Серыя Беларускія творцы ў свеце". Творчая аўтаномія Барыса Заборава

Барыса Заборава лічаць першапраходцам многія сучасныя беларускія мастакі. Ён застаецца непераўзыйдзеным аўтарытэтам з таго часу, калі рэха яго творчых здабыткаў у Францыі дакацілася да Радзімы. Як раней Шагал і Суцін, Барыс Забораў прайшоў шлях станаўлення ў якасці вядомага мастака ў краіне, якая традыцыйна з’яўляцца заканадаўцай эстэтычнага пачуцця і вельмі патрабавальна ставіцца да тых, хто рызыкнуў заявіць пра свае творчыя амбіцыі.

Досвед нашага земляка цяжка пераацаніць, таму наведаць яго майстэрню ў Парыжы лічаць за гонар шматлікія беларускія,  а таксама і расейскія дзеячы культуры: паэты, пісьменнікі, акцёры. Аўтар гэтага артыкулу таксама быў ашчасліўлены такой магчымасцю.

Творчы свет Барыса Заборава не вычэрпваецца толькі адным вымярэннем. Да сваёй эміграцыі ён працаваў галоўным чынам у жанры кніжнай графікі, за што і атрымаў шэраг узнагарод на міжнародных конкурсах. Другое вымярэнне пачынаецца з цэлага жывапіснага свету, які мастак стварыў, жывучы і працуючы ў Францыі, і што рэтраспектыўна адсылае да ўспамінаў дзяцінства, гісторыі, убачанай праз састарэлыя фатаграфіі, кнігі, вобразы “сышоўшай з яснай явы” вёскі. У гэтых двух вымярэннях можна ўбачыць адну агульную і вельмі істотную рысу – аўтаномію творцы, самастойнасць мастацкага бачання свету.

Мастацтва ў Савецкім Саюзе знаходзілася пад ідэалагічным дыктатам, у капіталістычным грамадстве яго пераследуюць камерцыялізацыя і засілле мас-культуры. Толькі чалавек з моцнай пазіцыяй можа супрацьстаяць гэтым негатыўным тэндэнцыям. Барыс Забораў вызначаўся такой пазіцыяй заўсёды.

Прыслужніцтва ў таталітарным грамадстве, нават калі яно толькі і адлюстравана ў мастацкіх творах, можа мець вельмі злачынныя, непрадказальныя наступствы. Чаго, напрыклад, варты культ асобы Сталіна, які на дзесяцігоддзі замацаваўся ў свядомасці людзей. Адбылося гэта не без удзелу шматлікіх “служак культу” ў постаці мастакоў, паэтаў, кампазітараў, якія праслаўлялі тырана ў сваіх творах...

Барыс Забораў змог супрацьстаяць мастацкаму сервілізму і ў часе, калі ствараў у Савецкім Саюзе.

Працуючы ў жанры кніжнай ілюстрацыі, мастак звяртаўся да сусветнай літаратурнай спадчыны: твораў Шэкспіра, Дастаеўскага, Уальда. Кніжная графіка, як ён сцвярджае, у тыя часы давала магчымасць быць адасобленым ад сацыялістычнага будаўніцтва. Аўтар знаходзіў у жанры тую нішу свабоды, якая была вельмі адмежаванай у творчым працэсе краіны. Яго падыход да ілюстравання вызначаўся ўласнай канцэпцыяй бачання твора. Так, аўтар прачытваў Шэкспіра па-новаму, знаходзіў аналогіі твора ў выяўленчым мастацтве, сюжэтах і вобразах Гіераніма Босха, Брэгеля-старэйшага, чым яшчэ больш узмацняў агульначалавечае гучанне літаратурнага твора. Такое мастацкае прачытанне нельга назваць чыста ілюстрацыйным. Аўтарскае прачытанне класікі выдае глыбокі інтэлектуальны пошук.

Дзякуючы Забораву па-шагалаўску загучала рамантычная паэма Якуба Коласа “Сымон-музыка”. Такім чынам літаратурны твор запісваўся ў сусветны культурны кантэкст, у чым ілюстратар апярэджваў і літаратурных крытыкаў, і даследчыкаў культуры.

Эміграцыя ў Францыю ў застойныя брэжнеўскія часы была ўчынкам, што казаць, дзёрзкім, улічваючы абставіны савецкіх рэалій.Такі ваяж падаваўся тады падарожжам у адзін бок… У 45 год усё трэба было пачынаць спачатку.

Як часта бывае, вобраз Радзімы яшчэ больш узмацняецца, становіцца больш выразным на чужыне. Мастак, творца “носіць цэлы край з сабою”, як вобразна зазначыў Р. Барадулін у вершы, прысвечаным Адаму Міцкевічу. Нібы старую кінастужку, мастак пачынае пракручваць далёкія сюжэты дзяцінства, вёскі у сваіх жывапісных палотнах, вядзе своеасаблівы дыялог са старой фатаграфіяй. Крытыкі знайшлі гэтай з’яве адпаведную назву – трансцэндэнтальны рэалізм. Мастак даволі скептычна ставіцца да словатворчасці на глебе яго твораў. Падаецца, гэтым аўтар ахоўвае містыцызм, уласцівы ягонаму мастацтву. Сапраўды, не ўсё у гэтым свеце павінна быць выказаным, патлумачаным і зінтэрпрэтаваным.

