У лістападзе ОДБ Брусель выступіў суарганізатарам прэзентацыі маляўнічага гумарыстычнага гіду “Гэта Беларусь, дзетка!”, складзенага Машай Чараковай і Мартай Чарновай на беларускай і ангельскай мовах. Кніга ўвайшла ў топ-10 продажаў кнігарні "Логвінаў" за лістапад, заняўшы пачэснае трэцяе месца, а першы наклад быў распраданы ўсяго за два месяцы пасля таго, як кніга пабачыла свет. Мы папрасілі дзяўчат падзяліцца гісторыяй свайго поспеху з чытачамі нашага сайта, таму чытайце і натхняйцеся і шукайце другое выданне даведніка па Беларусі ў крамах. Пытанні задаваў Алесь Бондар.
![]() |
Марта Чарнова (злева) і Маша Чаракова (справа). Фота з архіву аўтарак |
ОДБ: Распавядзіце крыху пра сябе, дзе Вы нарадзіліся?
Маша: Я нарадзілася у Мінску ў 1986 годзе, і, калі нам з сястрой-блізняткай было па восем, сям’я перабралася ў Нідэрланды, дзе маці прапанавалі працу. Цяпер я жыву ў Амстэрдаме, а ў Беларусь, можна сказаць, вярнулася, тры гады таму.
Марта: Я заўсёды кажу, што нарадзілася ў Мінску, хаця насамрэч тое адбылося ў 1986 годзе ў Лангепасе, што ў Заходняй Сібіры. Мае бацькі ў той час былі з’ехаўшы туды на працу. Яны і цяпер часам жартуюць, што знайшлі мяне ў снезе. Калі мне толькі споўнілася тры месяцы, наша сям’я вярнулася ў Мінск. З Мінску паходзяць мае бацькі і бабуля з дзядулем, таму і я лічу сябе мінчанкай. Калі мне было 11, мы з сям’ёй пераехалі ў Злучаныя Штаты, і школу я заканчвала ўжо там, а ў Беларусь вярнулася ў 2004 годзе.
ОДБ: І што прымусіла Вас, дзяўчаты, вярнуцца?
Марта: Я вельмі сумавала па Беларусі. Сумавала па сваіх сябрах, па сваяках. Мы з ЗША насамрэч не зусім стасаваліся адно да аднаго. Я ўсё не магла зразумець, як у Штатах усё наладжана і што мне рабіць дзеля таго, каб людзі мяне любілі. Да таго ж, навучанне ва ўніверсітэце было вельмі дарагое. Напрыклад, той, у які я збіралася паступаць, каштаваў бы мне 130 000 даляраў на год. Таму я надумала паехаць вучыцца куды-небудзь у Еўропу, якая была значна бліжэй мне ментальна, а з ўліку маіх сентыментаў да бацькаўшчыны, я вырашыла, што гэта будзе Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Мінску. Так я паступіла ў ЕГУ ў 2004 годзе - у той самы год, калі гэтую ВНУ зачынілі і нас перавялі ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, менавіта там я і вывучала дызайн на працягу пяці гадоў.
![]() |
Марта Чарнова (злева), і Маша Чаракова (справа) падчас прэзентацыі сваёй кнігі ў Галерэі "Ў" Фота: ОДБ Брусель |
ОДБ: Чаму ЗША падаліся табе цяжкой краінай для адаптацыі?
Марта: Ну, па-першае, як любы дзіцёнак, я хацела падабацца людзям і хацела быць часткай супольнасці. Я спрабавала дамагчыся гэтага ўсімі тымі метадамі, якімі рабіла гэта тут, у Беларусі, але, на дзіва, у Амерыцы гэта не спрацавала. Там зусім іншая культура.
ОДБ: Ты жыла ў вялікім горадзе?
Марта: Так, у Сіэтле. Калі я патрапіла у ЗША, дык навучалася ў адмысловым класе з людзьмі з усяго свету: з Кітая, Японіі, Украіны. Усе размаўлялі на розных мовах і стваралі свае ўласныя міні-групкі, разам бавячы час. А мне не было куды падацца. У нейкі момант я ўсвядоміла, што ў Штатах было сорамна быць выхадцам з СССР, не важна, беларуска ты ці ўкраінка – ты імкнешся гэта схаваць.
