Уладзімер Арлоў: Ад Полацка пачаўся сьвет

Сафійскі сабор, Полацк
Сафійскі сабор, Полацк

“Ад Полацка пачаўся сьвет...”, -- напісаў у адным з сваіх вершаў выдатны беларускі паэт Рыгор Барадулін. Калі мець на ўвазе сьвет беларускай гісторыі і культуры, у гэтых радках няма ніякага перабольшаньня. 

Вы памятаеце антычны міт пра Фаэтона, які выпрасіў у свайго бацькі, бога сонца Геліяса, дазвол хоць адзін дзень пакіраваць сонечнай калясьніцаю? Адчуўшы няўпэўненую юначую руку, вогненная запрэжка панеслася, не разьбіраючы дарогі, няшчасны возьнік  выпусьціў з рук лейцы, і ўгневаны Зэўс паразіў Фаэтона маланкаю. Той упаў у далёкую ад роднага Алімпу раку Эрыдан, на ўзьбярэжжы якой  і знайшоў сабе вечны спачын.

Чаму я прыгадаў гэты міт? Ды таму што Эрыдан, які ўспаміналі  Гамэр і ягоны вучань Гесіёд,  на думку некаторых вучоных, -- гэта  нашая Дзьвіна, пра якую паэтычна сказана, што менавіта яна нясе ў сваіх хвалях беларускую гісторыю. Такім чынам, землі, дзе некалі вырас найстаражытнейшы  горад Беларусі, былі вядомыя яшчэ старажытным грэкам і рымлянам. Відаць, гэтая акалічнасьць стагодзьдзе  таму і дала падставы беларускаму пісьменьніку Вацлаву Ластоўскаму ў фантастычнай аповесьці “Полацкія лябірынты” весьці гаворку пра існаваньне ў Прыдзіньні старажытнай антычнай дзяржавы з сталіцай у Полацку.

Стары Полацк, XVI ст.

Стары Полацк, XVI ст.

Аднак час перайсьці ад мітаў, да гістарычных крыніцаў, паводле якіх Полацак сапраўды зьяўляецца  ня толькі патрыярхам  сярод гарадоў Беларусі, але і. адным з самых старажытных ўва Усходняй Эўропы. Ён быў заснаваны ў сутоку Дзьвіны і Палаты (гэтая рака і дала гораду  назву) крывічамі – адным з плямёнаў, зь якіх пазьней утварылася беларуская народнасьць.

На пытаньне пра ўзрост Полацка  старанныя вучні і школьныя настаўнікі ўпэўнена адкажуць, што зусім нядаўна яму споўнілася 1150. Здавалася б,  ім цяжка запярэчыць, бо ў летапісах горад упершыню згадваецца пад 862 годам. Але археолягі наконт часу узьнікненьня гораду маюць іншае меркаваньне: на полацкім Верхнім замку зроблена шмат знаходак, якія датуюцца V стагодзьдзем. З археолягамі пагаджаюцца і  дасьледнікі старажытных ісляндзкіх сагаў, дзе горад згадваецца значна раней за ІХ ст.

Гістарычныя хронікі называюць Полацак сярод  гарадоў, дзе кіравалі князі, якія прызнавалі ўладу кіеўскага Алега. Разам з тым улада далёкага Кіева ніколі не была там трывалай. Ужо на досьвітку сваёй гісторыі горад імкнуўся жыць незалежна. Добрыя эканамічныя ўмовы для самастойнасьці стварала выгоднае геаграфічнае становішча на гандлёвых шляхах, што зьвязвалі Арабскі халіфат і Хазарыю з Скандынавіяй і  славянскімі краінамі.

