Учора, 26 сакавіка ў бельгійскім горадзе Антверпен адбылася дыскусія на тэму “Развіццё адносін паміж ЕС і Беларуссю”, услед за якой арганізатары прадэманстравалі стужку вядомага беларускага рэжысёра-дакументаліста Віктара Дашука.
Мерапрыемства ладзілася Беларускім цэнтрам у Антверпене з актыўным удзелам прадстаўнікоў “Офісу за дэмакратычную Беларусь” (Брусель).
Падчас дыскусіі былі закранутыя такія пытанні, як стратэгія ЕС у адносінах да Беларусі, улучэнне нашай краіны ў праграму Усходняга партнёрства, пачатак дыялогу па правох чалавека і іншыя пытанні.
Віктар Дашук – рэжысёр, сцэнарыст аператар, фатограф і журналіст, аўтар больш як 100 дакументальных стужак і 2 мастацкіх фільмаў, атрымаў вядомасць дзякуючы свайму “Хатынскаму цыклу” (1975-1978), над якім ён працаваў разам з Алесем Адамовічам, Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам, супрацоўнічаў таксама са Святланай Алексіевіч.
Дакументальная стужка Віктара Дашука, “Твар і маска” распавядае пра жыццё беларускай фотамадэлі Валянціны Кур’ян. Стужка ахоплівае некалькі гадоў жыцця беларускай прыгажуні: ад пачатку яе кар’еры з заваявання тытулу віцэ-міс Беларусі да сталай працы мадэллю ў адным з цэнтраў сусветнай моды – Мілане. Фільм уключае кадры, адзнятыя непасрэдна рэжысёрам і урыўкі з уласных відэаархіваў мадэлі.