КАМІСАР БЕНІТА ФЕРЭРА-ВАЛЬДНЭР: МЫ ЧАКАЕМ АД МІНСКА БОЛЬШ РАШУЧЫХ КРОКАЎ

Інтэрв’ю з камісарам Еўразвязу Бенітай Ферэра-Вальднэр (Серыя: “Еўрапейская палітыка ў асобах”)

Камісар ЕЗ па знешняй палітыцы Беніта Ферэра-Вальднэр (Аўстрыя) заўсёды элегантная. Да яе твару пасуюць усе колеры і адценні – туркусовы, белы, пурпурова-чырвоны (кармін), бледна-ружовы. За абаяльную ўсмешку камісара называюць Ферреро-Кюсхен (ад ням. пацалунак) па назве шакаладнай цукеркі з лясным гарэхам. Палітык не толькі народжаная ў адзін дзень з такімі мыслярамі як Сёрэн Кьеркегор і Карл Маркс, яна стала першай жанчынай – міністрам замежных спраў у Аўстрыі.  

ОДБ: Спадарыня Ферэра-Вальднэр, Вы згодная з меркаваннем некаторых, што ЕЗ і ЗША зрабілі для беларускага народа больш, чым беларускія палітычныя партыі і рухі? 

БФВ: У сітуацыі, што мы маем, кожны з бакоў робіць усё, што яму пад сілу, каб вывесці краіну з самаізаляцыі. Еўракамісія фінансуе праекты тэле- і радыёвяшчання, інтэрнэт-праекты на беларускай і рускай мовах, якія з’яўляюцца дадатковай крыніцай інфармацыі для беларусаў. Мы таксама падтрымліваем студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага універсітэту ў выгнанні ў Вільні, а таксама беларускіх студэнтаў у Польшчы і ва Украіне. Акрамя таго, істотны памер мае падтрымка праграмы па пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, дапамогу маюць таксама сацыяльныя і адукацыйныя праекты, праекты па развіцці грамадзянскай супольнасці. 

ОДБ: Якое значэнне маюць вынікі пасяджэння кіраўнікоў дзяржаў краін ЕЗ – Еўрапейскай Рады ў чэрвені  2007 для беларусаў?

БФВ: Еўрапейская рада зрабіла чарговую заяву пра важнасць Еўрапейскай палітыкі добрасуседства для падтрымкі стабільнасці, росквіту і бяспекі ў краінах-суседзях ЕЗ. Быў дасягнуты значны прагрэс у эканамічным, фінансавым, тэматычным, рэгіянальным і грамадскім складальніку гэтай палітыкі, у падмурку якой палягаюць дэмакратычныя прынцыпы, правы чалавека і вяршэнства закона.  

Мы заўсёды выказвалі гатоўнасць бачыць Беларусь у якасці паўнапраўнага партнёра ў рамках палітыкі добрасуседства: гэты варыянт адпавядае інтарэсам абодвух бакоў, беларускі народ у гэтай сітуацыі толькі выйграў бы. Умовай для збліжэння застаюцца дэмакратычныя рэформы.

ОДБ: Ці задаволеныя Вы тым, як дачыненні паміж Еўразвязам і Мінскам развіваюцца цяпер? Ці гатовыя абодва бакі да большага?

БФВ: Мы віталі вызваленне некаторых палітычных вязняў і дазвол на адкрыццё ў Мінску прадстаўніцтва Еўракамісіі. Наступным крокам адбудзецца падпісанне адпаведнага пагаднення. Аднак дзеля таго, каб кардынальна палепшыць адносіны, мы чакаем ад Беларусі больш рашучых дзеянняў. Мы лічым абсалютна неабходным вызваленне ўсіх палітвязняў, а таксама дзейсныя крокі па выкананні правоў чалавека і свабоды друку, павазе вяршэнства закону, а таксама ўнясенню змяненняў у Выбарчы кодэкс.  