 Rogvolod's Stone, 1171
Камень Рагвалода, 1171

Можна спрачацца, быў першы вядомы зь летапісаў полацкі князь Рагвалод варагам або славянінам, аднак значна важней іншае: у сярэдзіне Х ст. Полацак ужо не залежаў ні ад Кіева, ні ад Ноўгарада і быў сталіцаю  першай старажытнабеларускай дзяржавы – Полацкага княства, якое хронікі называюць таксама Полацкай зямлёй. У 992 г. была заснаваная Полацкая епархія, гэта значыць, землі нашых продкаў зрабіліся часткаю хрысьціянскай цывілізацыі. Новая вера была прынятая бяз гвалту і, як мяркуюць гісторыкі, прыйшла сюды непасрэдна зь Візантыі. Найверагодней, хрысьціянамі былі ўжо Рагвалод і ягоная дачка Рагнеда.

Найвышэйшай магутнасьці княства дасягнула ў часы ўладараньня Усяслава Чарадзея, славу пра якога данесьлі да нашых дзён народныя легенды і быліны. Цяжка даць веры, але ў тыя часы, калі, здаралася, князь ня мог і году ўтрымацца на троне, Усяслаў кіраваў Полацкай зямлёю больш за паўстагодзьдзя  (1044 -- 1101). Гэта  тады на стромкім беразе  Дзьвіны падняўся грандыёзны шматкупальны Сафійскі сабор, што стаў “сэрцам” дзяржавы.

Сафійскі сабор, Полацк
Сафійскі сабор, Полацк

Там палачане маліліся, прымалі замежных паслоў, абвяшчалі вайну і падпісвалі мір, захоўвалі дзяржаўны скарб і заснаваную дзедам Чарадзея князем Ізяславам бібліятэку. Там складаўся Полацкі летапіс, сьляды якога, на жаль, згубіліся ў ХУІІІ ст. Каля сьценаў сабора, які палачане здавён любоўна называюць проста Сафіяй, або Сафійкай, адбываліся вечавыя сходы, дзе разглядаліся галоўныя дзяржаўныя праблемы.

Полацкае княства было тыповай для таго часу эўрапейскай дзяржавай. Сваёй тэрыторыяй яно адпавядала такім  краінам, як герцагства Баварскае або каралеўства Партугальскае. Апрача сталіцы, Полацкая зямля налічвала паўтара дзясятка гарадоў, у тым ліку Менск і Віцебск, і займала большую частку тэрыторыі сёньняшняй Беларусі.

Эўфрасіньня Полацкая (1101/1104-1173)
Эўфрасіньня Полацкая (1101/1104-1173)

Нічым не саступаў Полацак блізкім і далёкім суседзям і  ў разьвіцьці адукацыі, кніжнай справы, дойлідзтва ды іншых галінаў культуры. Выдатнай асьветніцай той эпохі ў маштабе ўсяго хрысьціянскага сьвету  была ўнучка князя Усяслава Чарадзея Эўфрасіньня Полацкая (каля 1104 – 1167).

Крыж Святой Эўфрасіньні
Крыж Святой Эўфрасіньні

Яна адчыняла манастыры, школы, майстэрні па перапісваньні кніг–скрыпторыюмы. На замову Эўфрасіньні полацкі дойлід Іаан збудаваў  Спасаўскую (Спаса-Эўфрасіньнеўскую) царкву, якая стала вяршыняю адметнай полацкай архітэктурнай школы. Храм шчасьліва захаваўся да нашых дзён і зьбярог у сваіх сьценах унікальныя фрэскі ХІІ ст. Асьветніца  замовіла і створаны ў 1161 г. полацкім майстрам-ювэлірам Лазарам Богшам знакаміты Крыж Эўфрасіньні, які зрабіўся нацыянальнай сьвятыняй Беларусі.

Камусьці можа здавацца, што ўсё адно тут былі “эўрапейскія задворкі”. Але гэтаму пярэчаць, у прыватнасьці, блізкія сувязі полацкага княскага роду Рагвалодавічаў зь вядомымі дынастыямі Эўропы. Дачка Усяслава Чарадзея, да прыкладу,  ўзяла шлюб з візантыйскім імпэратарам Аляксеем   Камнінам, а Усяславава праўнучка  Сафія ў 1157 г. павянчалася з  каралём Даніі  Вальдэмарам І. Іхнія нашчадкі  сядзелі на дацкім, швэдзкім і французкім тронах. У дацкім Калундбаргу каралева Сафія, дарэчы, пабудавала катэдральны сабор, што меў за ўзор Сафійскі сабор у Полацку.

