Старшыня Дэлегацыі ЕП па сувязях з Беларуссю Богдан Кліх: Амністыя ў ліпені пакажа палітычную волю беларускага кіраўніцтва

Інтэрв’ю са старшынём дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Богданам Кліхам (серыя: Еўрапейская палітыка ў асобах)

Для Богдана Кліха не цяжка пачаць ранак з размовы пра Беларусь нават тады, калі ён знаходзіцца ў адпачынку са сваёй сям’ёй. Ён з тых, хто лічыць паняцце “беларускі парламент” эўфемізмам і настойвае на тым, што беларускі рэжым – дыктатарскі.  Польскі дэпутат вельмі сур’ёзна ставіцца да сваіх абавязкаў, ён паслядоўны ў сваіх выказваннях і дзеяннях, і калі яго высілкі будуць недарэмнымі, то перад усім дзякуючы яго настойлівасці.

- Спадар Кліх, Вам падабаюцца беларусы?

- Натуральна. Палякі і беларусы гістарычна і культурна вельмі цесна звязаныя, у наш шмат агульнага і лёсы падобныя, напрыклад, драматычны час ХІХ-ХХ стст. У палякаў ды беларусаў ёсць вельмі багатая спадчына, якой яны вельмі ганарацца, абодва нашыя народы цяжка назваць вельмі прагматычнымі. Натуральна, што мне падабаюцца беларусы, наша падабенства заўсёды матывавала мяне развіваць адносіны з вашай краінай.

- Вы часта бываеце ў Беларусі?

- Раней дастаткова рэгулярна бываў. Мае палітычныя стасункі з Беларуссю паўсталі ў сярэдзіне 90-х гг., калі сумесна са Станіславам Шушкевічам і расійскім палітыкам Галінай Старавойтавай мы зладзілі семінар па дэмакратычным выбары для Беларусі. Гэта была мая першая непасрэдная сустрэча з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі, першы досвед, знаёмства з сітуацыяй у рэспубліцы, які не супадаў з маімі ўяўленнямі пра яе. Так і ўзнікла мая цікавасць да краіны.

Пасля я займаўся беларускім накірункам у саюзе польскіх няўрадавых арганізацый  Grupa Zagranica , які праз разнастайныя праекты абменьваўся з іншымі краінамі вопытам станаўлення дэмакратыі. Дзякуючы гэтай працы я пашырыў свае веды пра Беларусь, яе народ, беларускую апазіцыю. У 2002-2003 гг. у якасці намесніка старшыні камітэта па знешніх сувязях польскага Сейма я дапамагаў арганізоўваць сустрэчы ў Польшчы з беларускай дэмакратычнай апазіцыяй і ўдовамі палітыкаў, якія зніклі. Дзякуючы гэтай працы я паглыбіў свае веды пра Беларусь, яе народ і апазіцыю. Вельмі карыснай была мая вандроўка на Беларусь у 2003 г. падчас выбараў у мясцовыя саветы – разам з іншымі польскімі дэпутатамі мы шмат ездзілі па краіне.  

Апошні раз мне дазволілі ўезд у краіну ў 2004 годзе, у тым жа годзе я быў абраны прадстаўніком Польшчы ў Еўрапарламенце.

- Вы лічыце працу дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю эфектыўнай?

- Парадаксальным чынам, самае вялікае дасягненне дэлегацыі – гэта стратэгія Еўразвяза, што была абнародавана ў лістападзе 2006 г. Нашай стратэгічнай мэтай заўсёды было пераканаць Раду ЕЗ і Еўракамісію ў неабходнасці  больш настойлівай, больш пэўнай палітыкі ў дачыненні Беларусі. Не сакрэт, што магчымасці Еўрапарламента ўздзейнічаць на ўнутраныя справы Беларусі абмежаваныя, Рада ЕЗ і Еўракамісія валодаюць большым наборам. Так, прапанаваная стратэгія дэманструе ўражлівыя магчымасці супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Еўразвязам, дарожную мапу прынадлівых, новых адносін і ўмовы іх развіцця. 

