Студэнты і выкладчыкі Коледжа Еўропы, што знаходзіцца ў бельгійскім Бруге, атрымалі магчымасць больш даведацца пра Беларусь у інтэрактыўнай і забаўляльнай форме. Коледж з прэзентацыяй кнігі наведала адна з аўтарак гумарыстычнага гіду па краіне “Гэта Беларусь, дзетка!” – Марыя Чаракова, пытанні пра Беларусь гучалі падчас інтэлектуальнай віктарыны, атрымаць колькі моўных урокаў можна было ў лінгвістычным кафэ, паспытаць шчасця – у латарэі, прызом у каторай стала кніга слыннага беларускага пісьменніка і гісторыка Уладзіміра Арлова ў перакладзе на ангельскую мову “Краіна Беларусь”, а на абед у студэнцкай сталоўцы можна было пакаштаваць сапраўдныя беларускія бульбяныя дранікі!
|
||||
Генадзь Собаль (злева), інтэрн ОДБ Брусель, Марыя Чаракова (справа), адна з аўтарак кнігі "Гэта Беларусь, дзетка!" падчас прэзентацыі |
Нацыянальныя дні ў Коледжы Еўропы – традыцыя, якая налічвае болей за 30 гадоў і адлюстроўвае культурную шматстайнасць гэтай навучальнай установы. Заснаваны ў 1949 годзе інстытут паслядыпломнай адукацыі са спецыялізацыяй на еўрапейскіх даследаваннях і пакліканнем “спрыяць умацаванню духу салідарнасці і ўзаемаразуменню паміж народамі Заходняй Еўропы”, сёння радасна вітае ў сваіх сценах і студэнтаў з Еўропы Цэнтральнай і Усходняй, і, безумоўна, выхадцаў з былога СССР.
Падчас нацыянальных дзён, і нават тыдняў, у Коледжы студэнты з розных дзяржаў аб’ядноўваюцца ў группы, каб разам прыдумаць самы прывабны спосаб распавесці пра культуру ўласнай краіны іншым навучэнцам, самі займаюцца арганізацыяй і пошукамі сродкаў на рэалізацыю мерапрыемстваў. Найбольш актыўныя і паспяховыя могуць разлічваць на дапамогу ад адміністрацыі коледжа, напрыклад, на адзін дзень зрабіць нацыянальную страву сваёй краіны "стравай дня" для 400 чалавек!
![]() |
![]() |
Дранікі гатуюцца | Беларуская нацыянальная страва даспадобы студэнтам! |
У гэтым годзе ў коледжы навучаюцца дзве студэнткі з Беларусі: Ксенія Паўловіч на аддзяленні Міжнародных адносін і дыпламатыі ЕС і Анастасія Майсеня – з аддзялення Еўрапейскага права. Беларускі вырашылі далучыцца да студэнтаў з Даніі, Швецыі, Латвіі, Літвы, Фінляндыі і Расіі – недарма кажуць, што наш светапогляд і тэмперамент больш блізкі да народаў поўначы.
![]() |
Падчас iнтэлектуальнай віктарыны |
Ксенія Паўловіч адзначае, што пра Беларусь пакуль ведаюць не так шмат, нягледзячы на тое, што летась наша суайчынніца Святлана Алексіевіч стала лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі па літаратуры, але ўсё ж такі ніводнае з 4-х пытанняў у інтэлектуальнай віктарыне, сярод якіх прагучала і спартовая тэма, і гістарычная, і нават музычная, не засталося без адказу. Пераможцам у латарэі і шчаслівым уладальнікам кнігі Уладзіміра Арлова стаў студэнт з Даніі Kereto Gormsen, ён жа на наступны дзень дапамагаў Насце Майсені гатаваць на кухні студэнцкай сталовай дранікі. Адміністрацыя Коледжа пагадзілася зрабіць беларускую страву "стравай дня" для ўсіх, зважаючы на стараннасць нашых дзяўчат падчас арганізацыі нацыянальных дзён.
![]() |
Студэнт з Даніі Kereto Gormsen атрымлівае кнігу Уладзіміра Арлова "This Land called Belarus" |
Падчас прэзентацыі кнігі “Гэта Беларусь, дзетка!” гасцей частавалі зефірам, згатаванымі дома печанымі яблыкамі з мёдам ды арэхамі і хлебным квасам. Кнігу можна было набыць і падпісаць у аўтаркі тэкстаў Марыі Чараковай. І, нарэшце, пазнаёміцца з беларускай мовай, а значыць, як многія лічаць, і дакрануцца да душы народа, можна было разам з Ксеніяй Паўловіч, падышоўшы да беларускага століка ў шматмоўным лінгвістычным кафэ.
ОДБ Брусель выступіў фундатарам мерапрыемства, зычым студэнтам поспехаў у навучанні ды імпэту ў праслаўленні сваёй радзімы.
![]() |
Разам з ганаровым консулам Бельгіі ў Беларусі Філіпам Вандэнбруле (другі справа) |