Часткаю адзінай эўрапейскай цывілізацыі  Полацкая зямля заставаліся і пасьля  уваходжаньня  (на ўмовах значнай аўтаноміі) у 1307 г. у Вялікае Княства Літоўскае – новую дзяржаву, дзе стваральным ядром  былі беларускія землі, панавала беларуская культура, а афіцыйнай мовай цягам стагодзьдзяў служыла старабеларуская. Да сярэдзіны ХVІ ст. Полацак быў найбольш буйным і багатым горадам Княства, пераўзыходзячы сталічную Вільню. З гэтае прычыны ў Грунвальдскай бітве 1410 г., якая спыніла 200-гадовую агрэсію тэўтонскіх рыцараў на ўсход, полацкі полк-харугва быў адным з самых вялікіх. Мала каму з тых дзьвюх тысяч ваяроў лёсіла вярнуцца, каб  памаліцца ў Сафійцы за палеглых паплечнікаў: палачане разам зь віленцамі апынуліся ў самым пякельным месцы сечы, дзе кожны біўся супроць пяці нямецкіх рыцараў князя Валенрода...

Паводле атрыманага ў 1498 г. магдэбургскага права, палачане карысталіся ўсімі гарадскімі вольнасьцямі. Полацкія рамесьнікі і купцы  дзеля абароны сваіх інтарэсаў, як і ўва ўсёй Эўропе, аб’ядноўваліся ў цэхі і гільдыі.. Вялікае месца ў жыцьці горада належала  брацтвам пры манастырах і  цэрквах. Братчыкі будавалі  храмы, сірочыя прытулкі  і багадзельні, адчынялі друкарні і школы, а ўлетку наладжвалі традыцыйныя вясёлыя пілігрымкі  ў мясцовыя сьятыя мясьціны, дзе калісьці зьяўлялася Багародзіца або адбываліся іншыя дзівосы. Вядомасьцю ў цэлай дзяржаве карысталася брацтва пры полацкім Богаяўленскім манастыры, у статуце якога галоўная мэта была акрэсьленая як “працаваньне супольнае брацкае дзеля душы збавеньня”.

Архіўныя дакумэнты сьведчаць, што шмат месьцічаў, у тым ліку і людзей простага званьня, былі пісьменнымі . Можна нават скласьці сьпісы тагачасных бэстсэлераў, куды, апрача рэлігійнай літаратуры, уваходзілі такія знаёмыя чытачам  ўсёй Эўропы кнігі, як перакладзеныя на  старабеларускую мову “ Аповесьць пра Трою”, прысьвечаны жыцьцю і подзьвігам Аляксандра Македонскага прыгодніцкі раман “Александрыя” або “Аповесьць пра Трыстана і Ізольду”. Полацак меў і сваіх альхімікаў, якіх называлі “чарнадзеямі”, і цэлую дынастыю астролягаў Нямчынаў.

