Кіраўнік рабочай групы ПА АБСЕ па Беларусі, дэпутат бундэстага Ута Цапф заявіла Deutsche Welle, што ЕС павінен і далей аказваць ціск на Мінск. Яна патлумачыла, што менавіта дапамагае прэзыдэнту Лукашэнку захоўваць уладу.
У пачатку ліпеня Парламенцкая Асамблея (ПА) АБСЕ прыняла жорсткую рэзалюцыю па сітуацыі ў Беларусі, якая выклікала незадаволенасць афіцыйнага Мінска. Дэпутат бундэстага ад Сацыял-дэмакратычнай партыі, кіраўнік рабочай групы ПА АБСЕ па Беларусі Ута Цапфу інтэрв'ю Deutsche Welle распавяла, як Еўрасаюз павінен рэагаваць на тое, што адбываецца ў краіне. Цапф таксама выказала сваё меркаванне аб прапанове Лукашэнкі выслаць беларускіх палітвязняў у краіны ЕС.
- 13 ліпеня ў Беларусі зноў прайшла акцыя "маўклівага пратэсту", яе ўдзельнікаў зноў затрымлівалі з грубым ужываннем сілы. Як павінны рэагаваць на тое, што адбываецца, Еўрасаюз і Германія?
- Еўрасаюз і Германія адрэагавалі на сітуацыю ў Беларусі пасля 19 снежні 2010 узмацненнем жорсткасці санкцый у дачыненні да Мінску. Я маю на ўвазе аднаўленне візавых абмежаванняў супраць дзяржчыноўнікаў і пашырэнне спісу асоб, якія падпадаюць пад дзеянне такіх санкцый. ЕС таксама ўвёў эмбарга на пастаўкі ў Беларусь зброі, сродкаў абароны і іншых прадметаў, якія могуць быць выкарыстаны для рэпрэсій у дачыненні да насельніцтва.
Абмяркоўваецца мэтазгоднасць увядзення эканамічных санкцый супраць Мінска. На гэты конт ёсць розныя думкі. Некаторы час таму кіраўнік ведамства федэральнага канцлера Рональд Пафала, які курыруе ў Гермнаіі гэтае пытанне, сказаў мне, што цяпер гаворка аб увядзенні эканамічных санкцый як такіх не ідзе. Як далей будзе развівацца сітуацыя, я не ведаю.
Акрамя таго, ёсць розныя падыходы да таго, ці варта ўводзіць супраць Беларусі фінансавыя санкцыі, напрыклад не прадастаўляць крэдыты. Літоўскі прэзідэнт Грыбаўскайтэ выступае катэгарычна супраць такіх мер, лічачы, што яны могуць нашкодзіць беларускім грамадзянам.
У дадзеным выпадку прыняць рашэнне вельмі складана. Бо трэба ўлічваць, што Расія цяпер робіць усё для таго, каб прывязаць да сябе Беларусь, перш за ўсё эканамічна, атрымаўшы кантроль над яе найбольш прыбытковымі прадпрыемствамі.
- Міністэрства інфармацыі адклікала свае пазовы аб спыненні выхаду недзяржаўных газет "Наша Нiва" і «Народная воля». Многія ўспрынялі гэта як сігнал гатоўнасці да дыялогу, як крок Мінска насустрач ЕС. Вы таксама так лічыце?
- Так, гэта можна так разглядаць. Мы былі шакаваныя пастаянным ціскам на "Нашу ніву" і "Народную волю". І тое, што пакуль удалося пазбегнуць іх канчатковага закрыцця, можа з'яўляцца своеасаблівым сігналам Еўрасаюзу. Калі гэта было б так на самай справе, я б гэта толькі ўсяляк вітала.
Але я хачу падкрэсліць, што мы не павінны спыняць аказваць ціск на Мінск, а беларускім уладам неабходна спыніць пераслед ўсіх незалежных газет і няўрадавых арганізацый, перастаць затрымліваць удзельнікаў акцый "маўклівага пратэсту" і вызваліць палітвязняў.
- Нядаўна прэзідэнт Лукашэнка прапанаваў Еўрасаюзу забраць да сябе беларускіх палітвязняў, калі Брусель таго хоча. Як можна дамагчыся іх хутчэйшага вызвалення?
- Складана сказаць. Думаю, што Лукашэнка, прапанаваўшы гэта, на самой справе хацеў паздзекавацца над Еўрасаюзам і нашай занепакоенасцю лёсам палітвязняў і ў шырокім разуменні - крытыкаў рэжыму. У тым сэнсе, што, маўляў, глядзіце: ЕС на самой справе не жадае вас прымаць. Я лічу, што яго прапанова не можа быць выхадам з сітуацыі з палітвязнямі, паколькі яна азначае, што ўнутры краіны ўсё застаецца па-ранейшаму.
Такім чынам можна было б вызваліць з-за кратаў беларускіх апазіцыянераў. Але некалькі дзён таму я гаварыла з сястрой экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. І яна сказала мне, што ён наогул не хоча такога вызвалення, паколькі гэта не палітычнае рашэнне. Лукашэнка хоча занадта лёгка пазбавіцца гэтай праблемы.
- Эканамічны крызіс у Беларусі прывёў да істотнага падзення даверу насельніцтва да ўлады. Цяпер шмат разважаюць пра тое, ці ўдасца рэжыму перажыць гэты крызіс. На ваш погляд, як доўга Лукашэнка зможа заставацца ва ўладзе?
- Гэта, напэўна, самае складанае пытанне. Я лічу, што да таго часу, пакуль Расія, зыходзячы са сваіх інтарэсаў, будзе падтрымліваць Лукашэнку, пахіснуць яго пазіцыі будзе вельмі складана. Асабліва калі самі людзі, супраць якіх працягваюцца рэпрэсіі, не ўпэўненыя, ці стане ім пасля звяржэння Лукашэнкі лепш, паколькі яны не ведаюць, хто прыйдзе пасля яго.