ОДБ: А можаш паспрабаць канкрэтызаваць: выхадцы з былога Саюзу самі адчувалі сябе няёмка, ці гэта амерыканскае грамадства глядзела на іх зверху ўніз?
Марта: Я думаю, што і тое, і тое мела месца, але, безумоўна, гэта больш было суб’ектыўнае адчуванне саміх гэтых людзей. Напрыклад, калі ў нас утвараліся міні-зямляцтвы, размаўлялі ў іх усё адно па-ангельску, таму што размаўляць, напрыклад, па-расейску, было сорамна. Таксама, калі я спрабавала пабудаваць з некім больш цёплыя сяброўскія адносіны, з тымі ж амерыканцамі, і падавалася, мы былі знітаваныя, – нешта здаралася, і сяброўства, пра якое я думала як пра сапраўднае, апыналася ілюзіяй. У Штатах мне не давялося пабудаваць сяброўства на ўсё жыццё, як тут, у Беларусі.
Маша: Мне гэта зразумела. Але для мяне ўсё было зусім інакш. Мне было лёгка інтэгравацца ў Галандыі, таму што я была з Беларусі. Мы былі адкрытыя для ўсяго і для ўсіх. У нас былі групы з Марока і Турцыі – найбуйнешыя мігранцкія супольнасці ў Нідэрландах – і яны трымаліся адно аднаго. У нас з сястрой сваёй групы не было і сябры былі пераважна галандцы. Да таго ж, мы выглядалі як галандкі, і гэта было нашай перавагай, мы інтэграваліся вельмі хутка. Магчыма, таму што нам было толькі па 8 гадоў, а не 11, як табе, Марта. Той выпадак, калі чым маладзей, тым прасцей. Я і падумаць не магла, што некалі вярнуся ў Беларусь. Мама нават адмысловую пужалку для нас з сястрой вынайшла: “Будзеце сябе дрэнна паводзіць – паедзеце назад у Беларусь”. І мы з сястрой насамрэч гэтага баяліся: “Не, мамачка, ты не можаш з намі такога ўчыніць!”
![]() |
Маша Чаракова з сястрой-блізняткай у Нідэрланах Фота з архіваў аўтараў |
ОДБ: І калі ж Вы нарэшце патрапілі ў Беларусь?
Маша: Тое адбылося тры гады таму. Я была ўжо дарослай і больш сталай. Я пачала думаць пра сваю радзіму, стала займацца так званымі “рускімі студыямі” ва ўніверсітэце. Так я шмат чаго даведалася пра Савецкі Саюз, Расію і маю Беларусь. Свой дыплом я вырашыла пісаць пра Беларусь: мне рабілася ўсё цікавей і цікавей, пакуль нарэшце я не пачула свой уласны голас, які сказаў мне, што прыспеў час пакінуць Галандыю і рушыць працаваць у Беларусь.
ОДБ: І як усё адбылося?
Маша: Я чалавек, які прымае рашэнні хутка, не надта капаюся і абдумваю. Памятаю, як адчула вострую неабходнасць адкрыць для сябе Беларусь, і ўжо праз два тыдні сядзела ў крэсле самалёта на Мінск. І гэта было проста неверагоднае пачуццё! Лепшае, што я зрабіла ў сваім жыцці. І першае, што я адчула, прызямліўшыся, – свабоду: я зрабіла тое, што трэба.
ОДБ: Свабоду?
Маша: Так, свабоду ўнутры сябе, сваю ўласную.