Францыск Скарына, 1517
Францыск Скарына, 1517

У параўнаньні з суседняй Масковіяй, якая пасьля вызваленьня ад залатаардынскага ярма атрымала ў спадчыну і азіяцкую дэспатыю,  і ідэю ўлады над усім сьветам (“Два Рима пало, а Москва третий есть, а четвертому не быти”),памножаную на рэлігійную нецярпімасьць, жыхары Вялікага Княства Літоўскага мелі нязьмерна  больш правоў і духоўнай свабоды. Тысячы юнакоў-літвінаў (як з гонарам мянавалі сябе продкі па назьве дзяржавы) выпраўляліся па навуку ў эўрапейскія ўнівэрсытэты Польшчы, Чэхіі, Нямеччыны, Італіі, Францыі, Швайцарыі. Сярод іх было шмат палачанаў.У сьпісах студэнтаў Праскай альма-матэр канца ХУ ст. можна сустрэць імёны народжаных у Полацку Івана Багдановіча, Мацьвея, Пятра, яшчэ аднаго Івана... У гістарычнай літаратуры няраз выказвалася думка, што якраз нехта з двух гэтых Іванаў, што скончылі філязофскі факультэт, мог у 1480 г. заснаваць першую друкарню ў  лёнданскім City і застацца ў ангельскай гісторыі пад іменем Jon Lettou (Іван або Ян Літвін). Тадысама  магістарЯн родам з Полацка чытаў студэнтам кракаўскага Ягелёнскага ўнівэрсытэту курс лекцыяў  па трактатах Арыстотэля. Але самым славутым з тых, хто, зірнуўшы на разьвітаньне на званіцы Сафійкі, выправіўся  вучыцца за мяжу,  наканавана было стаць сыну полацкага купца  Францішку Скарыну.

Яго імя належыць да сузор’я тытанаў, якіх дала эпоха эўрапейскага Рэнэсансу, усходнім аванпостам якога былі беларускія землі. Закончыўшы  ў 1506-м  Кракаўскі ўнівэрсытэт, праз шэсьць гадоў Скарына, ужо доктар “вольных навук”,  бліскуча вытрымлівае экзамэны на   вучоную ступень доктара мэдыцыны  ў самым аўтарытэтным тады ў Эўропе Падуанскім унівэрсытэце. Выяву знакамітага палачаніна сёньня можна ўбачыць у  Падуі ўва ўнівэрсытэцкай мэмарыяльнай залі  сярод партрэтаў сарака выдатных дзеячоў навукі і мастацтва, што выйшлі зь сьценаў гэтай альма-матэр. Недалёка ад Скарыны – ягоныя браты па духу Галілео Галілей і Мікалай Капэрнік. 

Замест спакойнага заможнага жыцьця на пасадзе лекара пры двары якога-небудзь манарха ці магната Францішак  як сапраўдны гуманіст вырашыў даць свайму народу “лекі духоўныя” – друкаваную Біблію на зразумелай мове. Выдаўшы ў 1517—1519 гг. у  Празе 23 біблійныя кнігі, Скарына стаў беларускім і ўсходнеславянскім кнігадрукаром і ўвёў беларусаў-літвінаў у сям’ю перадавых  эўрапейскіх народаў. Ягоная Біблія --  чацьвертая ў сьвеце (пасьля нямецкага, італійскага і чэскага перакладаў), выдадзеная  на жывой мове народа. Празь некалькі гадоў Францішак  прывёз партыю сваіх выданьняў у Масковію, якая ня мела сваіх друкарняў,  і прапанаваў  наладзіць там выдавецкую справу. Маскоўскі князь Васіль ІІІ загадаў скласьці з Скарынавых кніг  вогнішча... 

Сімяон Полацкі (1629-1680)
Сімяон Полацкі
(1629-1680)

Іншаму знакамітаму палачаніну  Сімяону Полацкаму ў наступным стагодзьдзі, калі Вялікае Княсва Літоўскае працягвала заставацца цывілізацыйным мастом паміж Эўропай і Расеяй, пашанцавала болей. Асьветнік з Полацка заснаваў у Маскве друкарню, пасьля чаго іх колькасьць  адразу падвоілася -- замест адной стала дзьве. (Адчуйце розьніцу: у той самы пэрыяд на радзіме нашых продкаў у Рэчы Паспалітай, куды ўваходзіла Літва-Беларусь,  дзейнічалі 134 друкарні.) Полацкі стаў першым у Расеі прафэсійным пісьменьнікам, склаў там праект першай  вышэйшай навучальнай установы, адчыніў першы тэатар...

