Польшча скарысталася старшынствам у ЕС, каб прапагандаваць сваю культуру

Што ў далейшым, мяркуе польскі амбасадар у Беларусі, можа прывесці да паразумення ў пэўных палітычных рэчах.

Праз некалькі дзён у Мінску распачынаецца “Міжнародная культурная праграма польскага старшынства ў Еўрасаюзе”. Прэзентуючы яе, амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка шчыра прызнаўся, што яго краіна выкарыстоўвае “службовае становішча” для прапаганды польскай культуры ва ўсім свеце.

Лешак Шарэпка: “Мы першы раз у гісторыі ўзялі на сябе гэтыя абавязкі і з першага ліпеня мы старшынюем у Еўрасаюзе. І мы, выкарыстоўваючы гэтую магчымасць, асаблівую ўвагу звярнулі на культурніцкую частку нашага старшынства. Мы абралі 10 сталіц свету, дзе мы асабліва паспрабуем паказаць польскую культуру”.

Сярод іх — Лондан, Берлін, Мадрыд, Токіа, Пекін, Брусэль, Парыж, Масква, Кіеў... Але для польскага амбасадара ў Беларусі ў сённяшніх палітычных умовах найбольш важным адрасам гэтай праграмы з’яўляецца Мінск.

Лешак Шарэпка: “Звычайна амбасады займаюцца тым, што арганізоўваюць розныя візіты. Але зараз мы пра візіты не надта часта гаворым. І мы свой дыпламатычны “рэзерв” кінем у накірунку культурным. Культура заўсёды дапамагае людзям лепш зразумець адзін аднаго. І калі будзе такое разуменне — можна гаварыць на мове адных каштоўнасцяў. А далей — можна дайсці і да нейкіх агульных палітычных рэчаў. Вось на такі станоўчы эфект у будучыні мы ад гэтай праграмы і спадзяемся”.

У праграме гэтага міжнароднага мерапрыемства і шэраг выстаў, і творчыя майстэрні, і паказ спектакляў ды фільмаў, канцэрты сімфанічнай і класічнай музыкі. Усяго таго “польскай вытворчасці”, з чым не так каб надта добра былі знаёмыя беларусы. Прызнаючы гэты факт, намеснік міністра культуры нашай краіны Тадэвуш Стружэцкі выказаў спадзяванне на пашырэнне супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі.

Тадэвуш Стружэцкі: “Мы зацікаўленыя ў пашырэнні сістэмнага культурнага супрацоўніцтва, мы зацікаўленыя больш шырока прадставіць беларускую культуру ў Польшчы. Але мы гатовыя ствараць неабходныя ўмовы для шырокай прэзентацыі польскай культуры і ў Беларусі”.

Дарэчы, ад пачатку заяўлялася, што ў гэтым брыфінгу возьме ўдзел міністр культуры Павел Латушка, але ён чамусьці не з’явіўся. Затое ягоны намеснік, рэкламуючы хуткае адкрыццё пасля рэканструкцыі палаца ў Нясвіжы, выступіў з прапановай да прадстаўнікоў польскага боку.

Тадэвуш Стружэцкі: “Мы вяртаемся да старой нашай ідэі-прапановы, вельмі актуальнай сёння, аб арганізацыі сумеснай выставы з калекцыі твораў Радзівілаў. Думаю, што гэта была б вельмі знакавая падзея і для Польшчы, і для Беларусі — выстава, якая ўпершыню магла б аб’яднаць раскіданую калекцыю партрэтаў Радзівілаў, што знаходзяцца ў Беларусі, у Польшчы, у іншых краінах свету”.

Амбасадар Шарэпка у адказ прамаўчаў, даючы зразумець беларускаму чыноўніку, што гэта — перспектыва на будучыню. Пакуль жа галоўнае — каб усё, што мае адбыцца ў межах “Міжнароднай культурнай праграмы”, прайшло без канфузаў. Бо сярод іншага запланаваныя паказы спектакляў, для якіх неабходная пляцоўка, не меншая за сцэну Палаца спорту. Беларусы ж да такіх маштабаў у тэатральным мастацтве не звыклыя. Ёсць шэраг і іншых сюрпрызаў, кажа Алена Здобнікава, эксперт Польскага інстытута ў Мінску.

Алена Здобнікава: “Мы падрыхтавалі некалькі сюрпрызаў. Адзін з іх — канцэрт найбольш цяпер вядомага і папулярнага ў Польшчы гурта Zakopower, які спалучае ў сваёй творчасці вельмі розныя стылі. Пачынаючы ад этна-фолька — да рока. Гэта праект падаецца нам вельмі цікавым і адбудзецца напрыканцы лістапада”.

А вось на думку знанага польскага кінарэжысёра Кшыштафа Занусі, само гэтае мерапрыемства можа ў выніку паднесці сюрпрыз Беларусі.

Кшыштаф Занусі:
“Калі краіна адкрываецца, з’яўляюцца кантакты — тады прыходзяць і перамены ў мышленні. І прыходзіць, нарэшце, перамена сістэмы. Бо дэмакратыя патрэбная не для інтэлектуалаў, а свабода — не для свабоды, а толькі — для развіцця”

Мерапрыемствы ў межах “Міжнароднай культурнай праграмы” будуць як бясплатныя, так і па квітках. Апошняе тычыцца спектакляў ды канцэртаў. Але арганізатары сцвярджаюць, што кошты на квіткі будуць даступныя.

euroradio.fm