Марта: А я прыязджала ў Беларусь некалькі разоў, перад тым, як “асесці” тут, у асноўным – наведвала сваіх бабуль улетку. Тады для мяне гэта былі вакацыі. Але калі я вярнулася ў 2004 годзе каб паступаць у ЕГУ, толькі выпусціўшыся са школы і ахвяраваўшы процьму часу рэпетытарам, каб мець прыстойны ўзровень рускай мовы для паступлення, дык гэта быў суцэльны стрэс і шмат-шмат працы. Але ў выніку я паступіла і была вельмі шчаслівай… І вось я падыходжу да ўніверсітэта - і бачу ўсе гэтыя заклапочаныя твары і пытаюся, што адбылося, каб пачуць: “Універсітэт зачыняюць!” - вось такія мае першыя уражанні.
ОДБ: І што Вы адчулі пазней?
Марта: Я была дзіцёнкам і шукала вельмі канкрэтных рэчаў – мяне цікавілі чалавечыя адносіны. Я не імкнулася стаць паспяховай, выбудаваць кар’еру ці знайсці нейкі адмысловы ўніверсітэт – мне ўсё гэта было не важна. Мне былі патрэбныя людзі. Усё тут, нават паветра, было іншым. Я пачала дыхаць поўнымі грудзьмі, нават у аэрапорце, нават ў аўтобусе паветра было іншым – салодкім. У ЗША мне заўсёды нібы не хапала яго, і гэта было цяжка.
Маша: Я таксама прыязджала раней у Беларусь, разы са два, але заўсёды разам з мамай. А тут, калі я раптам апынулася ў самалёце, адна, мне падумалася: “Крута! Я раблю гэта сама!” Было так дзіўна жыць без бацькоўскай апекі і рабіць рэчы, каторыя я заўжды хацела. Вось такая поўная незалежнасць.
ОДБ: Калі надарыўся твой, Маша, першы “Гэта Беларусь, дзетка!” момант?
Маша: (усміхаецца) Ведаеце, тут шмат пунктаў кантролю ДАІ, "ГАИ" па-руску. І я вырашыла, што гэта “gay control”. І я так злавалася, кожны раз, як мы міналі па дарозе гэты знак! Як можна такое рабіць? Я думала, што там правяраюць геяў і фатаграфуюць іх! Я ж не ведала, што гэта абрэвіятура))). Пасля ў калегі з клубаў ЮНЕСКА я запыталася: “Як вы такое дапускаеце? Вы лічыце гэта нармальным?”, і калега адказала: “Маша, гэта ўсяго толькі дзяржаўная аўтаінспекцыя!”
ОДБ: Як змянілася краіна з таго часу, як Вы прыехалі сюды?
Маша: Я заўважыла, магчыма так адбылося і праз сусветны чэмпіянат па хакеі, – усе гэтыя святкаванні на вуліцы і фестывалі. Раней я б і не падумала, што такое магчыма ў Беларусі. Чэмпіянат трохі разняволіў людзей і ўлады. Я заўсёды казала маім сябрам з Беларусі, што для Галандыі вулічныя фэсты і паказы – звычайная справа. А яны заўсёды дзівіліся: “Што , насамрэч?" А пасля чэмпіянату для іх гэта стала выглядаць больш праўдападобна і натуральна.
Марта: А я звярнула ўвагу на тое, як пачалі з’яўляцца ўсе гэтыя Citydog, Галерэя “Ў”, чаго раней не было. Калі я вярнулася са Штатаў, дык пачала моцна цікавіцца тым, што адбываецца у культурным жыцці, і заўсёды дзівілася, як людзі арганізоўвалі імпрэзы ды вечарыны, адчынялі ўласныя клубы і былі пры гэтым нешмат старэшыя за мяне.
ОДБ: Як Вы думаеце, чым яшчэ абумоўлены такія змены?
Марта: Мы сталі часта ездзіць у Еўрасаюз. Напрыклад, было вельмі лёгка паехаць у Літву: віза каштавала ўсяго пяць еўра, і мы проста сядалі на цягнік і ехалі. Людзі з майго атачэння ўсё часцей некуды выязджалі, яны знаходзілі нейкія ідэі за мяжой, натхняліся і штосьці прыносілі дамоў, гэта паціху мяняла краіну. Я хачу сказаць, што Беларусь сапраўды шмат у чым змянілася, Мінск змяніўся, і я таксама адчуваю, як змяняюся.
