стасункаў паміж краінамі, глабалізацыі свету, чаму каледжы таксама спрыялі ў значнай ступені. Каб прадэманстраваць, што разам могуць навучацца прадстаўнікі краін, якія знаходзіліся ці знаходзяцца ў палітычным ці ваенным супрацьстаянні, патрэбна была вялікая палітычная воля. Арганізацыя першая прасоўвала галінку міра, каб запрасіць на навучанне студэнтаў з камуністычнага Кітая, Савецкага Саюза яшчэ ў 70-гады ХХ стагоддзя, калі палітычнае і ідэалагічнае супрацьстаянне было вельмі адчувальным. Гэта была своеасаблівая прататыпная мадэль таго, што сёння прысутнічае амаль паўсюдна – навучанне ў міжнародным асяроддзі. Ідэолагі адукацыйнага руху, сярод якіх такі вядомы нямецкі педагог як Курт Хан, лічылі, што самы прадуктыўны і ідэалістычны перыяд жыцця чалавека варта выкарыстоўваць для дасягнення значна вышэйшых мэтаў, а, менавіта, духоўнага шматбаковага развіцця асобы і выхавання пачуцця паразумення з прадстаўнікамі іншых нацый.
Каледжы аб’яднанага свету - пастаянны партнёр ААН для супрацоўніцтва ў галіне адукацыі. Сярод патронаў арганізацыі шмат уплывовых палітыкаў, вядомых грамадскіх дзеячаў. Прэзідэнтам з’яўляецца каралева Іарданіі Нур, ганаровым прэзідэнтам – Нэльсан Мандэла. У кожным каледжы на сённяшні дзень навучаюцца прадстаўнікі блізу 100 краін. Геаграфія прадстаўніцтва розніцца ў залежнасці ад знаходжання каледжа. Можна казаць, што такія навучальныя ўстановы выконваюць пэўную геапалітычную функцыю. На навучальныя стыпендыі вылучаюць прадстаўнікоў 126 краін свету, дзе створаны і дзейнічаюць адборачныя камісіі.