Міраслаў Лайчак: “Мы хочам нармалізацыі сытуацыі ў Беларусі і павагі да еўрапейскіх каштоўнасцяў”

Міраслаў Лайчак, высокі прадстаўнік Еўрапейскай службы замежнапалітычнай дзейнасці, у інтэрвію нашаму радыё выказаў упэўненасць, што санкцыі, уведзеныя ЕС у адносінах да прадстаўнікоў афіцыйнага Мінску, прыносяць плён.

На думку Лайчака, апошнія акцыі маўклівага пратэсту ў Беларусі сведчаць, што Аляксандар Лукашэнка траціць свой татальны кантроль над краінаю:

“Гэта дае нам вельмі ясны сігнал, што рэжым траціць кантроль. Яно відаць, у прыватнасці, з таго, што апошнія дэманстрацыі не былі абумоўленыя палітычнымі матывамі, а былі выкліканыя цяжкім эканамічным і сацыяльным становішчам людзей. Вось жа тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, мае вялікае значэнне”.

З леташняга снежня Міраслаў Лайчак займае пасаду дырэктара-распарадчыка ў пытаньнях Расіі, “Усходняга партнэрства” і Заходніх Балканаў у новай дыпляматычнай структуры ЕС – Еўрапейскай службе замежнапалітычнай дзейнасьці. Сярод іншага Лайчак працаваў і над  фармуляваньнем брусэльскага адказу ўладам Беларусі пасьля гвалтоўнага здушэння паслявыбарчых пратэстаў.

На сённяшні дзень у спіс прадстаўнікоў афіцыйнага Мінску, на якіх пашыраюцца візавыя і фінансавыя санкцыі ЕС, уключаныя 193 чалавекі і 3 юрыдычныя асобы.
Гэта дае нам вельмі ясны сыгнал, што рэжым траціць кантроль.

У інтэрвію нашаму радыё Лайчак адмовіўся спэкуляваць на тэму, ці дапоўняць міністры замежных справаў краін ЕС названы спіс – у адказ на рэпрэсіі ўладаў Беларусі ў адносінах да ўдзельнікаў маўклівых пратэстаў:

“Я думаю, прынятыя меры працуюць. Гэта прызнаюць дэмакратычныя сілы ў Беларусі. Гэта меры, якія не даюць вынікаў адразу, але няма сумневу, што яны прыносяць плён. Няма сумневу, што рэжым вельмі добра разумее і адчувае ўсе гэтыя меры. Мы стараемся, каб нашыя пасланні рэжыму ў Мінску былі гранічна ясныя. Мы не будзем мець з ім дачыненняў да часу, пакуль ён не вызваліць і не рэабілітуе ўсіх палітычных вязняў”.

У інтэрвію “Свабодзе” Лайчак таксама адрэагаваў на нядаўнія словы Аляксандра Лукашэнкі пра гатовасць выслаць усіх беларускіх палітвязняў у  ЕС:

“Мы прызвычаіліся да дзіўных, смешных, несур’ёзных Лукашэнкавых заяваў, і гэтая заява – адна з такіх. Мы хочам нармалізацыі сытуацыі ў Беларусі і павагі да еўрапейскіх каштоўнасцяў, да закону, да правоў, якія гарантаваныя грамадзянам Беларусі іх канстытуцыяй, аднак не забяспечваюцца ў рэальным жыцці. Гаворка не пра тое, што ЕС  хоча забраць тую ці іншую асобу і прыняць яе на нашай тэрыторыі, гаворка пра тое, каб палепшыць умовы для жыцця людзей у Беларусі. Такіх сігналаў і знакаў мы чакаем ад Мінску, але дасюль не атрымліваем”.

Еўрапейская служба замежнапалітычнай дзейнасці пакуль што ўстрымліваецца ад далейшых абмежавальных захадаў у адносінах да афіцыйнага Мінску, у прыватнасці ад выключэнья Беларусі з праграмы “Ўсходняе партнэрства”. Міраслаў Лайчак падкрэсліў, што пры кожным наступным кроку з боку ЕС трэба ўлічваць узьдзеянне, якое ён можа мець для беларускага жыхарства:

“Пры нашых намаганнях мы стараемся дакладна вывяраць падыходы, каб быць цвёрдымі ў адносінах да рэжыму і да тых, хто асабіста бярэ ўдзел у антыдэмакратычных дзеяннях, і ў той жа час не пакараць невінаватых грамадзянаў, не адказных за тое, што адбываецца. Вось жа ўсе прапановы, якія мы разглядаем, ацэнваюцца менавіта з гэтай пэрспэктывы”.

Радыё Свабода