ОДБ: Тады запытаюся, што Вам тут найбольш падабаецца, а што не падабаецца?
Маша: Я заўсёды параўноўваю Нідэрланды з Беларуссю. Найбольш мне падабаюцца самі беларусы. Мінск – нармальны горад, але менавіта людзі робяць краіну надзвычайнай. Ад пачатку тут падаецца складаней завесці сяброў, але калі вы з некім пасябравалі, дык гэта назаўжды. І пачуццё гумару… Гумар тут не кепскі, не злы, бо напрыклад, у Галандыі, гэта хутчэй сарказм, а не гумар. Беларусы ж будуць жартаваць перад усім з сябе, чымсьці кпіць з іншых людзей. І яшчэ, прадпрымальніцкі склад розуму. Я заўсёды думаю у тэрмінах праблемы і яе вырашэння, і як можна на гэтым зрабіць справу. Тут шмат патэнцыялу, можна стаць распачынальнікам шмат якіх рэчаў. Калі я прыехала сюды, дык бачыла шансы літаральна паўсюль. Так шмат рэчаў тут не хапала, што ў мяне галава проста закруцілася. Вось што мне падабаецца ў Беларусі.
Марта: (падхоплівае) Так, магчымасцей шмат, але шмат і бюракратычных прыпонаў. Я па складзе чалавек творчы, і ўсе гэтыя правілы мяне проста знічшаюць. Людзі, якія гэтым займаюцца, кажуць, што не так усё і немагчыма, але ўсё адно: трымаць у галаве заканадаўства, якое пастаянна змяняецца, ведаць у каго і што запытацца і да каго пайсці – цяжка ўсё гэта. У Штатах ты проста сплочваеш падатак напрыканцы сакавіка, і ўсё. А тут, калі ты яшчэ і ў нечым памыліўся, – табе канец. А вось што мне падабаецца, дык гэта асаблівае пачуццё бяспекі на вуліцах. Я чамусь упэўнена, што вярнуся дадому цэлай, нічога са мной не здарыцца.
Маша: У мяне аналагічнае адчуванне бяспекі ў Беларусі.
Марта: І яшчэ адна рэч мне падабаецца. Калі старанна спланаваць свой бюджэт, маладому чалавеку можна пражыць на зусім невялікія грошы, асабліва, калі ёсць бабуля, якая не пакіне цябе без бульбы, сочыва ды іншых пачастункаў, – можна плаціць толькі за праезд і кватэру.
Маша: А вось што канкрэтна не падабалася і асабліва спачатку, дык гэта абслуга. У Галандыі ўсе прыязна да цябе ставяцца і ўсміхаюцца, а калі ты спусцішся, напрыклад, у мінскае метро і паспрабуеш набыць 10 жэтончыкаў, жанчына ў вакенцы наўпрост шпуране іх у цябе, не павітаўшыся, і не скажа: “Да пабачэння!” Я спачатку не магла ўцяміць, што я такога нарабіла, каб атрымаць такое абыходжанне. Да таго ж, многія людзі вельмі кансерватыўныя, натуральна не ўсе, але ў мяне было шмат такіх дыскусій, асабліва ў першы год беларускага жыцця – пра ўсё, пра правы сэксуальных меншасцяў, іншыя розныя тэмы, якія досыць звыклыя і стандартныя ў Галандыі. Мне трапляліся суразмоўцы з загадзя складзенымі стэрыатыпамі ды забабонамі, якія не слухалі ніякіх аргументаў, і я проста здалася, больш не дыскутую.
ОДБ: Якое Ваша ўлюбёнае месца ў Беларусі?
Маша: Для мяне гэта “Камароўка”. Я літаральна закаханая ў гэта месца. Я ўжо маю нават цэлую традыцыю: проста пайсці туды і глядзець на людзей. Гандляры там вельмі ветлівыя, бо хочуць прадаць свой тавар. А назіраць за бабулькамі, якія прыходзіць туды гандляваць, а таксама па набыткі, - для мяне як сапраўднае падарожжа ў часе. І гэта цудоўна.
