Старшыня прадстаўніцтва Еўракамісіі Іен Боўг : Нашыя стасункі не могуць не палепшыцца

Інтэрв’ю са старшынём прадстаўніцтва Еўракамісіі Іенам Боўгам (серыя: Еўрапейская палітыка ў асобах)

Спадар пасол, ці магчыма казаць пра тое, што стасункі паміж Бруселем і Мінскам наладжваюцца, і што Беларусь робіць крокі насустрач?

Я спадзяюся, што згода беларускіх улад адчыніць офіс дэлегацыі Еўракамісіі ў Мінску сведчыць пра тое, што нашы адносіны могуць палепшыцца. Еўразвяз прадэманстраваў сваю гатоўнасць да супрацоўніцтва ў тым выпадку, калі адпаведныя крокі будуць зроблены з боку ўрада Беларусі. Стратэгія Еўракамісіі, што складаецца з 12 пунктаў, уключае ў сябе шэраг умоў, выкананне якіх мы і разглядаем як крокі насустрач, наладжванне адносін.

Што можа змяніцца пасля адкрыцця ў Мінску прадстаўніцтва Еўракамісіі?

Адкрыццё прадстаўніцтва дазволіць Еўракамісіі і беларускім ўладам весці больш паслядоўны дыялог па пытаннях, у якіх зацікаўлены абодва бакі. Гэта таксама створыць магчымасць больш уважліва сачыць за фінансавым бокам супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі ў рамках праграмы Тасіс. Цяпер яе замяніла новая прылада – палітыка добрасуседства і партнёрства. Разам з тым офіс дазволіць Еўропе замацаваць свае кантакты ў краіне і супрацоўнічаць з больш шырокім колам прадстаўнікоў беларускай грамадскасці, чым гэта магчыма сёння.

 Дамоўленасць пра фармат прадстаўніцтва Еўракамісіі ўжо існуе?

Прадстаўніцтва ў Мінску ўзначаліць павераны ў справах, старшыня дэлегацыі з акрэдытацыяй у беларускай сталіцы будзе па-ранейшаму знаходзіцца ў Кіеве. Мы маем спадзяванні, што перамовы па пагадненні пра ўтварэнне прадстаўніцтва будуць завершаны ў бліжэйшым часе.

Ці прадугледжвае пагадненне прызначэнне новага паверанага ў справах і новага старшыні прадстаўніцтва?

Не, у бліжэйшай будучыні новых прызначэнняў не будзе.

На Вашу думку, якімі якасцямі павінен валодаць чалавек, які ўзначаліць прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Беларусі?

Мне падаецца, што на чале любога прадстаўніцтва павінен знаходзіцца той, хто валодае здольнасцю ўзаемадзейнічаць і з тымі, хто яго акрэдытаваў, і з тымі, каго прадстаўляе. Такія якасці неабходныя для ўсталявання ўзаемаразумення паміж бакамі. Менавіта ўзаемаразуменне з’яўляецца асновай паспяховага супрацоўніцтва.

Наколькі істотным Вы лічыце магчымы ўнёсак у развіццё ўзаемадачыненняў паміж Бруселем і Мінскам спецпрадстаўніка МЗС Беларусі Сяргея Гайдукевіча?

Паміж Еўракамісіяй і беларускім ўрадам ужо існуюць адладжаныя каналы сувязі. У Бруселі працуе беларускае прадстаўніцтва, мы чакаем адкрыцця офіса ў Мінску. Хочацца спадзявацца, што дыпламатычныя кантакты стануцца важнай часткай не толькі развіцця, але і наладжвання адносін паміж Камісіяй ЕЗ і трэцімі краінамі, што не ўваходзяць у Еўразвяз і не з’яўляюцца кандыдатамі на далучэнне.

Калі адкінуць палітыку, якімі трыма словамі можна апісаць Беларусь? Якім Вы бачыце тыповага беларуса?

У трох словах немагчыма апісаць краіну з 10-мільённым насельніцтвам. Я б сказаў, што Беларусь – гэта патэнцыйны ўдзельнік еўрапейскай сям’і. Я таксама не ўпэўнены, што існуе так званы тыповы беларус, бо сустракаў у вас вельмі розных людзей.

Якія Вашыя ўражанні ад краіны? Вы з ёй ужо добра пазнаёміліся ?

На жаль, я бываю на Беларусі па большасці толькі ў часе камандзіровак ў сталіцу, але вось апошні раз быў у Берасці. Мне там вельмі спадабалася, асабліва Белавежская пушча і музей, што ў ёй знаходзіцца.

Спадар Боўг, што б Вы пажадалі беларускаму народу?

Я жадаю беларусам атрымаць магчымасць карыстацца такімі перавагамі еўрапейскай палітыкі добрасуседства, як дэмакратыя, разумнае кіраванне, эканамічны прагрэс. Каб мы маглі даць вам такую магчымасць, беларускія ўлады мусяць абапірацца на тыя каштоўнасці, што ляжаць у аснове гэтай палітыкі.

Іен БОЎГ нарадзіўся ў Вялікабрытаніі 4 студзеня 1946 г. У 1967 г. скончыў Оксфардскі універсітэт, атрымаўшы ступень у галіне сучасных моў. З 1967 па 1974 гг. Знаходзіўся на дыпламатычнай службе, пасля працаваў у сферы міжнароднага страхавання. У 1978 г. паступіў на працу ў Еўрапейскую камісію. 

Прапрацаваўшы некалькі гадоў у Генеральным дырэктараце Еўракамісіі па развіцці, у 1985 г. сп. Боўг зрабіўся ўдзельнікам кабінета па пытаннях палітыкі ў рэгіёне Міжземнамор’я і дачыненняў “Поўнач-Поўдзень” Клода Шэйсана. З 1987 па 2004 гг. займаў кіруючыя пасады ў некалькіх аддзелах Генеральнага дырэктарата Еўракамісіі па знешніх сувязях, а таксама ўзначальваў прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Марока (1987-1991), Бразіліі (1991-1994) і Егіпце (2001-2004). У верасні 2004 г. узначаліў прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Беларусі, Малдове і Украіне. У чэрвені 2006 г. перадаў свае дыпламатычныя крэдэнцыі беларускаму прэзідэнту.

 

 Пытанні задавала Марына Рахлей

 

Падрыхтавана “Офісам за дэмакратычную Беларусь”