“Даведацца пра Беларусь больш можна тут” – такая спасылка стаіць на інтэрнэт-старонцы Вольгі Корбут. Вядомая савецкая гімнастка вырасла і пачала кар’еру ў беларускай Горадні. Настойлівасць і працаздольнасць беларускага “цуда з коскамі” далі, не больш ні менш, новае нараджэнне гімнастыцы як спорту, яе кранальная непасрэднасць збліжала спартовых і палітычных “халодных ворагаў” – СССР і ЗША. Так пачас спрэчак нараджаецца ісціна і перамагае сяброўства. Цалкам беларускі прынцып.
Вольга Корбут – малодшая з чатырох дачок інжынера і повара, у спорт трапіла рана, але не адразу. Будучую чэмпіёнку і куміра мільёнаў ў занадта “пухлявай” для гімнастыкі дзяўчынцы ўгледзеў заслужаны трэнер БССР Рональд Кныш. Корбут хапала ўсё на хаду, і падавалася, даможацца немагчымага.
Аднаго таленту і прыроджаных дадзеных мала, патрэбны валевы характар і гатоўнасць працаваць над кожным рухам. Вольга засмучалася да слёз, калі ў яе нешта доўга не выходзіла, а пасля брала сябе ў рукі і шліфавала кожны элемент зноўку. Звычайная гісторыя новай чэмпіёнкі? Альбо беларускай рэвалюцыянеркі.
“Корбут была вельмі адважнай, — узгадвае Кныш, - якой і мусіць быць спартоўка, каторая ідзе не па пратаптанай сцяжынцы, а адкрывае новыя гарызонты. Для сябе і спорта”.
Падчас трэніровак Вольга імправізавала на бруссах трэнер развіў незвычайнае сальта ва ўнікальную пятлю, што атрымала пазней імя Корбут. Стоячы на верхняй перакладзіне рознаўзроўневых брусьеў, яна скакала ўверх, рабіла сальта назад і прызямлялася ізноў на верхнюю, а не ніжнюю жэрдачку. Сёння “пятля Корбут” забаронена для выканання, бо лічыцца надзвычай небяспечнай.
16-гадовая Корбут зрабіла фурор на ХХ Алімпійскіх гульнях у Мюнхене ў 1972 годзе. У той час, калі савецкія спартоўцы “насілі” каменныя твары ваяроў, дык Вольга перажывала ўсё разам з гледачамі, перад камерамі. Кадры, як яна ўсміхаецца і прымае віншаванні, абляцелі ўвесь свет. Як і яе слёзы расчаравання: заваяваўшы залатыя медалі на бервяне і ў вольных практыкаваннях, яна атрымала срэбра на сваіх улюбёных брусах. За гэтыя шчырыя эмоцыі яе палюбілі яшчэ больш. Вольга пачала атрымоўваць лісты ад прыхільнікаў з усяго свету.
Менавіта такой была новая гімнастыка, гімнастыка Корбут – эмацыйная, рызыкоўная, яркая, наватарская. Была не толькі пятля на брусах, але і сальта Корбут на бервяне, каторае да яе не мог вынайсці і выканаць ніхто. Вольга, якая не заўсёды выступала роўна, не заўсёды была першай у камандным заліку ці па колькасці медалёў, мела нашмат больш важныя зававяванні: ёй апладавалі не толькі гледачы, але і калегі гімнасты.
У 1973 годзе Вольга была названа лепшай спартоўкай свету, і зборная СССР па гімнастыцы накіравалася ў дваццацідзённае турнэ па ЗША, яно называлася “Вольга Корбут і каманда”. Услед за папулярнасцю беларускай, а тады яшчэ савецкай гімнасткі, у Амерыцы ўзнялася хваля ціквасці да гімнастыкі. Амерыканскія дзяўчынкі запісваліся ў гімнастычныя школкі, што адчыняліся па ўсіх штатах, сотні з іх насілі імя Корбут. Савецкіх гімнастак сустракалі не толькі ў невялікіх гарадах, але і асабіста прэзідэнт ЗША Рычард Ніксан.
На Алімпіяду ў Манрэаль у 1976 годзе гімнастка ад’язджала зоркай, але старыя траўмы не дазволілі ёй выступіць напоўніцу.
У тым жа 1976 годзе падчас пералёту ў Штаты на чарговыя выступленні Вольга пазнаёмілася з Леанідам Барткевічам, салістам папулярнага ў СССР беларускага гурта “Песняры”. Праз два гады яна пакінула вялікі спорт, яны папрабліся шлюбам, а ў 1979 г. нарадзіўся сын Рычард. Гімнастка скончыла гістарычны факультэт Гродзенскага педынстытута, але трэнерскую працу ў нацыянальнай зборнай пакінула і прысвяціла сябе сям’і. Як распавядаў Барткевіч, яна ездзіла с “Песнярамі” на канцэрты, дапамагала артыстам са сцэнаграфіяй і гатавала мужу дранікі.
Не артымаўшы магчымасці рэалізаваць сябе ў СССР і клапоцячыся пра здароўе сына пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, Корбут з сям’ёй у 1991 г. адлятае ў ЗША, дзе ёй заўсёды парпаноўвалі працу. Наступная “пятля Корбут” у розны час складалася па-рознаму. Вольга выкладала гімнастыку, жыла ў розных штатах, паўторна выйшла замуж.
Напачтку 2000-х гг. з імем вядомай гімнасткі было звязана некалькі скандалаў: быццам бы яна спрабавала скрасці з супермаркета тавараў на 19 даляраў. У яе сына Рычарда былі знойдзены несапраўдныя грошы, і ён тры гады вымушаны быў првесці за кратамі.
Сёння корбут жыве ў Скотсдэйле (Арызона) і кіруе школай, дзе выкладае танцы і гімнастыку жадаючым усіх узростаў.
“Шмат хто думае, што Вольга Корбут – руская. Але гэта зусім не так”, - піша на сваім сайце беларуска. І распавядае: “Беларусь – гэта невялікае незалежная дзяржава ў цэнтры Еўропы, цяперашні афіцыйны сцяг краіны – чырвона-зялёны, але ён не сапраўдны, сапраўдны беларускі сцяг – бел-чырвона-белы …”
Даведайцеся пра Беларусь больш! Вам раскажа сама Вольга Корбут.
Аўтар: Марына Рахлей