Усходнія суседзі прыходзілі ў Полацак ня з кнігаю, а зь мячом. Знаходзячыся на рубяжы дзяржавы, горад зноў і зноў прымаў на сябе першыя ўдары маскоўскіх уладароў, якія называлі Беларусь не іначай як “искони русскими землями”. Пачынаючы ад канца ХУ ст. войны з Масковіяй зрабіліся амаль бесперапыннымі: 1492—1494, 1500—1503, 1507—1508, 1512—1522, 1534—1537. Няраз апошнімУзімку 1563-га Полацак захопіла велізарнае войска Івана Жахлівага. У Расейскай, а затым у савецкай імпэрыі (якая шмат у чым стала спадкаеміцаю першай), тыя падзеі  абвяшчаліся  “вызваленьнем Полацка”. Насамрэч у выніку “вызваленьня” і 16-гадовай маскоўскай акупацыі найбагацейшы горад Вялікага Княства Літоўскага з 12 манастырамі і 18 храмамі, быў разрабаваны і пазбаўлены большай часткі насельніцтва. Каталікоў пасеклі шаблямі, юдэям выпаў страшны лёс  загінуць пад дзьвінскім лёдам. Некалькі дзясяткаў тысяч праваслаўных пагналі зімовымі дарогамі ў маскоўскую няволю. Страта фарпоста эўрапейскай цывілізацыі, якім быў Полацак, выклікала гучны рэзананс у многіх краінах. Друкаваныя “лятучыя лісткі” з апісаньнем полацкай трагедыі выходзілі па-ангельску, нямецку,  французку, чэску, галяндзку, лацінску.

Цяжкія выпрабаваньні выпалі на долю “бацькі гарадоў беларускіх” і ў часы “крывавага патопу”, калі ў разьвязанай царом Аляксеем Міхайлавічам  вайны 1654—1667 гг. Беларусь страціла  звыш паловы жыхароў – палеглымі ў бітвах, памерлымі ад голаду  , пераселенымі ў Расею. У Полацку ацалела ўсяго 102 дамы з болей чым 1500.

Лютэранская кірха, 1888
Лютэранская кірха, 1888

Пачатак ХУІІІ ст. зноў зрабіў Беларусь тэатрам ваенных дзеяньняў. Гэтым разам вялікі князь літоўскі і кароль польскі Аўгуст ІІ быў хаўрусьнікам  Расеі ў Паўночнай вайне з  Швэцыяй. Аднак саюзьнікі на чале з царом  Пятром І часта паводзілі сябе на беларускай зямлі горш за непрыяцеля. У крывавую трагедыю ператварылася экскурсія расейскага манарха ў Сафійскі  сабор. Старажытны храм тады быў галоўнай сьвятыняю беларускіх грэка-католікаў, або вуніятаў, да якіх  ужо належала большасьць насельніцтва Беларусі. Расейскі цар цудоўна разумеў ролю вуніяцтва для, кажучы сучаснай моваю, самаідэнтыфікацыі беларусаў. Візыт у храм скончыўся тым, што сьвятыя зь сьценаў з жахам убачылі, як цар разам з прыдворнымі афіцэрамі ўласнаручна ўдзельнічаў у забойстве пяці вуніяцкіх сьвятароў. Не супакоіўшыся на гэтым, “саюзьнік” загадаў перадаць Сафійку пад вайсковы склад, дзе трымалі амуніцыю і коней, а ў сутарэньнях -- парахавыя запасы. Досыць было іскры, каб сьвятыня ўзьляцела ў паветра, і гэтая іскра ўспыхнула – дзіўнае супадзеньне! –  акурат напярэдадні адыходу расейскага войска...

Сафійскі сабор, Полацк
Сафійскі сабор, Полацк

Адноўленай у сярэдзіне ХУІІІ ст. у стылі віленскага барока Сафіі, выпала стаць сьведкай яшчэ многіх гістарычных падзеяў. Пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай магутнымі суседзямі., правабярэжная частка Полацка і Полацкага ваяводства ў 1772 г была далучаная да Расейскай імпэрыі. Праз два дзесяцігодзьдзі расейскія штыкі ўсталявалі новую ўладу і на левабярэжжы. Неўзабаве гістарычны гадзіньнік дзяржавы нашых продкаў спыніўся, але жыцьцё горада працягвалася і, як ні парадаксальна, яго напаткаў  новы, няхай і нядоўгі ўздым да эўрапейскай вядомасьці. Музе гісторыі Кліо заманулася зрабіць  Полацак сусьветнай сталіцаю Ордэну езуітаў.