Марта: А ў мяне шмат улюбёных месцаў. Мне вельмі падабаецца цэнтр Мінска, вуліца Карла Маркса, на якой я жыла ў дзяцінстве. А таксама мне па душы і навабуды. Будзеце смяяцца, але мне даспадобы Нацыянальная бібліятэка і адкрытая прастора вакол яе. Мне падабаецца парк, і я люблю займацца там бегам. А наогул ёсць шмат месцаў, куды б я не стамілася хадзіць, падаецца, ніколі.
![]() |
Маша (злева) і Марта (справа) каля Нацыянальнай бібліятэкі, аднаго з улюбёных навабудаў Марты ў Мінску. Фота з архіваў аўтараў |
ОДБ: Калі б хтосьці з Вас стаў Прэзідэнткай, што б Вы зрабілі першым чынам?
Маша: Ну, я б найперш зрабіла ўсё, каб палегчыць людзям вандроўкі. Проста падаравала б навучальныя туры за мяжу шмат каму, каб паказаць, як там людзі жывуць і крыху даць адпачыць. А таксама ўсімі сіламі заахвочвала б развіццё прадпрымальніцтва – такі мой прыярытэт.
Марта: А я, напэўна б, правяла рэформу адукацыі. Больш бы навучала дзяцей таму, якія зрухі адбываюцца ў іншых краінах. Вучыла б як адказваць на тыя ці іншыя выклікі і як змяняць рэчы. Напрыклад, як зрабіць наш вялікі сельскагаспадарчы сектар вельмі прыбытковым, як спалучыць тэхналогіі ды традыцыйнае земляробства. Напрыклад, прыцягнула б наш слаўны IT–сектар, усе гэтыя светлыя галовы, і падумала, як зрабіць так, каб яны змаглі больш прыбыткова працаваць тут, і меней на аўтсорс.
ОДБ: Цікавыя ідэі, а як Вы - дзве такія крэатыўныя дзяўчыны - пазнаёміліся?
Маша: Марта стварыла адмысловую мапу Мінска на ангельскай мове, я лічыла яе проста цудоўнай. На шчасце, у нас быў агульны знаёмец, які і звёў нас разам.
ОДБ: Маша, а ты можаш больш падрабязна распавесці, чым ты займалася ў Беларусі, калі прыехала сюды?
Маша: Натуральна. Я патрапіла ў Беларусь як валанцёр, каб працаваць у клубах ЮНЕСКА, але адчувала, што больш карысна было б заняцца ўласным праектам. Так я атрымала грант на ажыццяўленне трэнінгавай праграмы па сацыяльным прадпрымальніцтве. Фактычна за два апошнія гады, што я тут правяла, мы натрэніравалі 60 сацыяльных прадпрымальнікаў. Таксама мы арганізоўвалі візіты па абмене досведам паміж Нідэрландамі і Беларуссю.
![]() |
![]() |
Маша Чаракова (першая злева) з беларускімі калегамі падчас працы валанцёркай у Клубах ЮНЕСКА | Маша Чаракова з Дзянісам Кандратовічам, с SocStarter па сацыяльным прадпрымальніцтве |
ОДБ: Маша, магла б ты патлумачыць, што такое сацыяльнае прадпрымальніцтва?
Маша: Ну, калі ў двух словах, дык гэта калі вы спрабуеце зрабіць гэты свет лепшым, распачаўшы уласны бізнес. Бізнес-мадэль наступная: вы – прадпрымальнік і павінны зарабляць грошы, але місія вашага прадпрыемства ў сацыяльнай карысці альбо ахове навакольнага асяроддзя. Як у выпадку, напрыклад, з абуткам TOMS і іх канцэпцыяй “пара за пару”, калі з кожнай пакупкай, такая ж пара абутку бясплатна накіроўваецца дзецям у Афрыку, Азію ці Паўднёвую Амерыку - туды, дзе гэтыя чаравікі вельмі неабходныя. Калі я прыехала ў Беларусь, дык пабачыла, што многія людзі ведаюць, як вырашаць сацыяльныя праблемы. Напрыклад, ёсць шмат людзей з інваліднасцю, але няма адпаведнай інфраструктуры для іх. І такія людзі маглі прапанаваць добрыя рашэнні гэтай праблемы, але не ведалі, як гэта зрабіць. Так я і прыйшла да высновы, што неабходна стварыць трэнінгавую праграму, якая б дала разуменне па ўсіх аспектах: як стварыць канцэпцыю бізнесу і дзе яго пачынаць – заканадаўчыя, фінансавыя аспекты – усё.
