6 чэрвеня ў Мінску на 78-м годзе жыцця памёр вядомы беларускі філосаф і літаратуразнаўца Уладзімір Конан. Пра гэта БелаПАН паведаміў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП) Алесь Пашкевіч.
"Нам тэлефанавалі з лечкамісіі — сёння памёр Уладзімір Міхайлавіч Конан", — распавёў ён. Пакуль не вядомыя ні дакладная прычына смерці філосафа, які жыў адзін і цяжка хварэў, ні дата і месца пахавання.
"Постаць Уладзіміра Конана нельга пераацаніць і апісаць ні ў вянку жалобных некралогаў, ні ў асобных нарысах, артыкулах ці кнігах, — адзначыў Пашкевіч. — Уладзімір Конан быў і застаецца вядомым філосафам, літаратуразнаўцам і крытыкам, ён быў доктарам філасофскіх навук і лаўрэатам дзяржаўнай прэміі Беларусі, сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў".
Кіраўнік СБП падкрэсліў, што Конан не быў філосафам-затворнікам — наадварот, ён "быў адкрытым і публічным чалавекам, грамадзянская пазіцыя якога заўсёды была ўзорнай для дзясяткаў, сотняў ягоных вучняў і прыхільнікаў".
Уладзімір Конан, паводле слоў Пашкевіча, быў вядомы не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе як удумлівы таленавіты даследчык, культуролаг. "Найперш яго цікавілі далягляды і загадкі беларускага нацыянальнага духу, гэтага чалавека цікавілі нацыянальныя ідэі ў сувязі з язычніцтвам і хрысціянствам", — дадаў старшыня пісьменніцкага аб`яднання.
Паводле яго слоў, у часы пабудовы Рэспублікі Беларусь Конан прыкладаў усе намаганні, каб у краіне стварыўся Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.Скарыны, а таксама актыўна выступаў як публіцыст, прымаў удзел ў міжнародных кангрэсах беларусістаў.
Даведка БелаПАН. Уладзімір Конан нарадзіўся 23 красавіка 1934 года ў вёсцы Вераскава Навагрудскага раёна ў сялянскай сям`і. Скончыў гістарычны факультэт БДУ, працаваў у Інстытуце філасофіі і права Акадэміі навук Беларусі. У 1991 годзе стаў загадчыкам аддзялення гісторыі і тэорыі культуры Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Скарыны.
Мінску памёр вядомы беларускі філосаф і літаратуразнаўца Уладзімір Конан
пан, 2011-06-06 17:52
БелаПАН