У творах Заборава вобраз Бацькаўшчыны адлюстроўваецца на прыкладзе лядашчых гаспадарчых пабудоваў, дзе можна ўбачыць і людскі быт, і беларускую прыроду. У яго творах мы  не знаходзім канкрэтныя выявы гэтага, але яно адчуваецца разам са шчымлівай настальгіяй па сыходзячай традыцыйнай вёсцы, светабудове homo faber. Вобраз радзімы ў творчасці мастака паўстае не абстрактным і гераізаваным, а спалучаным з агульначалавечымі каштоўнасцямі ды індывідуальнымі перажываннямі.  

Барыс Забораў на Захадзе крытычна ставіцца да камерцыялізацыі мастацтва і засілля мас-культуры, адстойваючы свой погляд не толькі ў мастацкіх творах, але і публіцыстыцы.

Аглядаючы творчы шлях мастака, пачынаеш пераконвацца, што падзел яго творчасці на эміграцыйны і даэміграцыйны перыяд – рэч даволі штучная.

Агульнае вымярэнне яго творчасці адлюстроўвае манаграфія-фаліянт на 495 каляровых і чорна-белых старонках, дзе паказаныя здабыткі мастака ў жывапісе, скульптуры, кніжнай ілюстрацыі і сцэнаграфіі. Усё зліваецца ў адзін яскравы і шырокі творчы шлях з мноствам вымярэнняў. Нязломнай застаецца і лінія яго творчай аўтаноміі. Яго канцэпцыя ілюстравання кнігі пераўвасабляецца ў стварэнне скульптурных кампазіцый – своеасаблівых помнікаў старым кнігам, з пажоўклымі пераплётамі, застылымі акулярнымі аправамі паміж старонак. Наколькі актуальна і пранікліва такая вобразнасць у святле занядбання кнігі сучасным чалавекам, сыходу гэтага гуманістычнага сімвалу ў лету?

 Калі паміраюць кнігі, ім з’яўляюцца помнікі.

У 2007 годзе Барысам Заборавым быў выкананы помнік кнізе, які ўсталяваны ва універсітэце Тэкніон гораду Хайфа (Ізраіль). Уласцівая яго ілюстратарскаму таленту сцэнаграфічнасць пераходзіць у дачыненне да сцэнаграфіі сапраўднай тэатральнай пляцоўкі, калі аўтар стварае касцюмы і антураж да спектакляў французскага тэатру “Камедзі Франсэз”(1992, 1994), маскоўскага “Et cetera” (2007). Зараз творца спрабуе сябе і ў кінематаграфіі, ён поўны новых задумаў і планаў, што толькі даводзіць творчы універсалізм, характэрны для выдатнага прадстаўніка нашага краю – Барыса Заборава.   

Барыс Забораў – сусветна вядомы беларускі мастак, працуе ў станкавым жывапісе і графіцы, скульптуры, сцэнаграфіі.  Нарадзіўся ў Мінску (1935), вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы (1949-1954), Санкт-пецярбургскім дзяржаўным акадэмічным інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Рэпіна (1955-1958), Маскоўскім дзяржаўным акадэмічным мастацкім інстытуце імя В. Сурыкава (1958-1961). Сябра Саюза мастакоў СССР (1962-1980). З 1980 году жыве і працуе ў Францыі. Атрымаў шэраг узнагарод на міжнародных выставах мастацтва кнігі ў Ляйпцыгу (1965, бронзавы медаль), Маскве (1965, два срэбраныя медалі), Дрэздэне (1971, залаты медаль). Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі (Мінск), Дзяржаўным музеі А. Пушкіна (Масква), музеі “Альберціна” (Вена), Цэнтры выяўленчага мастацтва Сэнсбюры (Норвіч), гарадскім музеі Дармштата, Карціннай галерэі Уфіцы (Фрарэнцыя), прыватных зборах. Персанальныя выставы праходзілі ў галерэі Клода Бернара (Парыж, 1983), галерэі “Арт-поінт” (Токіо, 1986), галерэі “К” (Амстэрдам, 1991), Музеі выяўленчага мастацтва імя А. Пушкіна (Масква, 1995), Рускім музеі (Санкт-Пецярбург, 2004). У 2007 годзе ў горадзе Хайфа Заборавым выкананы і ўсталяваны манумент кнізе.    

Тэкст Ягора Сурскага

 

 

Малое дзіця на блакітным фоне, 1996

 

Поні, 1988

 

 

Хлопчык на ровары, 2003

 

 

 

Ілюстрацыя да аповесці

Ф. Дастаеўскага “Пакорлівая”

 

 

Старая і маладая аголеная, 1998

 

 

Ілюстрацыя да кнігі Р.Барадуліна “Раскідач”