Дзякуючы асьцярожнай палітыцы беларускіх айцоў-езуітаў Таварыства Ісуса, забароненае ў 1773 г. папам рымскім Кліментам ХІУ, ацалела ў праваслаўнай Расеі. Полацкія сябры ордэна першымі прысягнулі  Кацярыне ІІ і апынуліся пад яе абаронаю, бо імпэратрыца была зацікаўленая ў захаваньні на захопленых землях высокаразьвітай сыстэмы езуіцкай адукацыі.На некалькі дзесяцігодзьдзяў дзьвінскія берагі замянілі ордэну берагі Тыбра. Абраньнем для сваёй новай сталіцы менавіта Полацка ордэн падкрэсьліваў прызнаньне  выключнай ролі гораду  ў гісторыі краю. Сярод сяброў Таварыства Ісуса, што зьязджаліся сюды з усяго сьвету, было шмат вядомых вучоных, пэдагогаў, мастакоў, літаратараў. Полацак на нейкі час зрабіўся адным з значных культурных асяродкаў Эўропы. Найбольш яскрава гэта выяўлялася  ў дзейнасьці адчыненага яшчэ ў 1581 г. Полацкага езуіцкага калегіюма, дзе цяпер выкладалі ўчарашнія прафэсары Сарбоны ды іншых эўрапейскіх унівэрсытэтаў.

The Polatsk Jesuit College, 1581
Полацкі езуіцкі калегіўм, 1581

Выкладчыкам калегіюму, а затым і генералам ордэна быў выдатны вучоны-энцыклапедыст славенец Габрыэль Грубэр (1740—1805). З яго імем звязанае ня толькі выдатнае абсталяваньне  астранамічнага, фізычнага, мінэралягічнага ды іншых кабінэтаў, але і стварэньне пры калегіюме карціннай галерэі і музэя-кунсткамэры. Наведнікі галерэі захапляліся палотнамі  Рубэнса, успамінаючы, што  выдатны мастак ілюстраваў антвэрпэнская выданьне “Лірыкі” Мацея Казіміра Сарбеўскага. (Гэты знаны паэт і філёзаф паўтара стагодзьдзя таму выкладаў у Полацку рыторыку, паэтыку і антычную міталёгію, але найбольш праславіўся як паэт, заслужыўшы ў сучасьнікаў славу “хрысьціянскага Гарацыя”.) У мастацкай калекцыі налічвалася дзьве тысячы гравюраў, а галоўным дзівам музэю была сканструяваная з удзелам Г.Грубэра мэханічная галава, што, як пісалі газэты, “гучна, лягічна і з поўным веданьнем справы адказвала на любое пытаньне,  заданае на любой мове”.

The Polatsk Jesuit College, 1581
Полацкі езуіцкі калегіўм, 1581

У чэрвені 1812 г. перад самым пачаткам напалеонаўскага паходу, Полацак гучна – з урачыстымі працэсіямі, ілюмінацыяй і запускам мангальф’ераў -- сьвяткаваў пераўтварэньне калегіюму ў акдэмію з правамі ўнівэрсытэта. Акадэмія мела  тэалягічны, філялягічны і філязофскі факультэты, а таксама  выдавецтва, што выпускала літаратуру на дзесяці мовах, і  бібліятэку з 40 тысяч тамоў. Новая вышэйшая школа, дзе налічвалася 700 студэнтаў і сорак прафэсароў, абяцала зрабіцца годнай канкурэнткаю Віленскай альма-матэр. З полацкіх аўдыторый пачалі шлях да славы беларускі жывапісец, аўтар знакамітых партрэтаў Міцкевіча, Напалеона, Пушкіна Валенці Ваньковіч, адзін з стваральнікаў новай беларускай літаратуры Ян Баршчэўскі, гісторык і этнограф Канстанцін Тышкевіч...Пералік імёнаў, якія зрабілі б гонар любой культуры, мог быць шматкроць большым, але Полацак заставаўся ўнівэрсытэцкім горадам усяго восем гадоў. Расейскія ўлады хутка разгледзелі ў навучальных установах Беларусі  небясьпечныя “рассадники вольнодумия”, і ў 1820-м на акадэмічных карпусах зьявіліся замкі й пячаткі.