ОДБ: Праз навучанне ў Вашай праграме прайшлі 60 чалавек, можаце ўжо цяпер распавесці пра вынікі?
Маша: Чацвёра ўжо стварылі свае бізнес-кампаніі і зарабляюць грошы, такім чынам – чатыры сацыяльныя бізнесы паўсталі. Напрыклад, праграма Мівія (http://mivia.by/) . Яны арганізоўваюць туры для сляпых і слаба відушчых людзей. Яны ладзяць таксама і туры для кампаній, каб пратэставаць іх офісы на даступнасць. Зусім нядаўна я атрымала невялікі грант на даследаванне вынікаў праграмы Сацстарцер (Socstarter). У рамках даследавання я правяду апытанне ўсіх, хто ўдзельнічаў у праграме, і пагляджу, што новага адбылося.
ОДБ: А як вы сябе самавызначаеце, як беларусак?
Марта: Я абсалютна дакладана, так.
Маша: Я – не.
ОДБ: Можаш патлумачыць?
Маша: Гэта дзіўна. Часам я адчуваю сябе беларускай, але збольшага – галандкай. Дарэчы, там, у Нідэрландах, я часцей пачуваюся беларускай. Такі вось мікс. Але ў большасці часу ўсё ж такі галандкай.
ОДБ: Якую будучыню вы бачыце для Беларусі?
Маша: Мяркую, што краіна будзе развівацца паступова, павольна рухацца наперад.
Марта: Думаю, усё будзе адбывацца з той самай хуткасцю, што і апошнія дзесяць год.
ОДБ: То бок, ніякага патэнцыялу для раптоўных зменаў?
Марта: Не, можа такая спакойная эвалюцыя. Маладое пакаленне будзе працягваць рабіць тое, што робіць і паглядаць у бок Еўрасаюза. Яны будуць паціху прыносіць сюды еўрапейскія практыкі і каштоўнасці. І магчыма, калі адбудзецца змена пакаленняў, яны скажуць: “Усё, будзем нашымі еўрапейскімі рэчамі цяпер займацца”. Што я ўкладаю ў тэрмін “еўрапейскія каштоўнасці” – гэта больш прадпрымальніцтва, вынаходніцтва.
ОДБ: Вы хацелі б пераехаць у Беларусь назаўжды?
Маша: Пакуль не, мне падабаецца прыязжаць і жыць тут. І мне падабаецца, што я заўсёды магу з’ехаць. Мне падабаецца мець нешта новае ў жыцці. Гэта як мець іх адначасова два: тут і ў Нідэрландах. Вось, што мне падабаецца: Галандыя для жыцця, Беларусь – для любові). Бо Галандыю я люблю зусім інакш.
ОДБ: Як вашыя сем’і ставяцца да вашага захаплення Беларуссю?
Марта: Мая маці звычайна падзяляе мае пачуцці. Яна заўсёды кажа: “Ты мой завадатар”, - у тым сэнсе, што яна больш абдумвае, а я раблю. І яна заўсёды кажа: “Божухна, Марта! Я цалкам з табой!” Мы тут з мамай на адной хвалі. Тата ў мяне чалавек філасофскага складу: для яго няма рэчаў белых і чорных, але з большага ён мяне падтрымлівае.
