Беларускі спявак Юры Гарадзецкі стаў фіналістам самага прэстыжнага ў свеце конкурсу выканаўцаў класічнай музыкі імя каралевы Елізаветы. Міжнародны конкурс акадэмічных музыкантаў праводзіцца ў бельгійскай сталіцы Бруселі з 1937 года. Другая сусветная вайна на некаторы час перапыніла гэту традыцыю, аднак у 1951 г. конкурс быў узноўлены пад патранажам каралевы Елізаветы.
Яго фундатарамі выступаюць урад краіны, мясцовыя ўлады Бруселя і мецэнаты. Сярод лаўрэатаў конкурсу ў розныя гады былі такія вядомыя выканаўцы і кампазітары як Давід Ойстрах, Уладзімір Ашкеназі, Артур Рубінштэйн, Франсіс Пуленк.
Малады беларускі тэнар заняў пятае месца ў конкурсе спевакоў. У мінулым годзе выканаўца стаў дыпламантам Міжнароднага конкурсу вакалістаў імя Ф. Вініьеса (Іспанія).
Агулам да ўдзелу ў вакальным спаборніцтве было дапушчана каля 70 выканаўцаў з больш чым 30 краін свету, у фінал выйшлі толькі 12 спевакоў.
На сённяшні дзень конкурс імя каралевы Елізаветы складаецца з чатырохгадовага цыклу. Кожны год праходзіць спаборніцтва па адной са спецыяльнасцей: скрыпка, фартэпіяна, сольныя спевы альбо кампазіцыя. У папярэднія гады ад Беларусі ў конкурсе бралі ўдзел 2 піяністы, аднак далей за першы тур яны не прайшлі.
Мы здолелі датэлефанавацца да выкладчыка Юрася Гарадзецкага вядомага беларускага дзеяча культуры, саліста Беларускага опернага тэатра – Віктара Скарабагатава.
Перамогу свайго вучня на бельгійскім конкурсе славуты беларускі барытон акрэсліў як самае значнае дасягненне нашай музыкі на міжнародным узроўні. Менавіта з поспеху на гэтым конкурсе і пачынаецца сусветная кар’ера, лічыць ён. Адна з калег Віктара Іванавіча нават вобразна параўнала спевака Гарадзецкага з першым касманаўтам, назваўшы яго “Юрыем Гагарыным беларускага вакалу”.
Нас зацікавіла пытанне, як падбіраецца рэпертуар для выканаўцаў. Віктар Іванавіч патлумачыў, што рэпертуар вызначаецца ўмовамі конкурсу. У другім туры, напрыклад, Юры Гарадзецкі выконваў канцону бельгійскага кампазітара Віма Хендэрыкса (Wim HENDERICKX), якая адмыслова была напісана для гэтага вакальнага спаборніцтва. Ноты музычнага твору былі разасланы ўсім удзельнікам за месяц. Дарэчы, Юры быў адным з двух выканаўцаў, якія здолелі выканаць канцону на памяць, астатнія ўдзельнікі выконвалі яе па нотах, што дазвалялася ўмовамі конкурсу. На думку ж самога аўтара Віма Хендэрыкса, наш Юра спяваў лепш за ўсіх.
Акрамя абавязковага для ўсіх выканання твора бельгійскага кампазітара, кожны ўдзельнік можа выбіраць рэпертуар у рамках азначанай арганізатарамі конкурсу музычнай плыні. Напрыклад, з твораў барока ці класіцызму.
Мы спыталіся, ці існуе ў такім разе нацыянальны рэпертуар, які можна было б паказваць на конкурсах такога ўзроўню.
Віктар Скарабагатаў адказаў, што ён безумоўна ёсць, і гэта творы Станіслава Манюшкі. Аднак паколькі на яго музыку пакладзены польскія тэксты і спяваць трэба на мове арыгіналу, то вырашана было абраць іншыя творы, каб пазбегнуць двузначнасці.
Аднак ён запэўніў, што творы Манюшкі гучаць, дзякуючы нашым выканаўцам у Беларусі і на іншых конкурсах.
Віктар Скарабагатаў адзначыў, што развіццё класічнага мастацтва ёсць адным з важных паказальнікаў развіцця грамадства. Наяўнасць і ўзровень нацыянальнага тэатру, літаратуры, нацыянальнай мастацкай галерэі характарызуюць спеласць грамадства і дзяржавы.
Інфармацыя пра перамогу Юрыя Гарадзецкага пакуль цыркулюе ў вузкім коле людзей. Пра гэта ведаюць у Акадэміі музыкі, у міністэрстве культуры, 26 траўня з’явіліся віншаванні на сайце Беларускай Оперы, праз дзень пачалі з’яўляцца кароткія паведамленні ў Інтэрнэце.
Спадзяёмся, што гэта перамога атрымае большы розгалас, бо гэта лепш за Еўрабачанне!
Даведка:
Віктар Скарабагатаў – беларускі барытон, саліст Нацыянальнага акадэмічнага опернага тэатра Рэспублікі Беларусь, выкладчык Беларускай акадэміі музыкі, даследчык старажытнай музыкі нашага краю, заслужаны артыст Беларусі, кіраўнік “Беларускай капэлы”.
Юры Гарадзецкі скончыў музычны каледж у Магілёве, навучаецца ў аспірантуры Беларускай акадэміі музыкі. З верасня 2006 г. з’яўляецца салістам Беларускай Оперы.
Фота з сайта Беларускай Оперы
Падрыхтавана “Офісам за дэмакратычную Беларусь”