Пэдагогі і выхаванцы акадэміі рассеяліся на сьвеце і ўнесьлі прыкметны ўклад у адукацыю і навуку   іншых краін і народаў. Да прыкладу, полацкі выкладчык тэалёгіі Францішак Дзеружынскі  заснаваў сыстэму каталіцкіх школ у ЗША. Ягоны калега філёзаф Вінцэнт Бучынскі атрымаў ад бэльгійскай каралеўскай сям’і  запрашэньне  на пасаду прафэсара філязофіі Лювэнскага ўнівэрсытэту.

Аднак і страціўшы акадэмію, горад заставаўся асяродкам вальнадумства і супраціву каляніяльным уладам. У 1823-м паліцыя раскрыла ў Полацкім піярскім ліцэі філію таемнага патрыятычнага таварыства філяматаў і філарэтаў. Ліцэй неўзабаве спасьціг лёс акадэміі. Ягоных выхаванцаў, западозраных у “недабранадзейнасьці”,  будуць шукаць і арыштоўваць па ўсёй імпэрыі. Адзін зь іх, Каятан Касовіч, пазьбегне перасьледу, здолее давучыцца і ( ужо  здабыўшы у Эўропе вядомасьць як бліскучы арыенталістам ) аднойчы зьверне ўвагу супрацоўнікаў  Брытанскага музэю на тое, што асірыйскія клінапісныя тэксты ў іхняй экспазыцыі вісяць дагары нагамі. 

Полацк, 1912, Сяргей Пракудзін-Горскі
Полацк, 1912, Сяргей Пракудзін-Горскі

Горад, хоць і быў асуджаны царскімі ўладамі на ролю павятовага, не забываў былой славы, не губляў гонару.Больш за трыста палачанаў  узялі ўдзел у вызвольным паўстаньні 1831 г. З-тысячнаму аддзелу інсургентаў, сфармаванаму з гараджанаў, полацкай шляхты і сялянаў, удалося захапіць і некалькі дзён утрымліваць Дзісну. 150 гадоў таму, у змагарным 1863-м,  у  полацкіх ваколіцах дзейнічаў паўстанцкі аддзел Отана Грабніцкага, куды, абыходзячы ўначы расейскія заставы, прабіраліся навучэнцы кадэцкага корпусу, адчыненага царскімі ўладамі ў былых мурах Полацкай акадэміі. Нашчадкі вольных літвінаў ўпарта не хацелі рабіцца  “верными слугами царя и Отечества”: за 1863/1864 навучальны год з корпусу выбыў 171 кадэт з 289... Паўстаньне пацярпела паразу, але якраз тады пачала нараджацца сучасная беларуская нацыя.

Царква Святых Барыса і Глеба, XII ст.
Царква Святых Барыса
і Глеба, XII ст.