Маша: У мяне толькі мама ёсць, і яна мной вельмі ганарыцца - усім, што я раблю тут. Яна не прапускае ніводнай прэзентацыі. Але сама яна чалавек іншага складу, таму я заўсёды здзіўляю яе сваімі ідэямі. І сястра ў мяне такая ж. Яна жыве ў Нідэрландах і паспела стаць вялікім прадпрымальнікам. Так, любім мы нашу маму здзівіць.
ОДБ: Ці ёсць нешта такое, што Вы заўсёды прывозіце ў Беларусь ці везяцё адсюль?
Маша: Так, я заўсёды цягну сюды арахісавае масла і струп-вафлі, карамелізаванае печыва - гэта такія адмысловыя галандскія ласункі. А адсюль заўсёду вязу сланечнікавыя семкі, якіх у Галандыі няма.
Марта: Ну, а для мяне гэта глазіраваны сырок і яблыкі з бабулінага саду. Са Штатаў я зазвычай вязу арахісавае масла, яно не такое смачнае, як галандскае, але тым не менш, і Granola Bars.
ОДБ: Мы тут шмат чаго абмеркавалі, апроч самой кнігі :). Хочаце нешта пра яе распавесці?
![]() |
Сёння кнігу "Гэта Беларусь, дзетка!" можна знайсці ў любой кнігарні Мінска. На фота: Кніга Марты Чарновай і Машы Чараковай у кнігарні "Логвінаў" побач з кнігай Нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч 'Час Second-Hand'. Фота: ОДБ Брусель |
Маша: Мы шмат што распавядалі пра кнігу ў розных інтэрв’ю, але ніхто не запытаўся: “Як вы знайшлі фінансаванне?” Гэта першае, пра што ў нас запыталі б у Галандыі.
ОДБ: І як?
Маша: Мы ўсё зрабілі самастойна.
ОДБ: Маеце на ўвазе, за свае ўласныя грошы? Можна пацікавіцца, у колькі ўсё абышлося?
Марта: Ну, мы нават і не лічылі дакладна.
Маша: Было нешта блізу адной тысячы еўра за ўсё. Але, безумоўна, мы выдадткавалі шмат часу.
Марта: Для мяне гэта была сапраўдная праца на поўны дзень з сакавіка па жнівень.
ОДБ: І Вы фактычна пайшлі з гатовай кнігай да выдаўца, які пагадзіўся надрукаваць яе за свае грошы, так? Удакладняю, бо ў Беларусі гэта не такі часты выпадак.
Маша: Я і сама была здзіўлена, наколькі хутка і гладка ўсё адбылося. Кіраўнік выдавецтва быў вельмі мілы і, пабачыўшы кнігу, адразу прапанаваў падпісаць кантракт.
![]() |
Шчаслівыя Марта і Маша пасля падпісання кантракта з выдавецтвам. Фота з архіва аўтараў |
ОДБ: І апошняе пытанне пра мову, якое ў нас трацыйна выклікае шмат дыскусій. Што Вы пра гэта думаеце?
Маша: У мяне тут вельмі цвёрдая пазіцыя: вельмі хацелася б чуць беларускую мову ад беларусаў і бачыць, як яны пачынаюць разумець, наколькі гэта істотна. Таму што мова фарміруе саму Беларусь, стварае ідэнтычнасць. Думаю, калі ўсе пачнуць размаўляць па-беларуску, яны і будуць адчуваць сябе больш беларусамі. Для мяне гэта вельмі важна, вось чаму я так дамагалася таго, каб кніга была на дзвюх мовах. У Нідэрландах людзі нават не задумваюцца пра тое, як важна размаўляць па-галандску, бо мова ў іх ёсць. Але кожы раз, як я прыязджаю сюды, большасць рэчаў адбываюцца па-руску, многія беларусы нават называюць сябе рускімі. Мне падаецца, гэта павінна змяніцца, але гэта прыйдзе з часам. Спадзяюся, наша кніга крыху дадасць нешта да гэтых зменаў.
Пабачыць фота з прэзентацыі кнігі 7 лістапада 2015 года.
![]() |
Ілюстрацыя Марты Чарновай да няпростай моўнай сітуацыі ў Беларусі Крыніца: EtoBelarusDetka.com |