Інтэрв'ю з Вольгай Стужынскай – заснавальніцай “Офісу за дэмакратычную Беларусь” у Бруселі.
Ці ведаеце вы, што ў самым сэрцы Еўропы, усяго ў трох хвілінах хады ад Еўрапейскага парламенту знаходзіцца прадстаўніцтва Беларусі? Дакладней, прадстаўніцтва беларускай грамадзянскай супольнасці і называецца яно “Офіс за дэмакратычную Беларусь”. Больш за 5 гадоў гэтая няўрадавая арганізацыя тлумачыць еўрапейскім палітыкам, што адбываецца па той бок “Шэнгенскага муру” ды намагаецца зрабіць Еўропу больш даступнай і зразумелай для беларусаў. Мы парпануем вашай увазе размову са стваральніцай “Офісу за дэмакратычную Беларусь” Вольгай Стужынскай.
Вольга Стужынская, выпускніца Коласаўскага ліцэю, дачка вядомага гісторыка Ніны Стужынскай, прыехала ў Брусель у 2001 годзе. Студэнтка эканамічнага факультэту БДУ плянавала пражыць у сталіцы Еўропы паўгода, але не ведала, што застанецца тут больш чым на 10 гадоў і зробіць бліскучую кар’еру.
В. Стужынская: Я ехала сюды па праграме “Au Pair” – даглядаць дзяцей сям’і дыпламатаў, якія раней працавалі ў Беларусі. Гэта была сям’я, з якой мы сябравалі яшчэ ў Мінску. Яны запрасілі мяне прыехаць у Брусель на паўгода. І вось ужо 10 гадоў, як я тут. Я скончыла Мэрылэндзкі ўніверсытэт у Бруселі, стажыравалася ў Еўрапейскім парламенце. Потым амаль 2 гады працавала ў Парламенцкай асамблеі NATO, а ў 2006 годзе мы зарэгістравалі “Офіс за дэмакратычную Беларусь”.
Стварыць арганізацыю, якая б распавядала эўрапейскім чыноўнікам пра Беларусь, Вольга Стужынская вырашыла пасьля драматычных выбараў 2006 году. Эўрапейскія палітыкі тады абсалютна ня ведалі й не разумелі, што адбываецца ў Менску – прызнаецца Вольга Стужынская.
В. Стужынская: Інфармацыйная роля была тады галоўнай. Таксама мы дапамагалі прадстаўнікам беларускіх палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў, СМІ ладзіць візіты ў Брусель, выступы ў Еўрапейскім парламенце, закрытыя спатканьні.
2008-2010 гады – гэта час славутай лібералізацыі. Мы пачалі весці праекты, ў якіх удзельнічалі таксама і прадстаўнікі розных беларускіх міністэрстваў. Як прыклад можна назваць праграму “Беларусь і ЕС: дзелімся досведам”. Спадзяемся, што мы здолеем працягуць гэты праект і ў будучым годзе. Сёння мы рэалізуем вялікі праект “EU-Belarus Task Force”, які ўключае ў сябе як інфармацыйную кампанію, так і кансультацыйныя сустрэчы, а таксама кампанію па зніжэнню коштаў візаў, якую мы вядзем не першы год.
Як жа фінансуецца “Офіс за дэмакратычную Беларусь”? Ніякіх сакрэтаў няма – кажа Вольга Стужынская.
В. Стужынская: Спачатку гэта былі невялікія гранты ад абсалютна розных фондаў. Цяпер фінансаванне набыло сталы характар – бо арганізацыі ўжо даволі шмат гадоў і яна добра сябе зарэкамэндавала. Мы атрымліваем фінансаваньне ад Еўрапейскай камісіі. Таксама мы падтрымліваем супрацоўніцтва з урадамі Швецыі й Даніі. Невялікая частка фінансавання ідзе ад амерыканскага ўраду, але яно мінімальнае.
Як прызнаецца дырэктарка “Офісу за дэмакратычную Беларусь”, ні беларуская амбасада ў Бруселі, ні ўлады ў Мінску не перашкаджаюць дзейнасці арганізацыі. Афіцыйная і неафіцыйная амбасады суіснуюць мірна. Аднак пасля 19 снежня пэўнасці ў тым, што ўсе запланаваныя праекты будуць рэалізаваныя, на жаль, няма – канстатуе Вольга Стужынская.
А што ж пра нас думае Еўропа? Еўрасаюз стаміўся і проста не ведае што рабіць зь Беларуссю. Ні пуга, ні пернік ніякіх эфектаў не далі – кажа Вольга Стужынская.
В. Стужынская: Эўразьвяз спрабаваў як ізаляваць, так і весьці дыялёг зь Менскам. А вынік – мінімальны. Сёння ЕС пачынае разумець, што патрэбны дыялёг з шырокай часткай беларускага грамадзтва, якая не прадстаўлена ні ўладай, ні палітычнай апазыцыяй. З большай часткай беларускага грамадзтва дыялёг не вядзецца, бо яна нікім не прадстаўлена. У бліжэйшай будучыні мы арганізуем круглы стол з удзелам беларускіх і міжнародных экспэртаў, а таксама прадстаўнікоў Эўрапейскай камісіі, такіх як камісар Фюле. Мэтай сустрэчы будзе выпрацаваць новыя рэкамэндацыі наконт таго, як будаваць дыялёг зь Беларусьсю. Не трэба праводзіць дыялогу толькі з уладамі, альбо дыялогу толькі з палітычнай апазіцыяй. Еўропа павінна пашукаць шляхі супрацоўніцтва з большай часткай беларускага грамадства.
Нягледзячы на тое, што ў Бруселі Вольга Стужынская працуе ўжо 10 гадоў, на Радзіму яна ездзіць вельмі часта і добра разумее, што адбывецца дома.
В. Стужынская: Я бываю ў Мінску амаль кожны месяц. Я лічу гэта вельмі важнай часткай сваёй працы. Я езджу, каб разумець, што адбываецца ў краіне, каб мець мажлівасць размаўляць з прадстаўнікамі самых розных групаў, каб адсочваць нават невялікія змены і тэндэнцыі, каб правільна рабіць аналіз сітуацыі і правільна тлумачыць яе ў Бруселі.
Ці ёсць у сэрцы Еўропы іншыя беларусы? Вядома, ёсць, але разам не трымаюцца – прызнаецца Вольга Стужынская.
В. Стужынская: Беларусы не шукаюць адзін аднаго. Бывае вельмі дзіўна, калі твае сябры-замежнікі пытаюць: “Ведаеш, у банку за вуглом працуе аналітык? Ён беларус. Вы не знаёмыя?” Я была ў тым банку й нават размаўляла з гэтым чалавекам, ён ведаў, што я зь Беларусі, але ён не прызнаўся! Вельмі крыўдна бачыць, як летувісы збіраюцца разам глядзець валейбол, ладзяць нацыянальныя вечарыны; актыўна праводзяць свае мерапрыемствы палякі ды ўкраінцы ( у Бруселі нават ёсць украінская крама), а мы, беларусы, нават сабрацца разам не можам!
“Офіс за дэмакратычную Беларусь” ахвотна запрашае маладых беларусаў на стажыроўку. “Нас цікавяць перадусім людзі, якія збіраюцца пазней вярнуцца на Радзіму альбо працаваць дзеля Беларусі. Краіне вельмі патрэбныя адукаваныя людзі”, - падкрэслівае Вольга Стужынская.
Аляксандар Папко, Брусель
Фота: Аляксей Братачкін (Новая Эўропа)
Беларуска ў сэрцы еўрапалітыкі (фота)
пан, 2011-11-21 14:53
radyjo.net