За  часамі савецкай улады гістарычная спадчына горада, што стаў калыскаю беларускай дзяржаўнасьці і культуры мэтанакіравана зьнішчалася. У горадзе з шматвяковай гісторыяй існаваў усяго адзін невялікі музэй, які найперш услаўляў “велічныя дасягненьні сацыялізму”.  Змаганьне камуністаў   з рэлігіяй ператварылася ў вайну зь неацэннымі помнікамі культуры. Актам нечуванага вандалізму сталася зьнішчэньне ў 1930-х гадах  Барысаглебаўскага манастыра з трыма храмамі ХІІ ст., якія былі пратвораныя ў друз для пракладкі дарогі. Сумна глядзелі на дзьвінскую плынь зачыненыя і  занядбаныя Сафійскі і  Багаяўленскі саборы. Вусьцішны выбух, які  скалануў Полацак у 1964-м, ператварыў у руіны велічны помнік барока -- сабор сьвятога Стэфана (на яго месцы  збудавалі для правінцыйнай эліты пачварны дзевяціпавярховік, вядомы як “дом з вушамі”). Савецкі дысыдэнт генэрал Пётар Грыгарэнка ў сваіх успамінах пісаў, што пры зьнішчэньні якраз  гэтага храму ў СССР выпрабоўвалася “новая передовая методика сноса культовых зданий”.

Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр, Полацк
Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр, Полацк

Новы пэрыяд у гісторыі Полацка пачаўся са зьўленьнем на палітычнай карце сьвету незалежнай Рэспублікі Беларусь. Зьмены, што адбыліся ў колішняй  сталіцы першага беларускага княства, прыводзяць на памяць старажытную кнігу прароцтваў полацкага астроляга Васіля Нямчына. Зазіраючы з свайго ХУ стагодзьдзя ў наш час, зьвяздар бачыў новае ўзвышэньне роднага гораду і нават ператварэньне яго ў сталіцу. Няхай скептыкі паблажліва ўсьміхаюцца, але хіба нельга сказаць, што гэтае прароцтва пачынае зьдзяйсьняцца? Полацак зь яго Нацыянальным гістарычна-культурным запаведнікам, 

Полацк, Заходняя Дзьвіна
Полацк, Заходняя Дзьвіна

Сафійскім саборам і Спаса-Эўфрасіньнеўскім манастыром, зь дзесяцьцю музэямі і карціннай галерэяй, зь унівэрсытэтам, факультэты якога паступова пераязджаюць у карпусы былой Полацкай акадэміі, сапраўды становіцца  адной з культурных і духоўных сталіц краіны.

У гарадоў таксама ёсьць душы. Полацак захаваў у сваёй душы чысьціню і высакароднасьць. Ён здольны вылечыць ад жыцьцёвай мітусьні і прымусіць падумаць пра вечнае. Трапіўшы сюды, вы абавязкова адчуеце гэта. І асабліва глыбока – у Сафійскім саборы, што, быццам велічны карабель, плыве над Дзьвіною пад беласьнежнымі ветразямі сваіх вежаў у новыя стагодзьдзі.

 

Уладзімер Арлоў - беларускі гісторык, пісьменьнік, паэт.

Uladzimer Arlou

Уладзімер Арлоў нарадзіўся ў 1953 годзе ў Полацку, Беларусь. У 1975 годзе скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў настаўнікам, журналістам, рэдактарам. Гістарычныя раманы Ўладзімера Арлова "Час чумы", "Эўфрасіньня Полацкая", "Таямніцы полацкай гісторыі", "Асьветніца з роду Ўсяслава", "Адкуль наш род", "Дзесяць вякоў беларускай гісторыі" сталі беларускімі бэстсэлерамі. Яго кніга пра гісторыю Беларусі "Краіна Беларусь", у якой прадстаўлена каля дзвюх тысяч ілюстрацый Зміцера Герасімовіча і іншых беларускіх мастакоў і фатографаў, была перакладзена на ангельскую і рускую мовы. Каля 30 раманаў, гістарычных нарысаў і эсэ пісьменьніка былі перакладзены на 25 замежных моваў. З 1989 года Арлоў з'яўляецца віцэ-прэзідэнтам Беларускага ПЭН-цэнтра. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (Мінск, 1991), лаўрэат прэміі імя Ўладзімера Караткевіча (Мінск, 1993), прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтра (Мінск, 1996), міжнароднай прэмііі "Еўрапейскі паэт свабоды" (Гданьск, 2010).