Інтэрв’ю з намеснікам кіраўніка дэлегацыі па адносінах з Беларуссю Алдзісам Кушкісам (серыя: Еўрапейская палітыка ў асобах)
"Алдзіс", – адказвае па тэлефоне латвійскі дэпутат Еўрапарламента, намеснік дэлегацыі па сувязях з Беларуссю Алдзіс Кушкіс. Беларускае пытанне ён бярэ блізка да сэрца, яго рашучасць дзейнічаць радніцца з піянерскім “заўжды гатовы!” у лепшым сэнсе. Ён хутчэй душэўны і эмацыянальны палітык. Усё гэта ў сукупнасці робіць яго заявы дастаткова бескампраміснымі для таго, каб забяспечыць забарону на ўезд у Беларусь.
-Спадар Кушкіс, якую пару года Вам нагадвае Беларусь?
- Мне падаецца, беларусы падобныя да вясны – яны абудзіліся, дзейнічаюць, рэагуюць. Саму краіну я ўяўляю зледзянелай і замерзлай, глыбокай снежнай зімой. Гэта небяспечны час для вясновых красак. Аляксандра Лукашэнку цяжка параўнаць з Дзедам Марозам, ён не станоўчы герой, аднак нельга ігнараваць законы прыроды. Вясна надыдзе непазбежна.
- Адкуль цікавасць да сітуацыі, якую Вы называеце “беларускай зімой”? Гэта прафесійнае
ці асабістае?
- Я – незалежны чалавек і вельмі люблю свабоду. Мне падаецца, галоўная каштоўнасць – гэта свабода выбару. Я веру, што неабходна зрабіць усё магчымае, каб ва ўсіх дзяржавах існавала свабода і магчымасць выбіраць. Калі вы маеце такія мэты – далёка хадзіць не трэба. Беларусь – наша непасрэдная суседка, у нас 50 год супольнай гісторыі. Усё, што мне патрэбна, чаго я хачу, і чаго намагаюся дасягнуць, – гэта дапамагчы сябрам. Не магу сказаць, што мы штовечар абмяркоўваем сітуацыю ў Беларусі з маімі роднымі, я і сваю
сям’ю бачу не кожны вечар, але мы размаўляем пра Беларусь. Жонка распытваецца пра праекты, цікавіцца, чаму мы штосьці падтрымалі, чым занятыя, але я не так часта бываю дома, каб і там размаўляць пра палітыку.
- У Вас ёсць у Беларусі сябры?
- У мяне ёсць шмат знаёмцаў з Беларусі. Я з задавальненнем наведаў бы краіну і асябраваў з беларусамі. Гэта дзіўная нацыя, цікавыя, таленавітыя людзі. З яе прадстаўнікамі я сустракаўся ў Рызе, Бруселі і Страсбуры. Для беларускіх улад я – персона нон грата і не
магу прыехаць да вас. У нармальнай сітуацыі я меў бы магчымасць прыехаць у Беларусь, пазнаёміцца з краінай, каб лепш яе зразумець. Калі мяне баяцца, дык чаму? Пра што клапоцяцца?
- Як бы Вы ацанілі журналісцкую працу – наколькі аб’ектыўна піша пра Беларусь еўрапейскі друк? І наадварот, ці імкнуцца беларускія калегі пісаць пра Еўропу адэкватна?
- Немагчыма казаць пра 100- адсоткавую аб’ектыўнасць абодвух бакоў. У Еўропе існуюць розныя ўзроўні разумення Беларусі, што добра, натуральна, але цалкам традыцыйна. Акрамя таго, журналісты больш ведаюць пра сітуацыю у Беларусі, чым у Латвіі ці Партугаліі, якія з’яўляюцца сябрамі ЕЗ. Для еўрапейскіх журналістаў навіны – гэта перш за ўсё дрэнныя навіны, і паколькі ў Беларусі пастаянна адбываецца нешта негатыўнае, СМІ бяруцца асвятляць падзеі, пішуць пра гэту краіну часцей. Ва ўсялякім разе ў мяне складаецца такое ўражанне, статыстыкі я не маю. Калі аналізаваць беларускія медыі,
дык трэба асобна разглядаць дзяржаўныя газеты, што складаюць 90%, калі не ўсе 100 %. Дзяржаўны друк падае, безумоўна, некаторыя сапраўдныя факты, але ў асноўным яго матэрыялы – прыдумка. Друк, які можна назваць амаль незалежным, больш ці менш
слушна адлюстроўвае еўрапейскія падзеі. Незалежныя СМІ практычна існуюць толькі ў Інтэрнэце.
Большая частка беларускага вольнага друку працуе сёння ў сусветным сеціве, бо там яго
складана кантраляваць.
-Як дэпутат Еўрапарламента вы маглі б больш актыўна займацца Беларуссю? А можа наадварот, трэба менш увагі надаваць беларускаму пытанню?
- Няма падставаў зніжаць абароты, і мы робім усё магчымае. У мяне асабіста ёсць розныя абавязкі і прыярытэты. Напрыклад, я працую ў складзе камітэтаў па навакольным асяроддзі, транспарце ды турызме. Сярод важных пытанняў нацыянальнай палітыкі я бачу неабходнасць адукоўваць калег у гісторыі Латвіі і іншых балцкіх краін, паказваць і
асуджаць таталітарны характар савецкага рэжыму, вывучаць гісторыю наогул. Яшчэ я займаюся Украінай. На жаль, беларускаму пытанню не надаецца пільнай і дастатковай увагі ў Еўропе. Мы шмат што робім, каб гэта паправіць. Ёсць фазы, калі працы больш ці
менш, стадыі планавання, распрацоўкі праектаў, іх рэалізацыі. Але наперадзе працы яшчэ больш – Беларусь усё яшчэ не сярод самых важных пунктаў павесткі дня.
Алдзіс Кушкіс – дэпутат Еўрапарламента ад Латвіі (Фракцыя Еўрапейскай народнай
партыі (Хрысціянскія дэмакраты) і Еўрапейскіх дэмакратаў) і намеснік кіраўніка дэлегацыі па сувязях з Беларуссю з 2004 г. Нарадзіўся ў 1965 г. у Рызе. У 1981-1995 працаваў дзіджэем, з 1996 па 2002 г. займаў розныя пасады ў рэкламнай агенцыі "Lowe
Age" , пазней – у тэлекамунікацыйнай кампаніі "Baltkom". У кастрычніку 2002 – сакавіку 2004 быў дэпутатам парламента Латвійскай Рэспублікі. З сакавіка 2004 года ўзначальвае
аддзел міжнародных сувязей нацыянал-кансерватыўнай партыі “Новы час”. Размаўляе па-
латышску, руску і ангельску.
Жанаты, мае дачку і сына.
Пытанні задавала Марына Рахлей