Ад Малевіча да Вашкевіча: “Мастацтва Беларусі ХХ стагоддзя. Віцебская школа”

На платформе “Улей” пачалася кампанія па зборы сродкаў на выданне дзіцячай кнігі “Мастацтва Беларусі XX стагоддзя. Віцебская школа”. Мяркуючы па тым рэзанансе, які ўжо выклікала гэта навіна ў беларускім інтэрнеце, яскравая кніга пра творчую спадчыну нашых геніяльных суайчыннікаў будзе цікавая не толькі дзеткам, але і іх бацькам. ОДБ Брусель паразмаўляў пра гэта з куратарамі і аўтарамі будучага шэдэўра.

Кніга распавядае пра сем постацей – пецярых мастакоў і дзвюх мастачак – самых яркіх прадстаўнікоў Віцебскай плыні, якія жылі і стваралі ў розныя перыяды ХХ стагоддзя. Пра некаторых з іх – Казіміра Малевіча, або Марка Шагала – многія з нас ужо чулі. Кагосьці, напрыклад, мастачку Алесю Паслядовіч, прыйшлося старана даставаць і аднаўляць з кантэксту савецкага мастацтва Беларусі. Сучасныя мастакі, Уладзімір Цэслер і Руслан Вашкевіч, гарманічна ўпісаліся ў структуру кнігі, як паслядоўцы Віцебскай школы.

 
 Каманда праекта “Мастацтва Беларусі XX стагоддзя. Віцебская школа” Злева-направа: Bazinato (дызайнер праекта), Андрэй Хадановіч, Волга Мжэльская, Валянцін Акудовіч, Сафія Садоўская, Адам Глобус, Ірына Лукашэнка, Руслан Вашкевіч



Незвычайны падручнік

Своеасаблівы прасунуты падручнік па мастацтве павінен быць цікавым і прыкладным – гэта першая важная мэта, якую ставілі перад сабой аўтары і рэдактары праекту. Важна не проста распавесці дзецям пра мастакоў, але і зрабіць гэта ў цікавай гульнёвай форме, каб маленькі чытач ці чытачка не толькі атрымалі ўяўленне пра гістарычную асобу, але і зразумелі асновы творчага падыходу таго ці іншага прадстаўніка Віцебскай школы.

 
Адам Глобус

Адам Глобус, галоўны рэдактар ​​кнігі і аўтар казак: «Памятаю, як у дзяцінстве разглядаў адну кнігу, у якой была надрукавана рэпрадукцыя карціны Левітана – нейкі пейзаж, вада, а ў гэтай вадзе лодка з самотным чалавекам. Я разглядаў гэтую карцінку, і мне вельмі хацелася, каб лодка паплыла далей, каб чалавек распавёў сваю гісторыю. На жаль, сучасныя кнігі па мастацтве, не толькі дзіцячыя, але і даросыя, як правіла, пазбаўлены творчай ноткі. У “Мастацтве Беларусі XX стагоддзя. Віцебская школа” мы пастараліся не проста сабраць цікавыя факты пра мастакоў, але і падаць матэрыял праз унікальныя гульнёвыя формы».

Казкі для карцін


На 110-ці старонках гэтай кнігі інфармацыя пра мастакоў размешчана ў храналагічным парадку. Кожны мастак мае свой уласны раздзел, дзе разбіраюцца некалькі яго (яе) знакавых работ. Пры гэтым, ад традыцыйнай падачы карцін (назва, аўтар, год напісання), вырашылі адмовіцца. Па матывах карціны, творчасці ці жыцця кожнага мастака, прадстаўленага ў кнізе, знакамітыя беларускія пісьменнікі і паэты адмыслова напісалі адпаведныя казкі і вершы. А пасля азнаямлення з кожным мастаком маленькім чытачам прапануецца займальная гульня на замацаванне матэрыялу.
 

Ірына Лукашэнка

Ірына Лукашэнка, каардынатарка праекта: «Калі абмяркоўвалася ідэя кнігі і было вырашана пісаць казкі і вершы для карцін, то за  кожным аб’ектам мы, умоўна кажучы, замацавалі канкрэтнага аўтара. Усе ўзяліся за свае заданні з вялікім імпэтам, ніхто не адмовіўся, ніхто не прасіў змяніць яму мастака, альбо карціну. Вядома, не абышлося без асабістых адкрыццяў. Напрыклад, я не чакала, што Валянцін Акудовіч напіша казку, ад якой у мяне кожны раз слёзы на вачах набягаюць, нягледзячы на тое, што гэта была яго першая спроба стварыць нешта для дзяцей».

