Конкурс эсэ Еўрапейскага міжкультурнага фестывалю: "ДА МАЦІ БОЖАЙ ЛЮБЯЧАЙ…", 2 месца

Ганна Чакур:

Можна было б, канешне, напісаць пра “пярліну” Астравеччыны – неагатычны храм у мястэчку Гервяты. Хто ні прызджае – усе ахаюць: няўжо падобны архітэктурны цуд існуе ў нас, у Беларусі?! Пра яго ажурную браму, выкаваную кавалём уручную. Пра ўнікальнае ландшафтнае афармленне прыкасцельнай тэрыторыі. Або пра канцэрты класічнай музыкі, якія два разы на год адбываюцца ў Гервяцкім касцёле, і ўдзел у якіх прымаюць салістка аркестра Фінберга Таццяна Глазунова, выпускнік Лонданскай Каралеўскай музакадэміі Аляксандр Музыкантаў і іншыя…

Або пра касцёл у Міхалішках, пабудаваны ў далёкім 1693 годзе знакамітым архітэктарам Крыштафам Пенсам, а фантастычны ляпны дэкор унутры – работа італьянскага скульптара Пьетра Джавані Перці. Так,  тымі самымі майстрамі, што ўзвялі храм Пятра і Паўла ў Вільні…

Ці пра Варняны. Пра нязвыклае архітэктурнае вырашэнне плошчы мястэчка. З касцёлам у цэнтры. З аднолькавымі, стаячымі насупраць дамамі – аптэкара і былой плябаніі. Са старажытнай альтанкай на востраве і млынам. З каскадам штучных саджалак…

І пра касцёл у Гудагаі – санктуарыум дыяцэзіяльнага маштабу! Ля яго цудатворнага абраза, укаранаванага Папскімі каронамі, людзі знаходзяць патрэбныя ім Божыя ласкі…

І пра літоўска-беларускі культурны цэнтр у Рымдзюнах, у якім рэгулярна бываюць палітыкі самага высокага эшалона ўлады дзвюх краін…

Або пра ўнікальныя водныя “каралі”, у якія знітаваліся дванаццаць азёр астравецкай Спондаўшчыны так што на лодцы можна пераплываць з аднаго ў другое. (Скажу па сакрэту: у пошуках крыштальна чыстай вады сюды прыязджаюць на адпачынак нават жыхары Нарачы)…

А напішу я ўсё ж пра Дубок. Пра вёсачку на беразе Віліі, у якой налічваецца толькі пяць дамоў. Пра дуб, якому па ацэнцы літоўскіх эколагаў 1000 – 1200 гадоў. “Мы са свайго пылок здуваем, - ледзь не заплакалі літоўцы, убачыўшы прыбіты да дуба дрывотнік, - а ваш сам выжывае, як можа…”. Пра берагіню Віліі – скульптурную выяву Маці Божай на самым беразе ракі. Пра нязыклую Кальварыю, раскіданую па лесе. І пра фэст – адзіную ў год Літургію, якая адбываецца ў капліцы Дубка у першую нядзелю ліпеня.

Сёлета я патрапіла на гэты фэста ўпершыню ў жыцці. І, скажу вам, мяне гэта ЗАЧАПІЛА!

І так, Дубок… Мініяцюрная вёсачка сярод першазданнай – нібы Тварэц завяршыў сваю работу толькі ўчора – прыроды. Зрэшты, і не “сярод”, а “у”. Унутры прыроднага шматквецця. У поўнай узаемасувязі з ім. Арганічнай і ненавязлівай.

Справа Дубок абдымае Вілія. З левага боку – луг, на якім пасуцца вецер і нешматлікая хатняя жывёла. Адразу за вёскай пачынаецца густы лес. І кіравацца трэба якраз туды…

Сцяжынку нельга назваць пратаптанай. Ды што там! Старонні ў траве і не знайшоў бы, але першымі яе пазначылі, прымялі “птушаняты” – тыя, хто ў свой час пакінуў Дубок у пошуках свайго лёсу, каб сёння, як і кожны год ў гэты дзень, вярнуцца да роднага парога. У родны лес. У якім сёння фэст.

…Заімшэлы дах. Пукатыя драўляныя калоны, абвітыя святочнымі стужкамі. На франтоне другога яруса – святое распяцце: ад фігуры, асабліва ад твару Езуса, высечанага мясцовым майстрам яўна сякерай, праменіць пакутай. На крыжы-шпілі, што ўзвышаецца над дахам капліцы, самаробная каваная карона.

Перад лясной капліцай Маці Божай Нястомнай Дапамогі (па словах мясцовага пробашча, у некаторых архіўных дакументах капліца носіць імя Маці Божай Любячай) невялікая паляна, абкружаная дубамі ды соснамі. На ёй пад цяністай грывай дрэў сабраліся на малітву людзі. Мяркуючы па нумарах  машын: з навакольных вёсак, з Мінскага раёна, з Літвы. У двух аўтамабіляў – віцебскія нумары…

У каплічцы не змясціцца і дзясятай частцы прысутных, таму алтар вынесены на яе ганачак. Ля Імшальнага стала – шэсць святароў. Яшчэ двое пачынаюць спавядаць. Тут жа, у ценю соснаў.