Акрамя таго, Беларусі неабходна выконваць правы працоўных, у прыватнасці, свабоду асацыяцый. Еўракамісія ўпершыню ўзняла гэта пытанне чатыры гады таму. На жаль, з боку беларускіх улад не было ніякіх канкрэтных дзеянняў па выкананні правоў прафсаюзаў, нягледзячы на неаднаразовыя звароты з боку Міжнароднай арганізацыі працы (МАП). Спадзяёмся, што беларускія ўлады здолеюць забяспечыць  выкананне правоў беларускіх працаўнікоў. У іх руках (улады) адмена рашэння пра прыпыненне дзеяння для Беларусі гандлёвых ільготаў – сістэмы генеральных прэферэнцый: як толькі краіна стане выконваць абавязальніцтвы, узятыя на сябе ў рамках МАП,  Еўракамісія зробіць прапанову ўзнавіць дзеянне ільготаў.

Пасля рашучых дзеянняў з боку афіцыйнага Мінску мы можам зрабіць наступны лагічны крок – пачаць перамовы пра распрацоўку так званага плана дзеянняў у межах палітыкі добрасуседства (ENP Action Plan).

ОДБ: Чаму стратэгія Камісіі дачынна Беларусі называецца ‘non-paper’, не афіцыйны дакумент? Як зменіцца сітуацыя ў краіне, калі будуць выкананы 12 ўмоваў, што сфармуляваны ў стратэгіі?  

БФВ: Паколькі беларускія ўлады абралі для краіны шлях самаізаляцыі, мы падрыхтавалі пасланне народу Беларусі, дзе распавялі пра перавагі, што беларусы атрымаюць праз супрацоўніцтва з ЕЗ на аснове рэальнай дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закона.

Калі б у Беларусі паважалі гэтыя каштоўнасці, мы змаглі б разам працаваць над падвышэннем узроўню жыцця беларускіх грамадзян. Сярод пераваг можна назваць новыя гандлёвыя сувязі і працоўныя месцы, павышэнне якасці медыцынскага абслугоўвання і адукацыі, транспартнай сістэмы і энергазабеспячэння, а таксама ўмацаванне міжнародных сувязей.  

ОДБ Вы былі калі-небудзь у Беларусі?

БФВ: Не, ніколі.

ОДБ: Як Камісар ЕЗ, што пажадалі б Вы Еўропе ў дачыненнях з Беларуссю?

БФВ: Як еўрапейскі Камісар па знешняй палітыцы і палітыцы добрасуседства я пажадала б Еўразвязу перагарнуць новую старонку ў адносінах з Беларуссю. Гэта было б на карысць абодвум бакам, але найперш беларусам, якія на сённяшні момант страчваюць шмат магчымасцей.  

Я была б радая падпісаць з Беларуссю пагадненне аб партнёрстве, якія мы падпісалі з усходнімі суседзямі Малдовай ды Украінай. Я была б толькі радая, калі б ваша краіна атрымала магчымасць скарыстацца перавагамі больш цесных гандлёвых сувязей  з ЕЗ, палегчыць сваім грамадзянам выезд у краіны ЕЗ, палепшыць іх дабрабыт з дапамогай праграм палітыкі добрасуседства.

Беніта Ферэра-Вальднэр выконвае абавязкі еўрапейскага Камісара па знешняй палітыцы і палітыцы добрасуседства з лістапада 2004 года.

Нарадзілася ў 1948 пад Зальцбургам, Аўстрыя. Скончыла юрыдычны факультэт Універсітэта Зальцбурга, мае доктарскую ступень. Да 1984 г. працавала ў прыватным сектары, пасля перайшла на дыпламатычную службу. У розны час займала пасады ў аўстрыйскіх дыпламатычных прадстаўніцтвах у Іспаніі, Сенегале, Францыі; у МЗС Аўстрыі. 1993-1995 гг. – старшыня пратакольнага дэпартаменту ААН, 1995-2000 – намесніца міністра замежных спраў Аўстрыі, 2000-2004 гг. – міністр замежных спраў. З’яўляецца сябрам кансерватыўнай Аўстрыйскай народнай партыі. Валодае ангельскай, іспанскай, італьянскай і французскай мовамі. Замужам. Яе хобі – ровар, плаванне і чытанне.

 

Пытанні задавала Марына Рахлей

Падрыхтавана “Офісам за дэмакратычную Беларусь”