Адам Глобус, галоўны рэдактар ​​кнігі і аўтар казак: «Мы раіліся з самімі мастакамі з нагоды інтэрпрэтацыі іх карцін у казкі і вершы. Вядома, да Малевіча або Шагала звярнуцца не атрымалася, але вось Уладзімір Цэслер і Руслан Вашкевіч дадалі яркія і важныя дэталі, якія ў выніку дапамогуць пагрузіць дзіця ў свет карціны, ажывіць персанажаў».

Сусвет мастака

Каб максімальна пагрузіць дзіця ў свет канкрэтнага мастака Віцебскай школы, акрамя казак, вершаў і цікавых фактаў з жыцця майстра, напрыканцы кожнага раздзела месціцца займальная гульня, якая прысвечана, вядома, маляванню. Маленькія чытачы падчас гульні маюць магчымасць адчуць сябе не проста дапытлівымі мастацтвазнаўцамі, але і сапраўднымі мастакамі віцебскай школы.

Сафія Садоўская

Сафія Садоўская, куратарка праекта: “Напрыклад, у раздзеле Малевіча ёсць гульня, звязаная з гранёнай шклянкай. Калі я шукала цікавыя факты пра мастакоў, даведалася, што па адной з версій менавіта Малевіч вынайшаў гранёную шклянку. Гэта не дакладны гістарычны факт, але такая верагоднасць дапускаецца. Пасля вывучэння творчасці Казіміра Малевіча мы прапануем нашым маленькім чытачам напоўніць чым заўгодна намаляваную гранёную шклянку, але зрабіць гэта так, як гэта зрабіў бы сам Малевіч. Ці ёсць гульня па матывах знакамітага “Чорнага квадрату”. На старонцы мы бачым чорны пакой, перад намі стаіць задача адлюстраваць у ім што-небудзь. З аднаго боку, у чорным пакоі нічога не будзе відаць, але сітуацыя змяняецца, калі выкарыстоўваць для малявання белую фарбу”.

   


Стваральнікі кнігі “Мастацтва Беларусі XX стагоддзя. Віцебская школа” ўпэўнены, што менавіта дзеці могуць даць тысячы розных інтэрпрэтацый працам мастакоў віцебскай школы, калі зацікавіць іх, распавесці пра тое, як можна чытаць мастацтва. Ірына Лукашэнка, каардынатарка праекту, кажа пра тое, што ў дзяцей пасля некалькіх заняткаў у “Дзіцячых творчых майстэрнях” галерэі “Ў” пыталіся, што азначае чорны квадрат. Інтэрпрэтацыі карціны, пачутыя ад дзяцей 8-12 гадоў, прымусілі здзівіцца не толькі бацькоў, але і выкладчыкаў і выкладчыц праекта.

Кніга “Мастацтва Беларусі XX стагоддзя. Віцебская школа” – гэта ўнікальны для сучаснай Беларусі арт-праект, які пагружае нас у творчы сусвет Віцебскага мастацтва мінулага стагоддзя. Зараз на краўдфандынгавай платформе “Улей” ідзе збор грошай на выданне кнігі. На старонцы праекта можна замовіць кнігу ўжо цяпер, а пасля заканчэння кампаніі атрымаць свой асобнік па пошце. Гэта ўнікальная магчымасць дапамагчы з’явіцца на свет добрай кнізе і адначасова стаць уладальнікамі інтэрактыўнага мастацкага падручніка, зробленага не толькі з веданнем сваёй справы, але таксама з дабрынёй і любоўю.

Калі кніга “Мастацтва Беларусі XX стагоддзя. Віцебская школа” знойдзе водгук у сэрцах маленькіх беларусаў, беларусак і іх бацькоў, аўтары ўжо сур’ёзна разважаюць над тым, каб зрабіць працяг. Свайго часу чакаюць Менская і Гродзенская школы.

 Тэкст: Валерыя Мікалайчык

ОДБ Брусель