…І няма прывычных мікрафонаў – словы святароў узмацняюць хіба што шум лістоты ды перапевы птушак. І няма ўзвышэння з яго неаддымнай кафедрай – ксёндз ўвайшоў у паўкруг вернікаў, як адзін з іх. Як роўны. І звярнуўся да паствы словамі простымі і зразумелымі: чаму мы не ведаем спакою? Чаму нам заўсёды не хапае часу, здароўя, грошай, увагі, славы?.. Рупімся, са скуры гатовы вылезці, каб здабыць, каб нешта даказаць сабе самім і іншым, тым, хто навокал. Прасякніся Божай любоўю – і ўсё іншае адыдзе на другі план, стане другасным, не вартым празмерных высілкаў…

І пакуль святар разважае, дазволю сабе крыху пашаптацца  з вамі:

Пачаткам будаўніцтва дадзенай хрысціянскай святыні лічыцца 1928-ы.

86 год таму сярод багата параскіданых навакол старадаўніх кургааоў было выбрана месца для будаўніцта храма. А 29 мая 1929 года, біскуп Уладзіслаў Бандурскі асвяціў ужо гатовую капліцу, надаўшы ёй імя Маці Божай Нястомнай Дапамогі.

Пасля узнясення Курганскай капліцы яна становіцца прыцягальным цэнтрам для каталіцкіх вернікаў усіх бліжэйшых наваколляў і таму у 1936 годзе нараджаецца думка аб узвядзенні тут сямі стацый смутку Маці Божай або так званая Марыянская Кальварыя. Да стацыяў былі прымацаваны абразы, якія намаляваў ксёндз Баляславаў Грамза.

Разам з іншымі стацыямі, якія ўяўляюць сабой дубовыя крыжы, Кальварыя была асвечана 30 жніўня 1936 года. Як адзначаецца ў пісьмовых крыніцах, нягледзячы на дождж, у той святочны дзень на Ціхай даліне, так завецца ў народзе гэтае  месца, сабралася каля 6 000 вернікаў.

Апекавацца капліцай і Кальварыяй сталі айцы марыяне, узначальваў якіх у той час Ордэн у час ураджэнец гэтых мясцін, вядомы рэлігійны дзеяч, удзельнік беларускага нацыянальнага руха Андрэй Цікота.

Але вернемся на фэст.

…Канешне, я – хрысціянка, але калі молішся вось так, сярод дубоў і курганаў, паганства, якое ў крыві кожнага з нас вымяраецца тысячагоддзямі пакланення прыродзе, спакваля вяртаецца…

…Пасля Імшы пачалася Кальварыя. Нязвыклая, як усё ў Дубку. Другая стацыя, да прыкладу, Трыумфальная арка (інакш і не назваць!) масіўную каменную браму, упрыгожаную мастацкай работай мясцовых кавалёў, якая, мо кіламетры праз два ад капліцы нечакана вырастае на лясной сцяжынцы. Брама ў нікуды? Ці ў царства Божае? Як і ў жыцці наогул, кожны сам выбірае канечны пункт свайго падарожжа…

Чацвёртая стацыя – Маці Божая. Дакладней, высокі (у два чалавечых росты) каменны грот на беразе Віліі. І ў ім –беласнежная фігурка Беззаганнай. Па голым каменні грота раскідала блакітныя кветачкі палявая бярозка – і чым толькі жывіцца раслінка?..

Кажуць, даўным даўно на гэтым месцы людзі ўбачылі Маці Божую. Менавіта такую – ва ўсім белым. І пастушкі (найчасцей гонар быць сведкам аб’яўлення Марыі Панны выпадае менавіта ім), і жывёла ўпалі прад ёй на калені…

Неўзабаве Заступніца Людская знікла, а на месцы, дзе Яна стаяла, забіла крынічка з чысцюткай і да ламоты зубоў халаднючай вадой…

Людзі пабудавалі грот і ўстанавілі фігурку Маці. Дакладна такую, як бачылі: са складзенымі для малітвы рукамі Яна ўглядаецца ў хуткаплынныя рачныя хвалі. Нездарма ў народзе Яе называюць Апякункай Віліі…

Дарэчы, у фэсце нароўні з мясцовымі вернікамі ўдзельнічае і кавалькада байдарачнікаў з Мінску, якія высадзіліся на бераг, каб пакланіцца Найсвяцейшай. Ці Любячай?

Ніхто не адышоў ад Беззаганнай, не паспытаўшы вадзіцы, што б’е з-пад Яе ног, не абмыўшы твар пасля амаль чатырохкіламятровага падарожжа па лесе і топкім рачным надбярэжжы, пасля складанага шляху скрозь уласны пот і укусы гнюсу ўсіх магчымых відаў. Дзякуй Богу, пробашчу парафіі і добрым людзям, якія перад фэстам старанна абкасілі дарогу Кальварыі, што моцна спрасціла задачу пілігрымам…

Апошняй, сёмай стацыяй – квадратная каменная каплічка. Над яе ўмоўным алтаром Укрыжаваны Езус, якога з нагоды свята “ўбралі” ў дубовае лісце. З бакоў высокія, амаль у рост чалавека выявы апосталаў. Фарба на іх моцна вылушчылася, але гэта надало абразам дадатковай святасці і сілы ўздзеяння.

Молімся. За святой памяці Ігнацага Сідарэвіча – просьба аб гэтым напісана збоку ад уваходу на ўмураванай ў сцяну каменнай дошцы. За сваіх блізкіх – за тых, што з намі, і за тых, хто адышоў назаўсёды. За Радзіму. За саміх сябе…

І дзякуем… Ад усяго сэрца складаем удзячную малітву Богу за цуд існавання Дубка і яго Кальварыі.