- Не так даўно Рада ААН па правах чалавека адмяніла пасаду адмысловага дакладчыка па Беларусі, а што можа стаць з дэлегацыяй па сувязях з Беларуссю?

- У прынцыпе, з дэлегацыяй можа адбыцца ні што іншае, як змена палітычнага курсу. Пасля публікацыі стратэгіі ЕЗ, шматлікіх сустрэч з паслом Беларусі ў Бруселі Уладзімірам Сянько, пасля расколу ў аб’яднаных дэмакратычных сілах, пасля рашэння беларускага кіраўніцтва пра адкрыццё прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Мінску, мы думаем пра магчымасць пераехаць у беларускую сталіцу, мы не выключаем і ўзнікнення дыялога з боку Еўрапарламента. Калі дэлегацыя ўсё ж накіруецца ў Мінск, дык сустрэчы будуць запланаваныя як з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый і двух лагераў беларускай апазіцыі, а таксама з сябрамі новых партый, напрыклад, Беларускімі зялёнымі, так і з прадстаўнікамі адміністрацыі Прэзідэнта і так званымі беларускімі дэпутатамі. Нам неабходна больш інфармацыі пра тое, што адбываецца ў Беларусі, патрэбны дыялог з тымі, з кім мы яшчэ не мелі магчымасці яго весці. Але ўсё залежыць толькі ад Беларусі , на працягу апошніх гадоў нам або адмаўлялі ў візе, альбо мы не атрымлівалі адпаведнага дазволу, каб наведаць краіну. Мінск мусіць зрабіць важкія, сур’ёзныя крокі насустрач Захаду.  Тэстам палітычнай волі беларускіх улад, іх гатоўнасці да збліжэння стане амністыя ў ліпені, якую яны могуць скарыстаць для вызвалення палітвязняў. 

- Хіба афіцыйны Мінск яшчэ не робіць крокаў насустрач Захаду?

- Было зроблена некалькі адпаведных заяў, у прыватнасці пра новую палітыку і адкрытасць у дачыненні Захаду. Крокі, якія б маглі пацвердзіць гэтыя словы, пакуль нязначныя, самы важкі з іх – згода на адкрыццё прадстаўніцтва Еўракамісіі. Мы лічым, што гэтага недастаткова. У стратэгіі Еўразвязу ясна гаворыцца пра тое, што мы чакаем паляпшэння ў першую чаргу ў чатырох абласцях: вызваленне палітычных вязняў і стварэнне ўмоў для грамадскага дыскурсу (свабода слова, сходаў і аб’яднанняў). Пакуль гэтыя ўмовы не створаны, пра супрацоўніцтва размаўляць немагчыма. 

- Спадар Кліх, Вы прывезлі б сваю сям’ю ў адпачынак у Беларусь?

- З вялікім задавальненнем. Было б цудоўна правесці тыдзень у беларускай частцы Белавежскай пушчы. Яшчэ я шмат чаго чуў пра беларускі азёрны край. У вас вельмі прыгожая краіна!

Богдан Кліх нарадзіўся ў Кракаве. Скончыў Кракаўскі медыцынскі універсітэт, у 1987 г. атрымаў ступень магістра гісторыі мастацтваў у Ягелонскім універсітэце. 1989-1999 г. – дарадца магістра гісторыі мастацтваў у Ягелонскім універсітэце. 1989-1999 – дарадца прадстаўніка Польшчы па ўступленні ў ЕЗ, 1999-2000 гг. – дарадца намесніка міністра нацыянальнай бяспекі, 2001-2004 гг. – сябра польскага сейма, дэпутат Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы. З 2004 г. з’яўляецца дэпутатам Еўрапарламента, кіраўнік дэлегацыі па сувязях з Беларуссю. Богдан Кліх з’яўляецца таксама сябрам Інстытута міжнародных стратэгічных даследаванняў (Лондан). 

 

 

 

21/06/2007

 

Пытанні задавала Марына Рахлей

Падрыхтавана “Офісам за дэмакратычную Беларусь”